weather

USD 2.5534

EURO 3.0175

RUR(100) 3.3398

search

Развагі, на якія падштурхнуў верш “Ці дажывем?”

Верш ганцавіцкай паэткі Cвятланы Локтыш “Ці дажывем?”, які я прачыла на літаратурнай старонцы “Пралеска” ў “Ганцавіцкім часе” за 21 кастрычніка 2014 года,  вядома ж, быў напісаны пасля знакамітай заявы Прэзідэнта пра тое, што дзяржава прымусіць “тунеядцев” працаваць. Кожны з нас разумее, чым гэта выклікана. У дзяржаўным бюджэце не хапае сродкаў, каб утрымліваць звыш 2,5 мільёнаў пенсіянераў, больш за 20 тысяч дзяцей-сірот, звыш 60 тысяч інвалідаў.

Штрафы, якія ўводзяцца на кожным кроку, ужо мала дапамагаюць. У сельскай гаспадарцы катастрафічна не хапае спецыялістаў. З-за недахопу іх сельская гаспадарка нясе велізарныя страты. Толькі за 2013 год яны ацэньваюцца ў Беларусі ў 14 трыльёнаў рублёў (афіцыйна агучаная лічба)! А калі страты падлічыць ва ўсіх сферах эканомікі, то я ўжо губляюся ў лічбах – столькі нулёў будуць мець яны.

Але ж рашыць праблему дармаедства, як прапануе дзяржава, на мой погляд, не атрымаецца.

Па-першае, называць дармаедамі ўсіх, хто не плаціць афіцыйна падаткаў у дзяржаўную казну, мы не маем права. Тое, што чыноўнікі заяўляюць, што яны (бамжы і беспрацоўныя) карыстаюцца ўсімі дабротамі і паслугамі дзяржавы бясплатна, не зусім правільна. Нават самы апошні бомж, калі ён недзе дабудзе грошай на “чарніла” і буханку хлеба (дзе падзаробіць якой-небудзь часовай работай, нават “насшибает” некалькі тысяч), ён усё роўна ўжо не поўны нахлебнік на шыі дзяржавы. Аднак яны ж, непрацуючыя, нават бамжы, плацяць падаткі (праўда, толькі меншыя, чым працуючыя), купляючы ў магазінах тое ж “чарніла”, тыя ж хоць якія-небудзь сціплыя прадукты харчавання, бо ў кошце любога тавару ўжо закладзены падатак на дабаўлены кошт, а таксама акцыз. А яны (дабаўлены кошт + акцыз) і складаюць 49,3% нашага бюджэту. Так што нават гэтыя дармаеды (тунеядцы) – удзельнікі працэсу павышэння нашага дабрабыту.

А калі ўлічыць, што пераважная колькасць гэтай катэгорыі нашых суграмадзян яшчэ і заядлыя курцы, то яны, адпаведна, добра папаўняюць бюджэт, набываючы цыгарэты ў крамах. А гэта вельмі істотная галіна папаўнення бюджэту. Таму гэта падштурхоўвае мяне на думку, што наша дзяржава толькі на словах клапоціцца пра здароўе нацыі, асабліва той яе часткі, якая курыць. Аб гэтым сведчыць і той факт, што пры сённяшнім дэфіцыце сродкаў на мадэрнізацыю прадпрыемстваў для таго, каб мадэрнізаваць Гродзенскую тытунёвую фабрыку, грошы знайшліся.

Зноў жа толькі дэкларацыяй выглядае клопат пра здароўе нацыі. Паназіраўшы, як райпоўскія машыны адна за адной вязуць у магазіны напой пад назвай у прастанароддзі “чарніла” (на самай справе ў ім няма амаль нічога ад напою, які імянуецца ва ўсім свеце віном), дык міжволі прыходзіш да думкі, што дзяржаве выгадна мець шмат п’яніц. Бо калі прыкінуць, колькі каштуе вытворчасць “чарніла” і тое, па якой цане яно прадаецца, то падатак ад алкаголікаў дзяржава атрымлівае немалы.

Прэзідэнт кажа, што дармаедаў і бамжоў прымусяць працаваць. Як бы не так! Прыпомнім, як у нас ідуць справы з нядбайнымі бацькамі, якіх сілком прымушаюць працаваць, каб ім было чым плаціць дзяржаве за ўтрыманне іх дзяцей. Амаль да кожнага з іх трэба прыстаўляць міліцыянера, каб суправаджаў на работу. А які галаўны боль такія работнікі для кіраўнікоў прадпрыемстваў!

Па-мойму, частку гэтых асацыяльных элементаў трэба спачатку абмыць, абстрыгчы, падвергнуць медагляду і змясціць у лячэбніцы. Бо многія з іх знаходзяцца ўжо ў такім стане, што фізічна наўрад ці змогуць працаваць.

А што да астатніх “тунеядцев”, так званых ценевікоў, дык іх, па-мойму, у любы час, каб гэтага толькі хацелі адпаведныя органы, лёгка было і раней вылічыць і прымусіць плаціць падаткі. Ну хіба ж цяжка выявіць тых, кто займаецца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю? Асабліва на вёсцы, дзе ўсе пра ўсіх усё ведаюць. Іншая справа, што “нехта” на “нешта” проста заплюшчваў ці заплюшчвае вочы. І ўсе ведаюць, чаму такое магчыма.

І з той катэгорыяй дармаедаў, а на самой справе старанных працаўнікоў, што ездзяць на працу за мяжу, дзяржава можа неяк дамовіцца. Толькі трэба выпрацаваць нейкі механізм гэтай дамоўленасці, а не спіхваць іх у агульную кучу асацыяльных элементаў. Бо гэта людзі, якія клапоцяцца пра дабрабыт сваёй сям’і. І плацяць яны дзяржаве, па-мойму, падаткі большыя, чым той, хто працуе ў краіне з зарплатай у 1,5–2 млн рублёў. Бо яны вязуць валюту ў Беларусь, вучаць на платнай аснове дзяцей, яны будуюць для сям’і дом ці збіраюць сродкі на кватэру, набываюць у нашых крамах тавары і не просяць у дзяржавы ніякай дапамогі. Дык ці не дастаткова ўжо гэтага іхняга ўкладу ў эканоміку рэспублікі? Ці мае права дзяржава, не забяспечыўшы гэтых грамадзян дастойнай працай ці дастойнай аплатай працы, караць іх? Як на маю думку, дык не.

З аповедаў гэтых ездакоў за заробкамі ў Расію вядома, у якіх умовах яны жывуць там, часта начуючы ў машыне. Працуюць увесь светлавы дзень і без выхадных, без аплачваемых водпускаў і бальнічных лістоў. А колькі іх прыязджае дадому, нічога не зарабіўшы! Яны ж там амаль безабаронныя.

У маёй суседкі двое ўнукаў вярнуліся з Расіі ў трунах. Адзін з іх пакінуў сіратой маленькае дзіця, а жонка засталася без кармільца. Другі ўнук перабудоўваў паступова бабулін дом, каб было куды прывесці нявесту. Не паспеў ні дабудавацца, ні ажаніцца.

Вось так і жывём. Сумна і горка, калі задумаешся. А з экрана тэлевізара чуеш: “За забор их, за проволоку, пусть там работают». Калі меркаваць па публікацыях у газетах, многія кінуліся кляйміць так званых дармаедаў (тунеядцев). Маўляў, едуць на шыі ў дзяржавы і ў нас, чэсных працаўнікоў. А мне становіцца балюча і за “правых”, і за “вінаватых”. Бо то ж людзі. А ў тым, што частка нашага грамадства апынулася на дне жыцця, ой як многа віны і дзяржавы, і грамадства ў цэлым, і нават кожнага з нас. І ўсім нам трэба быць больш міласэрнымі. І дзейнічаць трэба не бізуном, а выпрацаваць больш прымальныя метады.

Дзяржаве трэба адраджаць свой страчаны некалі аўтарытэт. Я маю на ўвазе тое, што ў народзе называюць “прыхватызацыяй”, калі да народнага дабра дарваліся не самыя высокамаральныя члены грамадства, зрабілі гэтае дабро сваім асабістым пачатковым капіталам. Дзяржава дала ім магчымасць разбагацець на гэтым капітале, а яны пастараліся вывезці яго за мяжу. Інакш адкуль у аднаго з беларусаў па пададзенай дэкларацыі аб даходах значылася б сума ў 5,8 мільёна долараў за год? Прыбытак гэты атрыманы ад продажу акцый за мяжой. Вось гэта такія “спрытныя” беглі ў час прыватызацыі, каб дарвацца да народнага дабра і адхапіць сабе самыя смачныя кусы, раскідаючы ўсіх астатніх па ўзбочынах. Дык вось хтосьці з тых простых сумленных людзей змог падняцца з узбочыны, а іншыя паляцелі ў канавы, ды так і не змаглі выбрацца адтуль наверх. Дык цяпер іх у рэзервацыі, за калючы дрот!? Няхай працуюць за пахлёбку!?

Р. S. А верш Святланы Локтыш “Ці дажывем?” усё ж перачытайце. Мяне ён вельмі ўсхваляваў. Уяўляю настрой тых, хто кіруецца за мяжу:
...Не з сытнасці шалееш, не з дабра:
Нястача гоніць з хаты на чужыну.
Каб не ў раскошы жыць, а выжываць,
Працуеш на суседнюю краіну.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики