weather

USD 2.5534

EURO 3.0175

RUR(100) 3.3398

search

Дабрачыннасць. За чый кошт?

Хутка Новы год. Ура! Ура! Ура! Нават мы, дарослыя, з нецярплівасцю чакаем яго прыходу, звязваючы з ім спраўджванне сваіх мараў, надзей, спадзяванняў на самае лепшае. А што ўжо казаць пра дзяцей! Для іх гэта свята са святаў, самае-самае… Радасць чакання сустрэч з Дзядулем Марозам, Снягуркай. І падарункі, падарункі…

Чыноўнікі лічаць за лепшае уручаць падарункі публічна, але не за свае грошы
Чыноўнікі лічаць за лепшае уручаць падарункі публічна, але не за свае грошы / Фото: Пётр Гузаевский

Разам са словазлучэннем Новы год у перадсвяточныя дні з усіх куткоў чуецца слова “дабрачыннасць”. У навагоднія і калядныя дні радыё, тэлебачанне, газеты асвятляюць акцыю “Нашы дзеці”. Сэнс гэтай акцыі заключаецца ў тым, што чыноўнікі розных узроўняў наведваюць прытулкі, дзіцячыя дамы, бальніцы і ўручаюць дзецям падарункі. Зразумела, што набыць столькі падарункаў за свой кошт чыноўнікі не могуць, яны выкарыстоўваюць дзяржаўныя сродкі, грошы падаткаплацельшчыкаў.

Дык якая ж гэта дабрачыннасць? Гэта, хутчэй за ўсё, самапіяр чыноўнікаў. Што яны вязуць у якасці навагодніх падарункаў? У першую чаргу салодкія прысмакі. Потым – тэлевізары, кнігі, пральныя машыны. А я лічу так: калі ў дзяржаўнай казне ёсць сродкі, то няхай дзіцячыя ўстановы субсідзіруюцца так, каб яны былі забяспечаны тымі ж тэлевізарамі, пральнымі машынамі і іншым неабходным, каб паўсядзённае жыццё дзетак, пакрыўджаных лёсам, было прыстойным. Або каб хворым дзецям дзяржава магла набыць ратавальныя лекі, нават калі яны дарагія. Аднак, калі дзеткам патрабуецца дарагое лячэнне за мяжой, пускаецца “шапка по крузе”, і пакінутым адзін на адзін з горам бацькам дапамагаюць людзі, не раўнадушныя да чужой бяды. Вось гэтая людская дабрачыннасць не робіцца па графіку або толькі да Новага года, як у чыноўнікаў. І хутчэй за ўсё прыходзяць на дапамогу тыя, хто адрывае ад сваіх невялікіх зарплат і пенсій хоць нязначныя сумы. І ніхто з іх не крычыць пра свае ахвяраванні і не чакае, каб пра іх пісалі газеты ці паказвалі па тэлевізары. Зайдзіце на сайт “Шанс” – крыкі аб дапамозе раздзіраюць душу. Дзяржава тут разводзіць рукамі. А вось перад тэлекамерамі… Нездарма ж кажуць, што падаваць на цвінтары (руск. на паперти) лягчэй. А вось па-сапраўднаму, ад дабрыні душы ахвяраваць, трэба без чужых вачэй.

Чыноўнікі, размеркаваўшыся між сабою, каб нікога не прапусціць, хай прывозяць дзеткам салодкія падарункі. Але за свой кошт. Няхай піяраць сябе так, як хто хоча. А пакуль што іхні піяр за кошт падаткаплацельшчыкаў можна ахарактарызаваць народным выслоўем “заграбаць жар чужымі рукамі”.

І яшчэ хачу сказаць вось пра што. Дзецям усім патрэбна свята. Але ж чамусьці высокія дзяржаўныя мужы штогод ездзяць па адных і тых жа адрасах. Напрыклад, у 2011 годзе Рэспубліканскую дзяржаўную бальніцу медыцынскай рэабілітацыі ў Астрашыцкім гарадку наведаў Прэзідэнт, а ў 2013 годзе яе ашчаслівіў візітам былы міністр адукацыі Радзькоў. У 2012 годзе неўралагічнае аддзяленне 3-й гарадской дзіцячай бальніцы г. Мінска наведаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, а напярэдадні 2013 года – старшыня Следчага камітэта.

Са СМІ ведаю аб заяве старшыні праўлення Нацыянальнага банка Надзеі Ермаковай аб тым, што яна актыўна ўдзельнічае ў дабрачыннасці: “Примерно половину своей зарплаты я отдаю на благотворительность. Моя зарплата – около двух тысяч долларов”. Заява адносіцца да 2012 года. Але каму і куды ідуць гэтыя грошы – “тайна за семью печатями”.

Даведалася выпадкова, што сёлета маладыя матулі здаюць па 100-130 і болей тысяч рублёў у садкі (і гэта паўсюдна!), каб добры Дзядуля Мароз прынёс іхняму дзіцяці ў сваім чароўным мяшку навагодні падарунак, бо ў дзяржавы няма на гэта дастатковых сродкаў. І гэта пры тым, што з вуснаў чыноўнікаў паўсюдна гучаць словы: “Дзеткі – самае дарагое, што ў нас ёсць”. Але ж кожная матуля можа сама пакласці пад сямейную ёлку падарунак за такія грошы.
То мо няхай бы Дзед Мароз каля ёлкі і аб’явіў : “Даруйце, дзеткі, але я прыйшоў да вас без падарункаў, бо ў нашай дзяржаве на такое свята няма грошай. Усе грошы ў гэтым годзе пусцілі на чэмпіянат свету па хакеі”.

У адным з нядаўніх нумароў газеты “Свободные новости плюс” пісалі пра тое, што ў мінскім хакейным клубе “Дынама” гуляюць 11 легіянераў (наёмных ігракоў з іншых краін свету), а гэта 30% усіх удзельнікаў. Кожны з іх атрымлівае зарплату (вы не паверыце!) па 420 мільёнаў рублёў за месяц (!), гэта каля 50 тысяч долараў! А яшчэ ж, акрамя гэтага клуба, ёсць іншыя. Футбалістам менш плацяць, Напрыклад, у БАТЭ (г. Барысаў) толькі адзінкавыя легіянеры, і атрымліваюць яны каля 250 тысяч мільёнаў рублёў штомесяц. У такім разе можна толькі здагадвацца, колькі грошай зарабляюць у нас замежныя трэнеры.

Мне тут вельмі дарэчы ўспомніўся прыклад сапраўднай дабрачыннасці чалавека, нашага земляка, які, на жаль, пайшоў з жыцця. Я маю на ўвазе былога настаўніка Будчанскай СШ, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фёдара Барысавіча Карпеню, які са сваёй сціплай настаўніцкай пенсіі збіраў грошы, каб зрабіць каштоўныя падарункі роднай школе.

- чытаць таксама: Ветэран з вёскі Будча падараваў школе камп’ютар

Разважала-разважала, а цяпер думаю: хаця б не ўспрыняў хто мае думкі пра дабрачыннасць як адгавор ад яе. Наадварот, я заклікаю ўсіх нераўнадушных людзей далучыцца да гэтай Богу ўгоднай справы. І не толькі да свята Новага года, а заўсёды па меры сваіх магчымасцяў. Невялікую суму можна ахвяраваць нават з мізэрнай зарплаты ці пенсіі. Нас жа многа. Тут спрацуе тое, пра што народ мудра выказаўся: “С миру по нитке, а голому рубашка». І не будзем перажываць, што пра наша “геройства” ніхто не даведаецца. Затое зверху відаць усё!

Віншую ўсіх чытачоў “ГЧ” з Новым годам.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики