weather

USD 2.5534

EURO 3.0175

RUR(100) 3.3398

search

Сіроты Вялікай Айчыннай вайны, або Слёзы пад гукі фанфараў

Адышло ў гісторыю святкаванне 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Хутка будзем ганараваць яшчэ адну знамянальную дату – 70-годдзе перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Будзем святкаваць. Будзем радавацца і весяліцца. Будзем віншаваць адзін аднаго і нашых ветэранаў, будзем удзельнічаць у масавых гуляннях, будзем  глядзець на тэлеэкранах парад войск і ваеннай тэхнікі, а таксама святочныя канцэрты. Адным словам, будзе весяліцца ад Брэста да Курылаў увесь народ на неабсяжных прасторах былога СССР.

Святкаваць, безумоўна, трэба. Гэта ж такая вялікая дата! Гэта ж такой дарагою цаной (хоць сапраўдную яе цану нам да гэтага часу не называюць) дасягнута Вялікая Перамога!

Выклікае трывогу адна заклапочанасць: а ці хопіць у дзяржаве грошай (і трэба думаць, немалых) на такое святкаванне? А тут яшчэ праблемы ў эканоміцы і сусветнай, і расійскай, і беларускай.

Тэлебачанне ды і іншыя СМІ ўжо даўно нас папярэджваюць: пры няўхільным росце цэн на тавары і розныя паслугі павышэння заработнай платы і пенсій не будзе, а калі і будзе, то мінімальная. А на носе выбары Прэзідэнта, на якія ўжо даўно агучвалася лічба ў 100 мільярдаў рублёў.

А можа, трэба быць крыху больш сціплымі ў святкаваннях? А калі не на “самом высоком уровне”, а проста на высокім? Гэта ж такіх вялікіх грошай патрабуюць і парады, і ўсенародныя гулянні…

У многіх з нас у памяці яшчэ трымаецца парад на 70-годдзе вызвалення Беларусі. У парадзе ўдзельнічалі, акрамя беларускіх войск, і расійскія. Колькі ж грошай гэта ўсё каштавала? Няўжо мы такія багатыя? Тады чаму ў большасці з нас мізэрныя зарплаты і пенсіі? Напрошваецца яшчэ адно пытанне: хіба ж толькі прадстаўнікі рускага народа ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі? Чаму ж тады не запрасілі вайскоўцаў з Арменіі, Грузіі, Казахстана ды іншых былых рэспублік СССР?

Ветэранам вайны, партызанам і падпольшчыкам была аказана матэрыяльная дапамога. Гэта вельмі добра і вельмі правільна.

Да Дня Незалежнасці атрымалі матэрыяльную дапамогу і тыя дзеці вайны (сёння 70-гадовыя і старэйшыя), чый бацька (бацькі), загінулі падчас вайны, а яны, дзеці, не змаглі зарабіць сабе працоўную пенсію ці іншыя віды пенсій (па ўзросце, па інваліднасці, за асаблівыя заслугі, за выслугу гадоў). Такіх па рэспубліцы набралася ўсяго 400 чалавек. І яны атрымалі па 3,5 млн рублёў матэрыяльнай дапамогі. А спадзяваліся атрымаць такую дапамогу многія, яшчэ жывыя, дзеці-сіроты ВАВ (“АиФ”, №28, 2014г.). Да гэтага часу, аказваецца, неаднолькавыя адносіны дзяржавы да членаў тых сем’яў, чые бацькі загінулі, і тых, чые прапалі без вестак у час ВАВ. Бо калі ў час вайны былі забіты і памерлі ад ран 6,3 мільёнаў ваеннаслужачых, то яшчэ 4,5 мільёны загінулі ў палоне і прапалі без вестак. А значыць, жонкі і дзеці гэтых 4,5 мільёнаў салдат таксама засталіся без карміцеля. Дык што, дзеці і жонкі гэтых чатырох з паловай мільёнаў салдат не так пакутавалі, як тыя, чые мужы і бацькі (6,3 млн) загінулі?

У Беларусі пражывае каля 950 тысяч “дзяцей вайны” ва ўзросце 70 гадоў і старэйшых, якія не трапілі пад Указ Прэзідэнта №54 аб аказанні адзіначаснай матэрыяльнай дапамогі. Дык ці не больш да твару было б дзяржаве частку грошай, што пойдуць на шыкоўнае святкаванне, патраціць на дзяцей – сірот вайны? Сёння мы, а моладзь асабліва, нават і ўявіць сабе не можам, як яны гадаваліся, колькі нягод выцерпелі. Было і голадна, і холадна. Ды і пакрыўдзіць бязбацькавічаў мог кожны. А ў дзяржавы пасля вайны і рукі не даходзілі да іх, і сродкаў не было.

Я ведаю жанчыну з такім лёсам. Апошні раз іх сям’я атрымала ад бацькі ліст, які ён пісаў перад фарсіраваннем ракі Одэр. Маці засталася адна з пяцярымі дзецьмі: трыма хлопчыкамі і дзвюма дзяўчынкамі 1929 – 1944 гадоў нараджэння. Да 1949 года сялянскія гаспадаркі нашага раёна былі яшчэ ўласныя. Дык вось уявіце такую карціну: за сталом сядзіць пяцёра дзяцей. Іх трэба штодня накарміць, апрануць. Уяўляеце, як яны карміліся, адзяваліся-абуваліся? Не замілаванне, а жах ахоплівае, калі ўявіш такі малюнак.

Знаёмая расказвала, як яны, дзеці, на кожным кроку адчувалі сваё сіроцтва. “Успамінаю, як снедалі мы варанай у мундзірах бульбай. Паелі і разышліся хто куды, а я падышла да міскі, у якой былі лупіны і стала перабіраць іх: вылізвала тыя кропелькі бульбы, што засталіся дзе-нідзе на лупінах, бо пасля снедання ўсё роўна моцна хацелася есці.

Помню, як ужо пры калгасах прывезлі ў вёску, мабыць, з раёна булачкі на продаж. Тады яшчэ хлеба-булачных вырабаў у сёлы не вазілі. Па вёсцы аб’явілі, што булачкі будуць прадаваць толькі сельскім актывістам ды перадавікам калгаса. Першы ручай слёз я выліла, пакуль выпрасіла ў мамы 15 капеек на булачку. Выстаяўшы чаргу, наглядзеўшыся на гэтыя смачныя булачкі, накаўтаўшыся за гэты час сліны, я засталася ні з чым: мяне адправілі дадому, бо мая мама не была ні актывісткай, ні стаханаўкай. Я душылася слязамі, бегучы дадому.

Успамінаю, як пад самымі вокнамі нашай хаты пабудавалі калгасную канюшню, бо з мамай-удавою ніхто нават не падумаў патрэбным лічыцца, і мы раслі ў раях аваднёў і мух, у невыносным паху гною.

У школу я пайшла пераросткам, бо маме не было ў чым мяне туды адправіць”.

Або вось што ўспамінае пра сваё пасляваеннае дзяцінства яшчэ адзін бязбацькавіч – наш слынны зямляк Іван Кірэйчык: “Я – пастушок. Летняе сонца ўжо добра-такі паднялося па-над Ланню, і я адпрасіўся ў такіх жа пастушкоў, як і сам, на снеданне. Бягу па расе, спяшаюся. А дома нязвыклае для раніцы няўтулле: халодная, яшчэ не паленая печ, маўклівая маці. Маці ведае, чаго я прыбег, і паглядзеўшы ўважліва на мяне, уздыхае, падымаецца і ідзе на агарод. І нешта доўга яе адтуль няма. Я іду паглядзець, што там такое, і бачу: маці трымае ў руках вырваны куст бульбы з дробнай, як пацеркі, завяззю на каранях і плача. Мне становіцца зразумелай прычына яе слёз. І я моўчкі паварочваюся і няспешна вяртаюся на пашу. Бурчыць пусты жывот, а на душы так крыўдна – на сябе ж, што вось прыбег і зрабіў маці балюча…”

Паўтаруся: згодна я, што трэба святкаваць. Але ж гэтае свята – не толькі безупынная весялосць ад краю да краю, не толькі бравурныя маршы ды гукі фанфараў. Не варта забываць, што гэта “праздник со слезами на глазах”.

Я не люблю хадзіць на святкаванні Дня Перамогі. Што я зраблю з сабою, калі падчас гэтай весялосці толькі плачу,” – гаворыць жанчына, сірата вайны.
Я вось чаму пра гэта разважаю: ці не магла б дзяржава ўспомніць на 70-годдзе Вялікай Перамогі (бо на 80-годдзе наўрад ці будзе ўжо каго ўспамінаць) вось пра такіх сірот вайны? Большасць з іх ужо адышла з жыцця.

Дык ці не па-чалавечы было б зрабіць урачыстасці крыху больш сціплымі, а гэтым старым ужо “дзецям вайны” уручыць хоць бы якія сціплыя падаруначкі. Хай бы хоць яны сімвалізавалі ўвагу дзяржавы да іх. Ну а калі б знайшлося нешта і ў грашовым выражэнні – было б і зусім цудоўна. І народ зразумеў бы гэта: мабыць, ніхто не быў бы супраць такой траты дзяржаўных грошай, гэта значыць, грошай падаткаплацельшчыкаў. Іншая справа, што з намі, з народам, улады часцей за ўсё не лічаць патрэбным раіцца. А дарэмна!

А якім выхаваўчым сродкам для моладзі была б такая дзея! Дай толькі, Божа, на гэта дзяржаўнай мудрасці.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики