weather

USD 2.0476

EURO 2.2667

RUR(100) 3.2008

search

"Я не баюся памерці – баюся пакінуць без догляду сваіх коцікаў"

Галодным, худым, хворым, пакусаным сабакамі катам ужо многа гадоў даюць шанс на жыццё дзве жанчыны-пенсіянеркі, якія за сваю невялікую пенсію, акрамя дамашніх катоў, кормяць і даглядаюць бяздомных жывёл.

На вуліцы Будаўнікоў у Ганцавічах каля дома 15А на каналізацыйным люку пастаянна збіраюцца бяздомныя каты. Гэта не дзіўна, бо па гэтым адрасе пражываюць іх ратавальніцы – Станіслава Казіміраўна Ракуць і Вольга Рыгораўна Хазава. Яны і кормяць, і пояць, і лечаць кінутых жывёл.

Станіслава Казіміраўна Ракуць расказала чытачам «ГЧ» пра свае адносіны да катоў: «Я люблю катоў з дзяцінства, яшчэ маленькай дзяўчынкай спавівала і гушкала іх, седзячы на печы. Ужо дзесяць гадоў я дапамагаю бяздомным жывёлам. Кожны дзень яны збіраюцца каля нашага дома і штодзень я іх кармлю: вару супчык, купляю корм, вадзічку нашу. У рукі яны не даюцца – дзікаватыя.

ў асноўным абыякава адносяцца да гэтых маіх клопатаў, памочнікаў практычна няма, затое ёсць ворагі. Майго дамашняга коціка так нехта пабіў, што замест вочка ў яго было крывавае месіва. Я ката выхадзіла, але на адно вока ён ужо не бачыць. Сустракаюцца агрэсіўна настроеныя асобы, што кіруюцца думкай «не заб`ю, дык хоць пакалечу!» Ды і так буркаюць некаторыя, што пад балконам жывёл кармлю. «Пагалоўе» складаецца з 10 коцікаў і кошак.

Пастаянна новых падкідваюць альбо выкідваюць каля розных магазінаў, а я падбіраю. Аднойчы хворага коціка знайшла, уся галава яго гнаілася. Бачу, памірае кот – я лекаў яму накупіла, мыла кожны дзень галаву гаспадарчым мылам і лячыла. Ачуняў той коцік. І дзеці мае любяць жывёл, дома ў іх жывуць таксама хатнія любімцы».

Па дарозе да кватэры Вольгі Хазавай мне сустрэлася суседка з яе пад`езда. Яна выказалася: «Не ведаю, куды нам звяртацца. Усе жыльцы дома і скаргу ўжо пісалі і ў якія толькі арганізацыі ні стукаліся. Гэта ж у пад`езд не зайсці. У доме ўсе сцены наскрозь прасмярдзелі. Перад гасцямі сорамна – званітуе любога. Вольга Рыгораўна як чалавек – выдатная жанчына, добрая, у царкву ходзіць, але ж як быць з яе катамі?»

Вольга Рыгораўна Хазава распавядае: «У маёй матулі прозвішча ў дзявоцтве нават было Кот. Мо яно нічога і не значыць, але ж у бацькоў было адзінаццаць дзяцей, мы прывыклі не толькі паміж сабой сабой дзяліцца, але і з братамі меншымі. Я сплю з катамі – і ніколі не хварэла і ў бальніцы не ляжала!

Суседзям не падабаецца тое, чым я займаюся, сварацца са мной, скардзяцца, абзываюць. Я хутка пераеду на дачу жыць і коцікаў забяру з сабой. Я ні на кога не крыўдую: Бог ім суддзя. Знаёмая з царквы пазнаёміла мяне з жанчынай з прытулка мінскага для жывёл бяздомных, дык яна прыязджала разоў некалькі і забірала катоў. Я ўжо туды адправіла 75 катоў, але больш іх, як сказала тая жанчына, браць яна не будзе.

Сем гадоў няма замка ў маёй кватэры – гэта на выпадак, калі хто захоча падкінуць кацяня. А я ўжо потым шукаю гаспадароў для сваіх коцікаў.

Два гады назад ажно чатыры кацяняці ў скрынцы з-пад абутку нехта падкінуў. Таня-прыбіральшчыца з вакзала таксама коцікаў бяздомных да мяне прыносіць. Аднойчы нехта наўмысна, пакуль мяне не было дома, ваду паўключаў у кватэры, газ адкрыў... Добра, што хоць нічога дрэннага  не адбылося.

На корм і лекі для катоў мне грошай не шкада, і дзеці таксама падтрымліваюць. Сынок у Хабараўску марыць, каб прытулак стварыць для няшчасных катоў і сабак. Праз мае рукі паўтысячы катоў ужо прайшло, калі не больш. Многія мяне абзываюць бамжыхай ці яшчэ якія мянушкі даюць, але я не крыўдую, у маім сэрцы жыве любоў да людзей і жывёл.

Аня і Сашка з магазіна «Пеўнік» – людзі залатыя, многа чым дапамаглі, ды і прыбіральшчыца на рынку Вольга, Ліда Творык... Я ім так удзячна! Калі коцікі хварэюць, я падлечваю іх кропелькамі ад прастуды, таблеткі ад глістоў разам з каўбаскай даю, маслам ад Святой Матронушкі вочы ім праціраю.

Я не баюся памерці – баюся пакінуць без догляду сваіх коцікаў. Таму звяртаюся да кіраўніцтва раёна і да жыхароў горада: «Давайце ўсе разам створым прытулак для бяздомных катоў і сабак». Я малюся Госпаду аб тым, каб людзі мяне зразумелі і палюбілі бліжняга, як самога сябе. Я так удзячна «Ганцавіцкаму часу», што закрануў гэтую тэму!»

comments powered by HyperComments
Из рубрики