weather

USD 2.1228

EURO 2.3634

RUR(100) 3.4527

search

Паэтка Ніна Кавальчук расказала пра вершы, дзяцей, і каханне

Вечар-інтэрв’ю з паэткай Нінай Кавальчук з в. Хатынічы адбыўся ў Ганцавіцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання 7 снежня. Удзельнікі творчага мерапрыемства закідалі жанчыну пытаннямі накшталт яе асабістага жыцця і вершаскладання, на якія паэтка шчыра і з усмешкай адказвала.

Сустрэча праходзіла ў нефармальнай абстаноўцы за “салодкім” сталом. Напачатку арганізатары крыху расказалі пра паэтку, яе жыццёвы шлях, творчыя поспехі, паказалі слайды з фотаздымкамі ад нараджэння паэткі да сучаснасці.

Нарадзілася Ніна Кавальчук у простай вясковай сям’і. Бацька Уладзімір Пічыц быў плотнікам і разьбяром па дрэве. Маці Вольга шчыравала ў калгасе, даглядала вялікую гаспадарку, выхоўвала пяцёра дзяцей.

Ніна была другой па ліку ў сям’і Пічыцаў. Старэйшым быў брат Коля, а пасля Ніны нарадзіліся яшчэ два браты і сястрычка. Трэба адзначыць, што кожны з іх надзелены талентам.

У зборніку “Зямля бацькоў, зямля святая”, выдадзеным аддзелам бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы бібліятэкі імя В.Ф.Праскурава, ёсць раздзел, прысвечаны сям’і Пічыц: пра бацьку – знакамітага столяра і плотніка, пра сястру Валянціну, распісныя вырабы якой упрыгожваюць любую кухню, брата Міхаіла, які ўмее іграць на гармоніку і які ад бацькі пераняў уменне працаваць з дрэвам, і саму Ніну, якая ўмее ткаць, вышываць крыжыкам і гладдзю, вязаць на спіцах і кручком  і валодае паэтычным дарам.

Першай спробай пісаць вершы сталі некалькі радкоў, напісаных у чацвёртым класе, прысвечаныя рэспубліцы Узбекістан. А вось упершыню друкавацца яна стала з 1979 года, калі яе верш “Летуценніца” быў надрукаваны на старонках раённай газеты. Гэты ж верш даў назву паэтычнаму зборніку, які быў выдадзены ў 2005 годзе. Хутка яе зборнікі разляцеліся па ўсёй Беларусі, блізкім і далёкім замежжы.

Творчасць Ніны Кавальчук даўно ўжо стала прафесійнай. У жанчыны прыроджаны талент, яна валодае ўменнем бачыць свет сваімі вачамі, задумваецца аб дні сённяшнім і будучым,  перажывае за лёс блізкіх, з вялікай любоўю яна піша пра родную вёску і Радзіму.

Вершы Ніны Кавальчук часта з’яўляюцца на літаратурных старонках раённых газет, друкаваліся ў газетах “Чырвоная змена”, “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, “Знамя юнасці”, часопісах “Першацвет”, Алеся”. Дарэчы, у літаратурным конкурсе, які праводзіла Алеся, Ніна Кавальчук стала пераможцай.

Паэтычным радкам знайшлося дастойнае месца і на старонках кнігі “Паміж Бобрыкам і Ланню”, якая з’яўляецца паэтычнай візітоўкай Ганцаўшчыны.

“Нелюбімых вершаў няма… Нашто ж я іх тады пісала?..”

Усе прысутныя з нецярпеннем чакалі выступлення гераіні сустрэчы. Ёй задалі шмат пытанняў: як нараджаюцца вершы, колькі іх, ці плануе выдаць зборнік.На пытанне, ці ёсць любімы верш, адказала: “Не. Я ўсе свае вершы люблю, нелюбімых няма. Проста ёсць слабейшыя, есць лепшыя. Нашто ж я іх пісала, каб не любіць?”

Адказала паэтка і на пытанні пра сям’ю: як  пазнаёмілася з мужам, колькі дзетак, унукаў, як вырашыла ўсынавіць чужых дзяцей – дачушку і сына.

Яшчэ цікавіла прысутных, дзе можна пачытаць яе вершы.Ніна Кавальчук адказала: “Я нядаўна асвоіла камп’ютар і інтэрнэт. Сын падараваў мне наўтбук, і я зарэгістравалася ў "Аднакласніках". У мяне ёсць група “Летуценніца”, мае вершы там. Таксама я закінула свае вершы на рускі сайт “Стихи.ru”. Чытайце, мне будзе прыемна”.

Напрыканцы сустрэчы Ніна Кавальчук прачытала свае вершы. У сваю чаргу, свае вершы ў гонар паэткі напісалі і ўдзельнікі мерапрыемства. Ніне Кавальчук падарылі таксама і фотаальбом. “Ужо шосты. Я вельмі люблю збіраць фотаздымкі. Хай дзецям застанецца памяць”, - сказала паэтка.

О событиях и проблемах сообщайте в эту группу VIBER

comments powered by HyperComments
Из рубрики