weather

USD 2.0494

EURO 2.2609

RUR(100) 3.2096

search

З вытокаў напіцца...

Дзіўны мы народ – беларусы. Мабыць, ці не адзіныя ў свеце ўстанавілі дзяржаўнае свята – Дзень беларускага пісьменства. Паганаравалі два дні родную мову: правялі канферэнцыі, сустрэчы з мовазнаўцамі, беларускімі пісьменнікамі. Пашанавалі, пасадзіўшы яе ў Чырвоны кут пад абразы ў роднай хаце. Але ж уласцівасць усіх святаў адна: яны хутка заканчваюцца. Закончыўся і Дзень беларускага пісьменства...

І родная мова прыняла сваё паўсядзённае аблічча – зноў стала Папялушкай. Зноў апынулася за парогам бацькоўскай хаты. Нічога не мяняецца. Як з болем сказана ў апошняй кнізе Васіля Януковіча “Залаты лістапад”:

Год кнігі,
Тыдзень мовы,
Дзень пісьменства...
Застаецца прыдумаць:
Гадзіна беларускага патрыятызму.

Дзе-нідзе вядзецца яшчэ прапаганда беларускай культуры, беларускасці.

Здаецца, добры тэлепраект “Наперад у мінулае” на тэлеканале “Беларусь-3”. Але ж без лыжкі дзёгцю не могуць тэлевізійнікі абысціся. Каментары да беларускіх песень – на рускай мове. Аксана Вечар – на беларускай мове. Юрась Вашчук – на рускай мове. Аднак калі яшчэ з 3-ім каналам можна мірыцца, дык пра 1-ы Нацыянальны ўзгадваць не хочацца. І чаго яго называюць нацыянальным? Абсурд. Мы ж – беларусы.

У ранішняй перадачы 1-га Нацыянальнага канала Беларускага радыё (5 жніўня 2016г.) ішла размова пра Шчучын, пра захаванне ў гэтым горадзе гісторыка-культурнай спадчыны. На рускай мове распавядала пра гэта загадчыца адпаведнага аддзела райвыканкама.

Размову працягнуў яе намеснік. Гаварыў ён на роднай мове.

“Мабыць, каб памяняць вас пасадамі, было б куды правільней”, – падумалася мне. Загадчыца аддзела, робячы нейкія захады па ратаванні і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны аднаго з куточкаў Беларусі, сама тут жа і нішчыць яе сваёю моваю, сваімі адносінамі да роднай мовы – галоўнага складніка гісторыка-культурнай спадчыны народа. Дык ці можа яна быць ратавальніцай? Гэта ж як у той байцы, дзе гаворыцца, што наводзіць парадак у агародзе пусцілі казла.
Памятаць бы нашым “ратаям” за беларускасць мудрае лацінскае выслоўе “У мове – жыццё і смерць народа”.

Успомнілася, як 1-ы Нацыянальны канал беларускага радыё ў адной з беларускамоўных перадач даў слова супрацоўніцы Беларускага нацыянальнага музея архітэктуры і быту. Дык яна ні да чога лепшага не дадумалася, як расказваць пра свой музей на рускай мове. Мне ад такіх перадач з “моўным асарці” адна прыкрасць. Здавалася б так: калі перадача беларускамоўная, дык і шукайце вы, яе стваральнікі, тых, хто “ўпішацца “ ў вашу перадачу, гэта значыць валодае роднай мовай. Хоць і тут дзіўна: як гэта супрацоўнікі нашага Нацыянальнага музея не валодаюць мовай беларусаў? Ці змогуць такія супрацоўнікі данесці нашчадкам тое, для чаго створаны гэты музей, – дух беларускасці, гонар за нашых продкаў, жаданне не страціць тое, што сабрана нашым народам на працягу стагоддзяў?

Яшчэ прыклад. Лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Алесь Карлюкевіч у Дзень роднай мовы на 1-ым Нацыянальным канале радыё расказвае на мілай роднай мове пра сваю Ігуменшчыну і знакамітых землякоў. Расповед яго дзеліцца на дзве часткі, а між імі ўстаўляецца песня... на рускай мове пра любоў да Радзімы, да Беларусі. Добрая песня... Але ж каб па-беларуску...

Узгадваецца мне зямляк, былы калега Андрэй Ярашэвіч – рупліўца на ніве беларушчыны. Выдатнік асветы Рэспублікі Беларусь, настаўнік вышэйшай катэгорыі, ён праз усё сваё жыццё даказвае вернасць матчынай мове і бацькоўскай зямлі.

Працавала ў Хатыніцкай школе настаўніцай матэматыкі Вера Канановіч. Добры матэматык! Называла з гонарам матэматыку царыцаю ўсіх навук. Але мне засёды здавалася, што філолаг з яе быў бы яшчэ лепшы: яна так тонка адчувае мову, умее дасціпна выказаць сваю думку, пажартаваць, упрыгожыўшы сваю мову нейкім асаблівым выразам, трапным слоўцам. Бывае, так міла прыкмеціць: “Які на вас прыгожы каптанік!” І цёпла на душы становіцца ад камплімента і ад такога сімпатычнага слова, як “каптанік”.

А беларускай мовай Вера Рыгораўна карысталася заўсёды і ўсюды. Давялося неяк ёй у сталіцы падчас сустрэчы гутарыць з міністрамі. І нічога, казала потым, што паразумеліся, размаўляючы па-беларуску.

Ніколі не забуду, як напрыканцы 60-ых гадоў я прыехала на працу ў Будчанскую школу. Дырэктарам там быў Даніла Маркавіч Мануленка. Сам ён украінец па нацыянальнасці, а з якой павагай ставіўся да нас, беларусаў, і да нашай роднай мовы! Мала таго, з задавальненнем і гонарам карыстаўся ёю, і ўся школьная дакументацыя вялася тады на беларускай мове. Згадзіцеся, пры такім падыходзе не ўзнікала дзвюх думак, на якой мове весці выкладанне ў школе. Больш бы такіх настаўнікаў! Як жа яны нам патрэбны сягоння! Менавіта ў настаўнікаў мы павінны вучыцца сапраўднай выхаванасці, сапраўднай інтэлігентнасці, сапраўднаму інтэрнацыяналізму!

Падзякаваць і сказаць добрыя словы хачу землякам – аматарам роднага слова. Паэтка з Хатыніч Ніна Кавальчук называе беларускую мову “мовай роднай хаты”. У каторы раз перачытваю Нінін верш і прыгадваю сваё дзяцінства, бацькоўскі дом і той час, калі жыццё ўспрымалася толькі ў светлых фарбах, калі ты адчуваў сябе надзвычай утульна пад крылом мамы і таты. І ад адных успамінаў пачынае казытаць ноздры пах свежаспечанага жытнёвага хлеба, якім прапітваліся ўсе куточкі роднай хаты...

Ведаю адно: чытай я падобны верш на рускай мове – наўрад ці выклікаў бы ён такія пачуцці. Дык хіба ж можна здрадзіць такой мове? Гэта тое самае, што здрадзіць нечаму самаму-самаму дарагому.

comments powered by HyperComments
Темы: Мнение
Из рубрики