weather0

USD 2.005

EURO 2.3648

RUR(100) 3.3615

search

Як у Будчы звяргалі Хрыста

Шмат легенд аб Божым ўдзеле ў жыцці чалавека вядома і ў наш час. Гісторыі з чароўным неверагодным фіналам добра запамінаюцца, бо нясуць ў сабе элементы біблейскіх прароцтваў, і гэта заўсёды цікавіць людзей. Адну з такіх даўніх гісторый расказала доўгажыхарка з в. Будча Вольга Мікалаеўна Савеня, якой у кастрычніку споўнілася 94 гады.

 Вольга Мікалаеўна Савеня нарадзілася і вырасла ў вёсцы Будча.     
Вольга Мікалаеўна Савеня нарадзілася і вырасла ў вёсцы Будча.      / Фото: Ірына Дамарацкая

Вольга нарадзілася дзявятым дзіцем у сям`і калгаснікаў. Бацькі жылі побач з царквою, і дзяўчынка часта хадзіла ў храм. Бацьку забілі, калі ёй было шэсць гадоў. “А маме не было нават калі нос уцерці, бо патрэбна было працаваць, каб пракарміць нас”, – успамінае Вольга Мікалаеўна. Яна ахвотна дапамагала матулі па гаспадарцы, даглядала жывёлу. Сям`я трымала па 4-5 кароў. З дзяцінства дзяўчынка ездзіла вярхом на кані. Працы было шмат, але сяляне на святы заўсёды адпачывалі, амаль усе ішлі ў царкву. “А я самастойна ў храм хадзіла. Людзі ідуць, і я іду”, – успамінае Вольга Савеня.

Царква засталася без бацюшкі

Калі прыйшла савецкая улада, то пачалі пагаворваць, што царкву ў Будчы зачыняць. Але доўгі час веруючых ніхто не турбаваў. Пазней бальшавікі арганізавалі калгасы. “Сабралася такая капэла, якая агітавала скінуць Бога, выгнаць бацюшку і зачыніць храм. Гэтае пытанне вырашалася на сходзе, на які я не пайшла, бо сябравала з бацюшкаваю дачкою і мне было балюча глядзець на ганенне іх сям`і”, – успамінае доўгажыхарка.

Людзі пераказвалі, што бацюшка прасіўся застацца ў Будчы, казаў, што будзе і хрысціць, і вянчаць і хаваць дарэмна, толькі каб далі жыць у сваёй хаце. Дом у яго быў вялікі. Пазней, у час перабудовы, палову дома аднялі і арганізавалі у ёй школу, у якую Вольга з іншымі дзецьмі хадзіла вучыцца. На той момант у бацюшкі было трое дзяцей. Стараста сяла, які жыў у невялічкай хаце, не раз прапаноўваў святару абмяняцца жыллём. Бацюшка пасля ўсяго гэтага недзе выехаў, а куды – вяскоўцы не ведаюць.

Спаліць царкву не ўдалося

Вользе Савені тады было 17-гадоў, і яна памятае, як на свята Вялікадня меліся спаліць царкву. Планавалася, што ў Будчанскую царкву прыедзе на богаслужэнне дзьякан з Лактышоў.

Падчас усяночнай службы ў клубе гучала музыка. Прадстаўнік мясцовай улады загадаў падвезці да царквы пажарную бочку з насосам і на клёнах павесіць траскучыя агні, каб сыпалі іскрамі. Вяскоўцы Сцяпан і Пятрук меліся абліць царкву гаручай сумессю, а потым замкнуць у храме людзей і падпаліць. Людзі чулі аб намерах зламыснікаў, але спадзявалісяі, што аднавяскоўцы не будуць гэтага рабіць.

На свята ў царкве было людна. Пасярод храма стаяў і чытаў Евангелле вясковец, які шмат ахвяраваў храму, бо не меў сваіх дзяцей. Неўзабаве ў храм увайшлі ў шапках Сцяпан з Петруком. “У мяне, здаецца, валасы ад страху паднялі хустку”, – успамінае жанчына. Мужчыны акінулі вачамі памяшканне і выйшлі з царквы.

Назаўтра людзі ішлі і віталіся: «Хрыстос уваскрос!». А прыслужнікі ўлады больш не адважваліся знішчыць храм.

Як у клубе звяргалі Хрыста

Пасля свята на працягу года прыхільнікі ўлады ставілі ў клубе канцэртныя пастаноўкі, накіраваныя супраць Бога. Зрабілі на сцэне вышку, куды клалі Бога, каб у яго страляць, і Бог падаў. У гэтай пастаноўцы ўдзельнічала дзяўчына Сцяпана, якую звалі Ксеня, яна калыхала Бога. Ролю Бога на той вышцы выконваў малады мужчына.

“Я ў клуб не хадзіла, бо не жадала бачыць гэтага здзеку, – успамінае Вольга Мікалаеўна. – Наша хата згарэла, і мы жылі ў сястры. А пакуль ішоў у клубе канцэрт, мы ўсе сядзелі на печы. Тут прыбег у хату брат і крычыць: “Бяжэце паглядзеце, што на небе робіцца!” Мы выбеглі і ўбачылі тры месяцы: адзін – белага колеру, з другога боку – чырвоны, а з супрацьлеглага – зялёны. У той момант, калі мы выбеглі, белы месяц заставаўся, а астатнія два полымем палалі на небе і только потым зніклі. А ў гэты час Сцяпан з групай артыстаў ў Лактышах паказваў пастаноўку пра Бога”.

Будча аказалася на варожай мяжы

Пазней пачалася вайна. У Чудзіне стаялі партызаны, а ў Дзяніскавічах – немцы. Будча была мяжой паміж процілеглымі лагерамі, і сюды часцей наведваліся партызаны. «Яны прыязджалі ў вёску і забіралі коней. Калі наступалі немцы, то яны пазабіралі ўсіх кароў. Напрыканцы вайны ў вёсцы не было ні кароў, ні курэй. А як зноў пачалі бываць у вёсцы партызаны, то і да астатняй жывёлы не было літасці, – расказвае Вольга Мікалаеўна. – Калі ў суседкі муж памёр, то іхнія пяцёра галодных дзяцей ледзьве выжылі.

Неяк прыйшлі партызаны ды шукалі гарэлкі, але нічога не знайшлі. Адзін культурны чалавек папрасіў лапату, астатнія ж “госці” шукалі мёду ды зерня, якога мы не мелі. Потым яны дабіваліся хлеба. Пагражалі спаліць нас. Тады я так перапужалася, што рукі трасуцца па сённяшні дзень».

Хто раскідаў, той сам пацярпеў

Аднойчы ў хату да Вольгі Савені завітаў чалавек і папрасіў гаспадара ісці з ім цераз лес у Чучавічы. «Вось так кожны дзень калаціліся чаканні сваіх родных людзей дадому, – кажа жанчына. – Потым нашы вяскоўцы асмялелі і пайшлі ў зачыненую царву, каб паглядзець, што там вырабілі бязбожнікі. У храме шмат што было разбіта ды паламана».

Некаторыя людзі адкрыта абаранялі царкву, але былі і яе праціўнікі. Калі прыехалі людзі з іншай вёскі, каб царкву раскідаць, то будчакі не далі пакрыўдзіць сваю святыню: стаялі хто з калом, хто з сякераю.

Будчакі кажуць, што спаліць храм спрабавалі не адзін раз. Неяк загадаў знішчыць святыню мясцовы начальнік, які жыў у маленькай хаце і меў шасцёра дзяцей. За падпал храма яму паабяцалі пабудаваць новы дом. І ён амаль выканаў свой намер, але вяскоўцы патушылі храм. Адзін чалавек вынес з агню Біблію і прыхаваў яе.

А падпальшчык хутка загінуў. Калі ён пагнаў пасвіць кароў, яго забіў гром. “Людзі па сённяшні дзень лічаць, што яго Бог пакараў за спробу знішчэння царквы, – кажа Вольга Савеня. – Разгнявіў Бога, вось і паплаціўся жыццём”.
Пазней царкву аднавілі. І сталі будчакі зноў наведваць храм. Такім чынам Бог паказаў людзям, што Ён ёсць і ніхто не ўладны Яго скінуць.

 

Из рубрики
comments powered by HyperComments