weather-4

USD 2.1499

EURO 2.4501

RUR(100) 3.2409

search

Iрына Рудкоўская пакінула чытачам «голас душы»

Другога лістапада ў Ганцавіцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя зборніка твораў Ірыны Рудкоўскай пад назвай «Голас душы». У зборнік увайшлі дзясяткі цікавых апавяданняў, нарысы, замалёўкі, парады і праблемныя матэрыялы на тэму дабра і справядлівасці, якія друкаваліся ў газеце «Ганцавіцкі час».

Фото: Ірыны ДАМАРАЦКАЙ

На жаль, у мінулым годзе Ірына Міхайлаўна пайшла з жыцця. У памяць аб яе добрых справах калектывам рэдакцыі «ГЧ» быў падрыхтаваны да выдання зборнік твораў Ірыны Рудкоўскай.

На прэзентацыю зборніка прыйшлі родныя і сябры, былыя вучні і калегі. Кожны з удзельнікаў выказаў аўтарцы словы падзякі за яе праўдзівыя публіцыстычныя матэрыялы і расказаў пра тое, якое месца ў яго жыцці займала гэтая цудоўная жанчына.

Паэтка з Хатыніч Ніна Кавальчук расказала, як Ірына Рудкоўская падтрымлівала яе, раіла не хаваць свае вершы дома, а дасылаць іх у рэдакцыі, пераканала, што яны годныя таго, каб убачыць свет. Яшчэ Ірына Міхайлаўна дапамагла выбраць Ніне Кавальчук псеўданім – Нінэль Мірава, пад якім паэтка зарэгістравала сваю электронную пошту і карыстаецца ёю па сённяшні дзень.

Добрымі словамі ўспомніў Ірыну Рудкоўскую ганцавіцкі паэт Аляксей Галаскок.

“У нас былі вельмі добрыя стасункі. Мы часта сазвоньваліся і гаварылі... праўду. Менш чым паўгадзіны мы не размаўлялі, бо яна хацела выгаварыцца”, – казаў Аляксей Пятровіч.

Па яго словах, Ірына была вельмі сціплаю. Яна не хвалілася сваёю працай, а наадварот, імкнулася расказаць пра дасягненні сваіх землякоў.

“Шкада, што ў нас няма такіх кіраўнікоў раёна, якія б любілі літаратуру і садзейнічалі мясцовым літаратарам выдаваць іх творы, каб пакінуць памяць нашчадкам, – распавёў Аляксей Галаскок.

Па словах паэта, гэта заганна, што не шануюць пры жыцці творчых людзей, на якіх вельмі шчодрая Ганцавіцкая зямля.

«Кожны чалавек пакідае след на зямлі: адзін – плыткі, другі – глыбокі, але адны з іх адразу вецер замятае, а вось другія, як і след Ірыны Міхайлаўны, застануцца назаўсёды. Сумна, што яе няма з намі, але радасна ад таго, што засталася памяць”, – сказаў Аляксей Пятровіч.

Мясцовы паэт Аляксей Галаскок падзякаваў выдаўцам зборніка – калектыву рэдакцыі газеты “Ганцавіцкі час” і прызваў удзельнікаў сустрэчы памятаць мясцовых паэтаў.
Мясцовы паэт Аляксей Галаскок падзякаваў выдаўцам зборніка – калектыву рэдакцыі газеты “Ганцавіцкі час” і прызваў удзельнікаў сустрэчы памятаць мясцовых паэтаў. / Фото: Ірыны ДАМАРАЦКАЙ

Кожны з прысутных шчыра дзякаваў Ірыне Міхайлаўне за яе прыязныя адносіны пры жыцці і за творчасць, якая кранае кожную душу сваёй праўдзівасцю і прастатою. З прачулымі словамі выступілі былыя калегі: дырэктар Хатыніцкай СШ Святлана Перашчук, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Андрэй Ярашэвіч, былыя дырэктары Хатыніцкай СШ Міхаіл Наумік і Еўдакія Наумік, былая вучаніца і цяперашні дырэктар Хатыніцкай СШ Святлана Перашчук.

Як адзначыў былы дырэктар Хатыніцкай СШ Міхаіл Наумік, пры якім Ірына Міхайлаўна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, яна была надзвычай эрудыраванай, сціплай і нешматслоўнай; кожная думка, выказаная ёю, была аргументавана. Яе шырокі кругагляд і дыяпазон карысных ведаў знайшлі адбітак у апавяданнях і нарысах.

“Мы часта гаворым пра чалавека добра тады, калі яго ўжо няма з намі. Часам з-за сваёй ілжывай сціпласці і занятасці не заўважаем чалавека. А потым аказваецца, што ўжо і няма каму сказаць словы падзякі”, – падкрэсліў аднавясковец.

Добрай памяццю для ўсіх родных і знаёмых Ірыны Міхайлаўны застанецца зборнік “Голас душы”. Родная сястра Ірыны Рудкоўскай Лідзія Міхайлаўна, муж Васілій Смаршчок, а таксама пляменніца і хрэсніца Ала Хваль не маглі стрымаць слёз, калі прысутныя ўспаміналі Ірыну Міхайлаўну і звярталіся да яе як да жывой. Нездарма кажуць, што самая лепшае, што можа пакінуць чалавек – гэта светлая памяць людзей.

Из рубрики
comments powered by HyperComments