weather

USD 2.0759

EURO 2.3142

RUR(100) 3.2154

search

Раней Вялікія Круговічы былі цэнтрам рэгіёна

Вялікія Круговічы былі адным з першых пасяленняў у рэгіёне. Першая згадка пра іх датуецца 1445 годам. Таму вёска заўсёды заставалася адной з самых значных сярод іншых пасяленняў.

 Мапа (карта) Круговіцкай гміны пачатку 1920-х гадоў. Людвікова ў першай палове 1920-х гадоў яшчэ не ўваходзіла ў Круговіцкую гміну.
Мапа (карта) Круговіцкай гміны пачатку 1920-х гадоў. Людвікова ў першай палове 1920-х гадоў яшчэ не ўваходзіла ў Круговіцкую гміну.

Яна стала спярша цэнтрам воласці (у перы я д Расійскай імперыі), затым – гміны (у перыяд уваходжання ў склад Польшчы). Колькасць населеных пунктаў імкліва павялічвалася на працягу ўсяго ХІХ ст. Асабліва гэты рост паскорыўся ў першай палове ХХ ст.

Менавіта ў гэты час, “пры Польшчы” (1921 – 1939), лік самых розных населеных пунктаў у Круговіцкай гміне дасягнуў свайго рэкорднага паказчыка.

КРУГОВІЦКАЯ ГМІНА АМАЛЬ ВЕК ТАМУ

У параўнанні з сучаснымі сельскімі Саветамі гміны былі большымі па памерах. У прыватнасці, Круговіцкая займала амаль палову сучаснага Ганцавіцкага раёна (паўночную яго частку). Яна ахоплівала дзясяткаў восем розных паселішчаў, разнастайнасць форм якіх сёння – калі ў сучаснасці ўсё зведзена фактычна да вёсак і ўрочышчаў – уражвае.

У міжваенны час было: вёсак – 18, фальваркаў – 21, асадаў – 13, засценкаў – 9, калоній – 8, леснічовак – 8, урочышчаў – 2, мястэчка – 11.

Паводле польскага перапісу 1921 г., па ўсёй гміне было 2285 дамоў і 13474 чалавекі насельніцтва (9308 беларусаў, 3776 палякаў, 336 яўрэяў і іншыя), якое ў асноўным складалася з праваслаўных (11048), 1827 чалавек былі католікамі, 592 – іўдзеямі (485 з іх жылі ў мястэчку).

Цэнтральная вёска мела 116 двароў і 667 жыхароў: 645 беларусаў, 14 палякаў і 4-х яўрэяў. З іх большасць (623) належалі да праваслаўнай канфесіі, 39 да каталіцкай, жылі таксама чатыры іўдзеі і адзін евангеліст.

У Малым Сяле было 86 двароў і 543 жыхары. У ім 490 спавядала праваслаўе, 45 – каталіцызм і 8 – іўдаізм. У фальварку стаяла 4 дамы і жыло 26 чалавек (17 беларусаў і 9 палякаў), з якіх 14 былі католікамі, а 12 праваслаўнымі.

АДБІТАК ПЕРАПІСУ 1921 ГОДА СА СТАТЫСТЫКАЙ ПА КРУГОВІЦКАЙ ГМІНЕ

Кідаецца ў вочы, што за кароткі прамежак часу, значная частку якога была насычана жорсткімі войнамі, адбыўся дэмаграфічны рост колькасці насельніцтва. Хутчэй за ўсё павелічэнне адбылося за кошт прыезджых на заходнебеларускія землі палякаў – асаднікаў і дзяржаўных апаратчыкаў.

Але і натуральны прырост у той перыяд назіраўся даволі значны. За няпоўныя 20 гадоў – ужо з прыходам савецкай улады – Вялікія Круговічы павялічылі колькасць жыхароў недзе ў паўтара раза і колькасць жыхароў вёскі пераўзышла 1000 чалавек. І гэта пры вельмі высокай дзіцячай смяротнасці, якая назіралася на заходнебеларускіх тэрыторыях, – больш за 20%.

Мірныя 1920-я і першая палова 1930-х гадоў павялічылі колькасць насельніцтва і населеных пунктаў. Так, у Круговіцкай гміне на стан 1935 г. 26 грамад (найменшая адзінка мясцовага самакіравання) налічвалі: вёсак – 21, засценкаў – 7, асад – 4, маёнткаў – 5, фальваркаў – 13, хутароў – 42, леснічовак – 23, урочышча – 1, мястэчка – 1, а таксама пасяленні на тартаку (пілараме) ля Дзяніскавіч, царкву ў Ізбійскім бары (значыць, пры ёй нехта жыў), бальніцу, асобна ўлічваліся дамы і кашары (казармы, нешта накшталт інтэрната) чыгуначнікаў (13 штук) – усяго 121 пазіцыя (не блытаць з колькасцю населеных пунктаў). Цэнтральная вёска гміны В. Круговічы, акрамя сябе самой, уключала ў грамаду панскі маёнтак, асаду Бор, два хутары Дуброва і Цагельня, леснічоўку Копань.

АДБІТАК ПЕРАПІСУ ГРАМАД КРУГОВІЦКАЙ ГМІНЫ НА СТАН 1935 ГОДА

Несупадзенні з папярэднімі дадзенымі гавораць, па-першае, пра тое, што жыццё не стаяла на месцы – адбывалася пераструктурызацыя, нешта знікала, нешта ў сваю чаргу паяўлялася; па-другое, маркіраванне населенага пункта пэўным статусам было адносным.

З надыходам савецкай улады ў 1939 г. колькасць населеных пунктаў зменшылася. Наступіла ліквідацыя ці скарачэнне найперш такіх паселішчаў, як асады, фальваркі, маёнткі, часткова засценкі і леснічоўкі. Галоўнай прычынай сталі рэпрэсіі, якія абрынуліся на іх жыхароў, адкрыта ці патэнцыйна настроеных супраць новай улады.

Чарговы віток Другой сусветнай вайны з нападам Германіі на СССР прыўнёс у жыццё вёсак свае сацыяльныя трансфармацыі, якія характарызаваліся галоўным чынам павелічэннем драматызму і трагізму ў людской паўсядзённасці.

Колькасць ахвяр павялічвалася. Сетка населеных пунктаў павужалася. Пасля вайны яна так і не аднавілася: савецкая ўлада мела свае погляды на пасяленні, дзе не было месца такім уласнапрыватніцкім перажыткам, як, напрыклад, фальваркі і засценкі.

З’яўленне лясніцтваў прывяло да ліквідацыі леснічовак. Так званыя калоніі сталі называцца вёскамі. Таму некаторыя населеныя пункты перасталі існаваць фармальна (часцей зліваліся з большым населеным пунктам, вёскай), некаторыя – фактычна (яны проста знікалі з твару зямлі). У колькасным намінальным выражэнні іх засталася меншая частка, а да нашага часу ўвогуле толькі 1/3.

Тым не менш усе яны варты нашай згадкі.

Для параўнання

На пачатак 2019 года зарэгістравана:

  • у Вялікіх Круговічах 536 жыхароў, 246 жылых двароў
  • у горадзе Ганцавічы 13925 жыхароў
  • у Ганцавіцкім раёне 27297 жыхароў

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики