weather-4

USD 2.122

EURO 2.4042

RUR(100) 3.1935

search

Праваслаўныя веруючыя Будчы адзначаць юбілей царквы

Святочным богаслужэннем адзначаць на Спаса 19 жніўня праваслаўныя веруючыя вёскі Будча 115-годдзе Спаса-Праабражэнскай царквы, якая была пабудавана намаганнямі жыхароў вёсак Будча  і Чудзін. Як сказаў айцец Пётр, служба ў гэты дзень будзе ісці з 8 да 13 гадзін

Захаваліся дакументы, што першая царква ў вёсцы Будча з’явілася ў 1623 годзе. Па пабудове яна была ўніяцкай і была названа ў гонар сашэсця святога і жыватворнага Духа і святой Троіцы. Вось што пішацца ў даведцы аб вёсцы Будча, змешчанай у Відзімусе (выпісе) 1623 года з земскіх кніг Навагрудскай зямлі: “Лета ад нараджэння Сына Божага тысяча шэсцьсот дваццаць трэцяга, месяца лютага, сямнаццатага дня… На роках судовых земскіх, на заўтра па грамніцах свяце рымскім, в року на даце выш пісаным прыпалых і судовых отпрововатые зачатых перад намі, Андрэем Абрынскім – суддзёю, Янам Пратасавічам – пісарам ваяводства Наўгародскага, пастанавіўшыся очэвісто зямяне гаспадарскія землі Навагародскае ўроджаны яго міласць пан Ян Жук з Каршэва, сакратар і дваранін яго каралеўскае міласці і малжонка яго пані Кацярына з Кавечына Жукава, апавядалі і пакладалі ліст дабравольны вечысты фундушовы запіс водлуг права спраўлены, на цэркаў божую новую цераз іх міласцей саміх в іменію Бучы збудаваную даны… Той умысл свой даўні спутку прыводзячы, пана Бога ўзяўшы на палог, на чэсць і хвалу яго святую, а на збавенне душ нашых за ведамасцю і благаславенствам старэйшага пастыра рэлігіі грэчаскае ў панстве яго Каралеўскае міласці Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага будучага высоце в бозе велічнага яго міласці айца Іосіфа Вельяміна Руцкага, архіепіскапа, мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсея Русі, каторы к уніі і пад паслушэнствам айца святога панежэ рымскага ёсць і потым наступаючыя пад унію і паслушэнствам айцоў святых панежаў і іншых рымскіх наступаючых будуць фундуемы на вечныя і неадзоўныя часы. І залажылі есьма ў памененнам іменіі нашым Буча цэркаў сашэсця святога і жыватворнага Духа і святое Тройцы, каторую водлуг можнасці нашае збудаваўшы да аздоб і патрэб усім да яе належачых прылажыцісь маемо…”

Згодна з Інвентарамі маёнтка Будча 1643 і 1645 гадоў пры ім знаходзіўся касцёл. “За дваром касцёл з чатырма  вокнамі і з усім іншым. Дзвярэй да яго двое на завесах з зашчапкамі. На версе касцёла купал бляхаю абабіты і крыж залацісты”. “Перад дваром касцёл драўляны гонтай абабіты”. З гэтага можна зрабіць выснову, што побач з уніяцкай царквой у адной вёсцы знаходзіўся і касцёл, але ж гэта малаверагодна. Справа ў тым, што Відзімус 1623 года быў складзены на старабеларускай (рускай) мове, а Інвентары 1643 і 1645 гадоў на польскай. У сувязі з гэтым і ўніяцкая царква магла быць проста названа касцёлам.

Амаль на 200 гадоў абрываюцца дакументальныя звесткі пра Будчанскую Троіцкую царкву. Крывавая завіруха канца XVI – пачатка XVII стагоддзяў дала аб сабе знаць.
Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі царызм імкнуўся павялічыць уплыў праваслаўя. На 1836 год царква ў Будчы знаходзілася ў заняпалым стане: сяляне і самі былі беднымі, уладальнік вёскі – князь Леў Радзівіл, а тым больш дзяржава не дапамагалі ўніятам, якія на той час складалі пераважную большасць насельніцтва. Старобінскі праваслаўны святар Іаан восенню 1836 года схіліў жыхароў Будчы да пераходу ў праваслаўе.

У Ведамасці аб Свята-Троіцкай царкве за 1865 год сказана аб тым, што яна пабудавана невядома калі прыхаджанамі. Будынак царквы быў драўляны, з такой жа званіцаю. Святаром на 1865 год быў 29-гадовы Міхаіл Паўлавіч Яромін, закончыўшы курсы багаслоўскіх навук у Мінскай духоўнай семінарыі. Да яго святаром быў Васілій Іаанавіч Радзіевіч. Дзячком на той час пры царкве састаяў 48-гадовы Андрэй Лукіч Канстанціновіч, які навучаўся ў Слуцкім прыходскім вучылішчы. За старасту – 36-гадовы Павел Іванавіч Дайлід.
З “Мінскіх епархіяльных ведамасцей” №14 ад 30 ліпеня 1878 года становіцца вядома, што: “У ноч з 4 на 5 ліпеня ў сяле Будча, ад удару маланкай згарэла прыходская драўляная царква з усім начыннем, рызніцаю, богаслужэбнымі кнігамі, сумаю і пісьменнымі дакументамі”. Самае цікавае, што ў кнізе “Гарады і вёскі Беларусі: Брэсцкая вобласць, том 3” у апісанні вёскі Будча можна знайсці такое: “на 1886 год у Будчы было 47 двароў, 458 жыхароў, царква”. Як бачна, запіс памылковы. Згодна з Памятнай кніжкай Мінскай епархіі за 1901 год становіцца вядома, што царква сапраўды была пабудавана ў 1896 годзе і называлася Спаса-Праабражэнскай. Да яе прыхода прыналежала могілкавая царква ў вёсцы Чудзін. Мелася царкоўна-прыходская школа, у якой за загадчыка, законавучыцеля і нават настаўніка быў мясцовы святар.
Нельга абысці і той факт, што ў Будчанскай царкве з 1910 па 1918 гады даслужваў свой святарскі век Феадор Навіцкі, бацька Яўхіма Карскага – выдатнага беларускага філолага-славіста, заснавальніка беларускіх навуковых мова- і літаратуразнаўства, этнографа, фалькларыста, палеагеографа, педагога.
У 1916 годзе ў склад царкоўна-прыходскага папячыцельства пры Будчанскай царкве старшынёю быў выбраны мясцовы святар Феадор Навіцкі, а членамі савету – чатыры мясцовых селяніна.
З Кліравай ведамасці за 1931 год становіцца вядома, што стан царквы быў здавальняючы. Паблізу была пабудавана званіца з чатырма званамі. Пасад у гонар Праабражэння Гасподняга. Начыння царкоўнага мелася ў дастатку. Святаром быў 31-гадовы Міхаіл Віктаравіч Лілякевіч.
Перажыўшы Другую сусветную вайну, царква акунулася ў перыяд савецкага атэізму. 10 мая 1947 года на пасаду настаяцеля Будчанскай Спаса-Праабражэнскай царквы з паручэннем загадвання Хатыніцкім прыходам быў назначаны святар Іаан Яфімавіч Лапко. Увосень таго ж года ён загінуў. На яго месца 20 лістапада 1947 года быў прызначаны 32-гадовы Уладзімір Андрэевіч Юнацкевіч. 8 сакавіка 1948 года ён быў пераведзены на пасаду настаяцеля Хатыніцкай Свята-Успенскай царквы з паручэннем загадвання Будчанскім прыходам. А ўжо 28 сакавіка гэтага ж года на пасаду настаяцеля Будчанскай царквы прызначаны 44-гадовы Павел Мацвеевіч Макарэвіч.

Захаваўся прынамсі адзін досыць цікавы дакумент – Тыпавы дагавор паміж сялянамі вёсак Будча і Чудзін і Выканкамам Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных аб перадачы ў безтэрміновае карыстанне “будынка праваслаўнай царквы і культавай маёмасці”. Гэты дагавор быў заключаны 15 мая 1948 года.

3 ліпеня 1948 года святар Павел Макарэвіч атрымаў даведку аб рэгістрацыі прыхадской абшчыны ў вёсцы Будча. На падставе гэтага дакумента 9 сакавіка 1949 года былі зарэгістраваны царкоўны савет і рэвізійная камісія прыхадской абшчыны. Але ўжо 19 верасня 1949 года Будчанская царква была перададзена ў якасці прыпісной да Дзяніскавіцкага прыхода да асобага распараджэння.
30 ліпеня 1954 года Архіепіскап Мінскі і Беларускі Пітрым падпісаў указ: “З-за таго, што веруючыя Будчанскага прыхода адмовіліся ад правядзення рамонту свайго прыхадскога храма і ўтрымання яго ў належачым стане, азначэннем маім ад 29 ліпеня 1954 года Будчанская Спаса-Праабражэнская царква Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці знімаецца з уліку дзеючых”.

У шасцідзясятых гадах мінулага ХХ стагоддзя, калі ў БССР ішла масавая кампанія па знішчэнні хрысціянскіх святынь, мясцовыя ўлады планавалі разбурыць Спаса-Праабражэнскую царкву ў Будчы. Аднак мясцовае насельніцтва  выратавала яе ад разбурэння. Каля сарака год Будчанская хрысціянская святыня прастаяла без гаспадара, была зачынена і паступова разбуралася.

Аўтар гэтага артыкула жыў у Будчы з 1983 па 1986 год і памятае, што на Вялікдзень і Спаса людзі прыходзілі ў занядбаную зачыненую царкву, праз дзірку ў дзвярах пралазілі ў сярэдзіну будынка. Сталыя людзі маліліся, там былі выявы Хрыста і святых, стаяла труна і падсвечнік, дзесьці ляжалі рэшткі царкоўных прылад. Пад прагніўшай падлогай мы з сябрукамі знайшлі царкоўную кнігу, якую аддалі пажылому мужчыне, які навучыў нас біць у званы. У той час іх было тры, адзін вялікі і два меншыя.

Толькі ў пачатку 1990-х сіламі і намаганнямі мясцовых жыхароў быў праведзены капітальны рамонт, і царква аднавіла сваю працу. Святочнае асвячэнне храма адбылося на Праабражэнне Гасподняе 19 жніўня 1991 года.

Из рубрики
comments powered by HyperComments