weather

USD 2.4475

EURO 2.8771

RUR(100) 3.2997

search

На сустрэчы з юнацтвам

Вечары сустрэчы з выпускнікамі прайшлі ў школах раёна ў мінулую суботу. Былых сваіх вучняў гасцінна сустракала і Малькавіцкая сярэдняя школа. У актавай зале ўстановы, як кажуць, не было дзе ўпасці яблыку. І нездарма: мерапрыемства прайшло на адным дыханні.

“Тое, што я ўбачыў сёння, мяне здзівіла і прыемна расхвалявала. Як цудоўна падрыхтавалася да сустрэчы родная школа, якое прыгожае мерапрыемства!” — гэтымі словамі былы выпускнік Барыс Маісеевіч Біргер выказаў думку ці не ўсіх, хто завітаў у гэты вечар у Малькавіцкую школу. Дарма хваляваліся сёлетнія адзінаццацікласнікі са сваім класным кіраўніком Галінай Іванаўнай Цярэшкай: падрыхтаваная імі вечарына атрымалася сапраўды цёплай, насычанай добрымі сюрпрызамі ды цёплымі ўспамінамі. “Мы сустрэліся са сваім юнацтвам”, — падзялілася ўражаннямі выпускніца з 40-гадовым “стажам” Таццяна Буйніч.
Адпаведную атмасферу адразу прыўнеслі запісы песень мінулых гадоў, школьная форма на сёлетніх выпускніках, сціплыя касічкі дзяўчынак і туфлікі без абцасікаў на іх нагах. Яны выклікалі добрыя ўсмешкі гасцей і, здавалася, перадаваліся ад аднаго да другога.

Разам з арганізатарамі мерапрыемства прысутныя адправіліся ў хвалюючае падарожжа ў мінулае, пакідаючы за спінай памяці дзесяцігоддзі.

Дзесяць... “Юбіляры” так падобны на сённяшніх выпускнікоў: маладыя, амбіцыёзныя і энергічныя. Але — ужо могуць перадаваць вопыт, які засцеражэ “зялёных” таварышаў ад памылак, ужо з непадробным шкадаваннем успамінаюць адляцеўшыя школьныя гады і прыносяць падзякі і кветкі любімым настаўнікам.

Дваццаць... “У нашым класе вучылася 10 дзяўчынак і 21 хлапчук... За першай партай каля акна сядзелі Дзіма Жалезны і Віця Маляўка... Працоўнае навучанне вёў Генадзь Генадзьевіч Хорашаў, і мы яго вельмі любілі...” — наперабой адказвалі на пытанні вядучых выпускнікі 1992 года.

Трыццаць... На вечар сустрэчы прыйшлі толькі два чалавекі, Надзея Амельяновіч і Анатоль Маляўка. Хвалююцца: ім сёння прадстаўляць свой вялікі дружны клас, вучні якога разляцеліся па жыцці. Але спраўляюцца, нават становяцца пераможцамі ў гульні з лялькай, якая так нагадвае бытавыя будзённыя клопаты.

Сорак... “Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах!” — не здаецца гадам і адлегласцям Аляксей Юрчанка, а з ім — і яго былыя “аднакашнікі”, якіх у гэты вечар сабралася шмат. Разам з класным кіраўніком Людмілай Сямёнаўнай Лятко, якая ў гэты вечар побач са сваім першым выпускам, яны сцвярджаюць: “Мары юнацтва здзяйсняюцца, калі ў іх верыць і дзейнічаць”. Але іншы раз жыццё карэкціруе планы. “Хацелася лятаць самому — а насамрэч рыхтую палёты іншым, — усміхаецца Аляксей Паўлавіч, які працуе інжынерам-механікам у аэрапарту г. Мінска.

“Вам вучыцца цяпер камфортней, але нам было цікавей: у нашым класе было 35 чалавек  — з Малькавіч, Люшчы, Задуб’я і Ліпска”, — расказвае Таццяна Буйніч, якая цяпер паважаны ў раёне чалавек, працуе загадчыкам акушэрска-гінекалагічным аддзяленнем райбальніцы. Нават не верыцца, ды ўсё ж было тое: юная Таццяна па неўладкаваных вуліцах вёскі ў гумовых ботах бяжыць на вечар сустрэчы з выпускнікамі або стараецца за адну ноч прачытаць “Злачынства і пакаранне” Ф. Дастаеўскага, каб раніцай іншым перадаць кнігу, якіх у той час не хапала.

Пяцьдзесят... “Иных уж нет, а те далече…” — вядомым пушкінскім радком апраўдвае адсутнасць на вечары былых аднакласнікаў адзіны прадстаўнік выпускнікоў 1962 года Барыс Маісеевіч Біргер. Ён не шкадуе, што пераадолеў доўгі шлях — ад Санкт-Пецярбурга да Малькавіч. Ён убачыў новы будынак школы ў роднай вёсцы. “Добра, што вы любіце сваю школу, — звярнуўся да сённяшніх вучняў Барыс Маісеевіч і парадаваўся за іх. — Ніводная школа Санкт-Пецярбурга не можа пахваліцца такой чысцінёй і прыгажосцю. Я прайшоўся па калідорах, зазірнуў у класы: нідзе не ўбачыў разбітых вокнаў, памаляваных сцен ці сапсаваных партаў...”

Дзякуючы 18-ці адзінаццацікласнікам школы, падчас “падарожжа” ў гэты вечар прысутныя пабывалі на “ўроках” фізкультуры, літаратуры і спеваў, дзе нават хорам праспявалі песню “Чаму вучаць у школе”. Анжаліка Стрыжыч падарыла цудоўныя імгненні сустрэчы з класічнай музыкай, сыграўшы твор на фартэпіяна. Квартэт дзяўчынак выканаў прыгожы музычна-танцавальны нумар “Музычны капеж”. Старэйшых выпускнікоў песняй іх маладосці парадаваў настаўнік Юрый Чыжык. Самі госці змаглі праявіць сябе ў імправізаванай пастаноўцы казкі “Рэпка” і вясёлых гульнях.

Дырэктар школы Аляксандр Лагвіновіч не без хвалявання называў імёны самых знакамітых выпускнікоў установы. Прафесар БДУ, доктар фізіка-матэматычных навук Віктар Ерафеенка, былы міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч, дзейнічаючы памочнік прэзідэнта Мікалай Іванчанка, былы дырэктар Малькавіцкай школы, які 26 гадоў узначальваў яе, Мікалай Сайка... “За гады існавання школы з яе сцен выйшлі 34 медалісты, нашых выпускнікоў можна ўбачыць па тэлевізары, прачытаць аб іх у газетах. Нашы вучні займаюць прызавыя месцы на конкурсах і алімпіядах, у тым ліку нядаўна адзінаццацікласніца Аксана Стрыжыч вярнулася з дыпломам ІІ ступені па беларускай мове з абласной алімпіяды”, — з гонарам расказваў пра дасягненнямі выхаванцаў установы Аляксандр Паўлавіч.

А напрыканцы сустрэчы выпускнікоў юбілейных выпускаў чакаў сюрпрыз — адзінаццацікласнікі ўручылі ім пяць тартоў з надпісамі “10 гадоў”, “20 гадоў”...  Аднак юбіляры былі настолькі ўдзячны за цудоўна падрыхтаванае мерапрыемства, цёплую сустрэчу, за магчымасць зноў завітаць у свае школьныя гады, што вярнулі салодкія падарункі адзінаццацікласнікам. “Хваляваліся, сіл шмат патрацілі, дык падмацуйцеся і — будзьце здаровы!” — пажадала рабятам і іх класнаму кіраўніку Таццяна Буйніч. Яе дружна падтрымалі госці школы.


Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики