weather

USD 2.4394

EURO 2.8764

RUR(100) 3.3218

search

Майстры і рацыяналізатары Ганцавіцкага ліцэя

У панядзелак, 12 сакавіка, у прафліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці журы падвяло вынікі выставы тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, удзел у якой прынялі навучэнцы і педагогі ўстановы.

Экспазіцыя выставы была сфарміравана па двух напрамках: “дэкаратыўна-прыкладная творчасць” і “тэхнічная творчасць”. “Месцы мы не прысуджалі: цяжка параўноўваць вельмі розныя па выкананні і выкарыстаных матэрыялах работы. Усяго было адабрана 20 найбольш цікавых і арыгінальных работ дэкаратыўна-прыкладной і тры — тэхнічнай творчасці”, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Бужан.

Па словах дырэктара прафліцэя сельгасвытворчасці  Вячаслава Кіпцэвіча, галоўная мэта выставы — выяўленне сярод навучэнцаў найбольш таленавітых. А для стымулу лепшыя работы будуць адпраўлены ў Пінск на рэгіянальную выставу творчасці.
Увачавідкі, галоўных мэтаў арганізатары выставы дасягнулі. Па-першае, з 20 груп, якія займаюцца ў ліцэі, 3 – знаходзяцца на практыцы, а ўсе астатнія 17 прынялі ўдзел у мерапрыемстве. Па-другое, многія створаныя рукамі навучэнцаў і іх выкладчыкаў вырабы сапраўды заслугоўваюць пільнай увагі.

Напрыклад, мяккія цацкі з выставы не толькі не горшыя за заводскія, – некаторыя нават лепшыя. Пэўна, таму, што ў іх – цяпло рук рабят з гуртка “Мяккая цацка” і іх кіраўніка Вольгі Кот.

Прыгожыя карціны вырабілі будучыя машыністы-экскаватаршчыкі (група 97), пры гэтым карысталіся акварэллю, саломкай і бяростай.

Будучыя леснікі (група 98) паказалі, якім цудоўным упрыгожаннем могуць стаць скінутыя лосем рогі, чучалы савы, галавы касулі. Сумеснае пано, выкананае рабятамі групы 74 на чале з кіраўніком Рымай Сергіеняй, сумяшчае ў сабе дзве тэхнікі – макрамэ і шыцця з кавалкаў тканіны. Выявіліся і асобныя рукадзельнікі, работы якіх сведчаць аб тым, што займаюцца сваім хобі юнакі і дзяўчаты даўно і сур’ёзна.

Асабліва ўражваюць вырабы з бісера Віталя Зайцава і Сяргея Пракапенкі (групы 99, 101).

У напрамку “тэхнічная творчасць” экспанатаў хоць і менш па колькасці, затое якія яны! “Мы робім рэчы практычныя”, — коратка і ёмка характарызуе прадстаўленыя тут вырабы прызнаны “мэтр” ліцэйскага рацыяналізатарства і вынаходніцтва, майстар вытворчага навучання, кіраўнік гуртка “Вынаходнік” Анатоль Акуліч.

Цэнтральным экспанатам прызнана машына для прамыўкі сістэмы ацяплення. Звычайна для гэтай справы адміністрацыя запрашае камунальнікаў, і паслугі іх, адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Бужан, абыходзяцца дорага. У наступным навучальным годзе ліцэй абыдзецца сваімі сіламі.

“Гэта дырэктар падаў ідэю: паспрабаваць зрабіць такі агрэгат. Мы з рабятамі з групы 95 справіліся, — пагладжвае бачок свежапафарбаванага экспаната Анатоль Эдуардавіч. — Мы аб’ядналі два кампрэсары, і цяпер, хаця і павольней, чым камунальнікі, але ўсё ж можам прадуць і малую, напрыклад, у кватэры, і даволі вялікую, як у ліцэі, сістэму ацяплення”.

Анатоль Акуліч, як чалавек захоплены, падрабязна расказаў і пра іншыя тэхнічна-творчыя распрацоўкі, якія вырабіў разам з выхаванцамі: пра шынамантажны агрэгат, зроблены з кампрэсара ад халадзільніка і іншых бытавых рэчаў, пра малагабарытныя, лёгкакіруемыя, шматфункцыянальныя матаблокі “Агароднік”.  У адным з іх маторам служыць бензапіла “Урал”, якую можна выкарыстоўваць і па непасрэдным прызначэнні. У другім — гідраўлічная сістэма прывядзення механізма ў дзеянне, якая дазваляе матаблоку быць больш магутным і лягчэй кіраваць яго хуткасцю.

Цікавыя экспанаты прадставілі разам са сваімі выхаванцамі майстры вытворчага навучання Мікалай Макатрэвіч, які вядзе гурток “Юны тэхнік”, і Уладзімір Рулінскі.  “Вось у гэтай электрасушылцы можна сушыць грыбы і садавіну. Спрабавалі, атрымліваецца выдатна. А раней гэтая скрыня захоўвала стужкі з фільмамі, — расказвае Мікалай Макатрэвіч. — Вось некалькі вучэбных дапаможнікаў, вырабленых мной з выхаванцамі і калегам Аляксандрам Рабцэвічам з яго вучнямі. Дарэчы, такія дапаможнікі пакуль толькі ў нашым ліцэі выконваюцца на паваротных падстаўках”. І далей Мікалай Адамавіч разам з ліцэістам Вячаславам Васілевічам паказвае і расказвае аб энергазберагаючай выцяжцы, электрычным кампрэсары, удасканаленым культыватары-міжрадніку.

Майстар Уладзімір Рулінскі і яго выхаванец Віктар Валасюк дэманструюць вучэбна-наглядны дапаможнік “Карбюратар”, выкананы разам  з навучэнцамі групы 75. “Выкладчык ставіць задачы: знайсці, даць назву, паказаць… І адразу бачым, памыляецца навучэнец ці дае правільны адказ — у апошнім выпадку загараецца вось гэтая лямпачка» , — паказвае Уладзімір Дзмітрыевіч. Яго памочнік Віктар абагульняе: “Гэты прыбор дазваляе нават без дапамогі выкладчыка разабрацца ў складанай будове карбюратара і пракантраляваць сябе пры адказах”.

…Цяпер складана сказаць, ці стане хтосьці з сённяшніх ліцэістаў  прафесійным вынаходнікам ці майстрам мастацкіх вырабаў, ці зробіць хто-небудзь з іх адкрыццё. Аднак можна ўпэўнена сцвярджаць, што навыкі, набытыя ў ліцэі не толькі на занятках, але і ў вольныя гадзіны, саслужаць рабятам добрую службу. Вучоныя ўжо даказалі: творчыя людзі заўсёды бачаць некалькі шляхоў вырашэння нават самых складаных задач, не баяцца новага і заўсёды ў дзеянні.


Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики