weather

USD 2.4475

EURO 2.8771

RUR(100) 3.2997

search

Вязні фашызму не павінны адчуваць сябе адзінокімі

На Ганцаўшчыне пражывае 47 былых вязняў фашызму, у тым ліку 27 былі тады непаўналетнімі. Аб гэтым і аб шмат іншым расказаў журналісту “ГЧ” старшыня Ганцавіцкай ГА “Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму” Сцяпан Фёдаравіч Кучынскі ў інтэрв’ю з нагоды Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх лагераў, які адзначаўся 11 красавіка.

— Сцяпан Фёдаравіч, як і калі была створана ваша раённая грамадская арганізацыя?

— У 90-х гадах мінулага стагоддзя зрушылася з мертвай кропкі наша пытанне: былых вязняў пачалі адшукваць, ставіць на ўлік. Шукаў, збіраў людзей і я. У выніку знайшлося ў раёне 296 былых вязняў. На агульным сходзе, які прайшоў у 1993 годзе, мяне абралі старшынёй створанай арганізацыі. У 2005 годзе нашу арганізацыю зарэгістравалі ў вобласці, мы ўвайшлі ў абласную арганізацыю.

— Чым займаецца ваша арганізацыя?

— Многія з былых вязняў цяпер ляжачыя, таму сабраць разам іх складана. Звычайна сувязь падтрымліваем праз тэлефон. Найчасцей гутарым з Сяргеем Нічыпаравічам Мясаедзенкавым, Паўлам Аляксеевічам Малашчыцкім, Рыгорам Ігнатавічам Колбам, Віталем Іванавічам Сёміным, які цяпер пражывае ў Баранавічах, але прыязджае ў наш горад, звоняць і іншыя. Калі з’яўляюцца нейкія змяненні, дапаўненні ў заканадаўстве ці лакальных дакументах, якія датычацца нашай катэгорыі, тэлефаную я і даводжу да людзей інфармацыю.
Бывае, прыедзе з вёскі старая кабеціна па якой-небудзь справе, самой цяжка ў чэргах стаяць ці не ведае, куды ісці. Тады яна тэлефануе мне, дапамагаю.

— Вы таксама з ліку вязняў, якія трапілі ў Германію непаўналетнімі?

— Так, мяне ў 1943 годзе забралі разам з бацькамі, мне было тры з паловай гады. Тады ў нашай вёсцы Дубновічы Пінскага раёна забілі двух нямецкіх афіцэраў. У сувязі з гэтым немцы прыслалі карны атрад, акружылі вёску, спалілі, нават царкву не пашкадавалі. А людзей адправілі ў Германію. Мы трапілі ў горад Брачвайт, мястэчка Шэпельштэт. Нас вызвалілі больш чым праз два гады амерыканскія войскі. Праўда, па малалецтве я мала што запомніў з таго часу.

— Аднак, пэўна, стан здароўя не дазваляе забыць тыя гады?

— Так, здароўе слабое ва ўсіх, хто быў вязнем. І ў мяне ў тым ліку, я інвалід другой групы.

— Якімі льготамі карыстаюцца вязні?

— Раней у нас было шмат ільгот. Цяпер амаль усе адменены. Праўда, штомесяц нам даплачваюць невялікую суму да пенсіі. Але часцей мы карыстаемся льготамі па інваліднасці. І то ёсць праблемы. Напрыклад, цяпер мне прыходзіцца высвятляць, чаму райэнергасеткі адмянілі мне льготу па аплаце электраэнергіі? Мы жывём з жонкай, павінны аплачваць 75 працэнтаў ад кошту за выкарыстаную электраэнергію. Раней так і было, а цяпер патрабуюць аплачваць усе 100 працэнтаў. Кажуць, сын прапісаны. Аднак ніхто не зважае на тое, што пражывае і працуе ён у Мінску. Спадзяюся, я сваё права адстаю.

— Магчыма, раённая ўлада можа паспрыяць вам? Наогул, ці ўдзяляе яна ўвагу былым вязням?

— Я ўжо звяртаўся ў сацыяльную службу райвыканкама, там мне сказалі, што я маю рацыю і павінен аплачваць толькі 75 працэнтаў.
Увогуле, нас прыраўнялі да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, і іншы раз раённае кіраўніцтва на розных мерапрыемствах нагадвае, што ёсць такая катэгорыя людзей, якія адпакутавалі ў нямецкім палоне. Звычайна ў Дзень Перамогі нам даюць “паёк”, як старшыня арганізацыі, я ўдзельнічаю ва ўрачыстым мерапрыемстве ва ўрочышчы «Горкі». Нядаўна, на святкаванні 25-годдзя ветэранскай арганізацыі, старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч сказаў добрыя словы пра нас. Для былога старшыні райвыканкама мы былі абузай, ён адштурхоўваў нас, калі мы звярталіся да яго са сваімі клопатамі. Цяпер у нас ёсць надзея, што новы кіраўнік больш лаяльны.

— У памятную дату што можаце пажадаць членам сваёй грамадскай арганізацыі?

— Мне хацелася б пажадаць, каб яны заўсёды ведалі: мы — не адзінокія. Можна патэлефанаваць адзін аднаму, пагутарыць. Мой тэлефон ведаюць, пэўна, усе члены арганізацыі: 2-16-18. У гэтую памятную дату жадаю былым вязням здароўя, мірнага неба, дабрабыту і цяпла блізкіх.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики