weather

USD 2.0566

EURO 2.281

RUR(100) 3.1056

search

У новай кватэры ў Ганцавічах падвесная столь абараняе яшчэ ад дажджу

Работнікі ПМК-14 і камунгасаўцы, якія і ўночы, і днём прыязджалі, каб знайсці, адкуль жа пацякла вада са столі ў кватэры №36 у новым доме па вуліцы Арлоўскага, разводзяць рукамі. Спецыялісты не могуць знайсці прычыну.

Па словах гаспадыні кватэры, у нядзелю, за гадзіну да дажджу, яна пачула, што на падлогу капае вада. Шматдзетная сям’я, якая выхоўвае чацвярых дзяцей, пастаралася зрабіць рамонт і ў пакоях зладзіць падвесную столь.

Дык вось, калі столь пачала правісаць і пачаў вымалёўвацца “мячык”, жанчына забіла трывогу. Адрэагавалі і камунгасаўцы, і работнікі ПМК-14, у якой дом знаходзіцца на гарантыі.

Будаўнікі ўгаварылі суседа з верхняга паверха і разбілі падлогу, агаліўшы трубы, правяралі прыборамі – аніякіх прымет. Гаспадыня мяркуе, што вада пацякла з трубаў ацяплення, бо на столі ў некалькі мясцінах з’явіліся ржавыя падцёкі. І на шафу нацякло, цяпер прыйдзецца яе рамантаваць. Праўда, жанчына перасцераглася і застрахавала маёмасць, таму спадзяецца, што матэрыяльную кампенсацыю атрымае.

АД РЭДАКЦЫІ:

Сітуацыя даволі частая і можа закрануць кожнага. Што рабіць у такіх выпадках? Па-першае, застрахаваць маёмасць і мець грамадзянскую адказнасць, каб не заліць суседа знізу, калі гэта не першы паверх. Па-другое, патрабаваць скласці акт заліцця кватэры і самому таксама зафіксаваць тыя наступствы, якія мелі месца.

Страхаўшчыкі не будуць намагацца, каб выплаціць больш, чым патрэбна, таму добра мець доказы, колькі каштуюць матэрыялы, рамонт, а для гэтага захоўвайце чэкі, дагаворы з тымі, хто праводзіў рамонт і гд.

І трэцяе: трэба звяртацца пісьмова (!). Для гэтага пазнаёміцца як мінімум з законамі аб “Зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”, законам “Аб правах спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг”. Ну а для падпісчыкаў “ГЧ”, як многія ўжо ведаюць, ёсць магчымасць атрымаць бясплатна юрыдычную кансультацыю

comments powered by HyperComments
Из рубрики