weather

USD 2.6352

EURO 3.0778

RUR(100) 3.329

search

Студэнтка БДУ Марыя Маляўка з вёскі Задуб’е – сярод пераможцаў

Адной з лепшых літаратурна-публіцыстычных работ, прысвечаных 130-гадоваму юбілею Якуба Коласа, быў прызнаны нарыс студэнткі 4 курса факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Марыі Маляўкі з в. Задуб’е. Віктарына праходзіла ва ўніверсітэце. Нягледзячы на тое, што работа нашае зямлячкі заняла другое месца, менавіта яе запрасілі на вечарыну прачытаць сваю творчую працу. Вечарына прайшла ў сераду, 12 снежня, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

Чытаць яе нарыс “Некалькі слоў аб палескай глушы”, – адно задавальненне. Марыя здолела так па-мастацку перадаць любоў да сваёй малой радзімы – Палесся, што міжвольна думаеш, можа, нездарма ў свой час там жыў і працаваў Колас. Ён не толькі сам напіўся дзівоснага водару палескай зямлі, што ўзмацніла талент, але і перадаў гэтаму краю сваю творчую літаратурную энергетыку, якая і праз гады дае свае плады, – выказалася вядучая мерапрыемства Вікторыя Бежалева, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта БДУ, супрацоўніца аддзела гуманітарна-асветніцкай работы Фундаментальнай бібліятэкі БДУ. – Асабліва мне спадабалася патрыятычная парада Марыі ўсім нам. Знаходзіцца яна ў апошнім радку яе нарыса: “Трэба памятаць пра адну важлівую рэч: пры знаёмстве ўсміхацца і казаць: Я з Палесся. А Вы?”

Прачытаць гэты нарыс мы прапануем вам, паважаныя чытачы “ГЧ”.

Некалькі слоў аб палескай глушы

Аднойчы мне пашанцавала прачытаць цудоўны твор пра свае родныя мясціны. Аўтарам быў Якуб Колас.

Гэты твор – вядома ж, раман “На ростанях”, а дакладней, яго першая частка – “У палескай глушы”. Палова майго дзяцінства прайшла ў палескай глушы. Чытаць пра мясціны, якія ты дабра ведаеш, кожны дзень бачыш, любіш на самым несвядомым узроўні – гэта моцна. А ўсведамленне таго, што гэты твор агульнавядомы, што яго чытала і чытае вялікая колькасць людзей, – адно з самых незвычайных пачуццяў.

Мая гістарычная радзіма, маленькая вёсачка, знаходзіцца за 15 кіламетраў ад вескі Люсіна, дзе жыў і працаваў Якуб Колас. “Цельшына” – усміхаюся пра сябе, калі праязджаю міма на цягніку. Зусім побач са мной Малькавічы – ўпаміналіся ў рамане як “Малкавічы”. Гэта старая іх назва; некаторыя людзі сталага ўзросту дагэтуль так вымаўляюць. Ганцавічы – цяперашні райцэнтр – таксама ўпамінаюцца ў тэксце. Толькі ў тыя часы яны былі адной са звычайных навакольных весак.

Страшна ўявіць сабе тую колькасць падзей, якія пранясліся, прагрукацелі над гэтымі мясцінамі за стагоддзе, што мінула з часоў настаўніцкай працы Коласа ў Люсіне. Войны, бунты, перавароты, знаходжанне ў складзе розных дзяржаў, змена рэжымаў і эканамічнага ўкладу… І яшчэ больш неверагодным здаецца тое, што гэтая зямля так мала змянілася, так добра захавала сваю мясцовую культуру і лад жыцця.

Праз Люсіна і Малькавічы пралягла аўтамабільная траса з добрым асфальтам, але калі адысці за кіламетр убок ад яе, усе прыкметы тэхнагеннай цывілізацыі знікаюць у гуле сасновага бору. Тут пачынаюцца свае спрадвечныя сцежкі, яны жывуць асобным жыццём, незалежна ад астатняга шумнага і бурлівага свету. Па гэтых сцежках хадзіў некалі малады настаўнік Канстанцін Міцкевіч, паглыблены ў свае думкі, смутныя ці вясёлыя – вядома толькі старым замшэлым соснам, якія маюць сваю, непадуладную нам памяць.

Тут пануе свой ход часу, сваё вымярэнне. Хто прыязджае сюды, павінен перабудаваць свой жыццёвы рытм, свае думкі на іншы лад. Жыццё ідзе паводле заведзенага парадку, і нават не ўзнікае пытанне, чаму ўсе адбываецца менавіта так. Людзі больш маўклівыя, гутаркі – павольныя, думкі – паважныя і грунтоўныя. Вясковы чалавек болей часу праводзіць у адзіноце ў параўнанні з гарадскім; акрамя таго, у нашых мясцінах вёскі губляюцца сярод лясоў. Невялікія асяродкі чалавечага жытла сярод лясных прастораў.

Прыехаўшы сюды, вяртаешся ў мінулае – але ў якое дакладна мінулае, сказаць нельга. Культура мясцовай грамады толькі часткова савецкая – яна больш даўняя за савецкую. Здаецца, сацыялізм толькі пакінуў знешні след, павярхоўны налёт на вобразе жыцця гэтых людзей. Карані народнай свядомасці сыходзяць глыбей.

Таянне снегу, цвіценне яблынь, першая маладая бульба, збор журавін, асеннія замаразкі – падзеі, нашмат важнейшыя за фінансавы крызіс ці палет на Юпітэр. У гэтым ёсць спрадвечная мудрасць: сапраўды, што такое сусветны эканамічны крызіс у параўнанні з водарам скошанай напярэдадні травы?

Цёплымі летнімі вечарамі паветра напаўняецца пахамі ад нагрэтай зямлі, старыя ліпы кідаюць карункавыя цені на асфальт, і вёска прыадчыняе дзверы да таямніцы свайго ідылічнага жыцця. Сем’і збіраюцца да вячэры, на лаўках перад хатамі цякуць мірныя гутаркі. Звон дзіцячых галасоў трымціць у паветры – гарадскія ўнукі цешацца з свабоды. Многія вяскоўцы по вечарах распальваюць вогнішчы ў двары і гатуюць на іх вячэру; для зручнасці выкарыстоўваецца мясцовая тэхналогія – “печка” з асновы трактарнага кола. На яе дужа зручна ставіць чыгунок ці патэльню. Над чыгунком з бульбай уздымаецца духмяная пара, сала шкварчыць на патэльні, падсмажваецца цыбуля… Гэта не проста прыгатаванне вячэры – гэта таемны рытуал яднання сям’і і роду. Няма нічога больш звычайнага і ў той жа час больш сімвалічнага для беларуса, чым бульба з падсмажаным салам.

А тым часам цямнее, і цёплае пругкае паветра лашчыць твар, мякка абдымае з усіх бакоў, ахутвае начным шэптам лістоты і стракатаннем конікаў. Па вуліцы прагульваюцца дзяўчаты, часам, абняўшыся, праходзяць закаханыя. Размовы напаўголасу далучаюцца да мяккіх гукаў начной вескі. Здаецца, і каханне тут мае свой непаўторны, чароўны водар: ды і як інакш, калі цёмнае паветра навакол дыхае прадчуваннем таемнага, неспазнанага шчасця? Такім самым чароўным водарам напоўнена каханне Андрэя Лабановіча і Ядвісі…

А летнія дні бягуць, і ночы халадаюць; надыходзіць жнівень з водарам спелых яблыкаў, а за ім і восень прыганяе шэрыя хмары. Лес шуміць вяршкамі сосен і цягне да сябе – за крамянымі баравічкамі, падбярозавікамі, рашэтнікамі… Хутка надыйдуць халады, падзьме калючы вецер, і ў печцы весела затрашчыць полымя. Вокны засвецяцца ўтульнымі агеньчыкамі сярод цемры глухіх лістападаўскіх вечароў…

І вось на зямлю апускаюцца першыя сняжынкі, укрываюць дрэвы і хаты; завіруха замятае ўсе наваколле іскрыстым белым покрывам. Крама – цэнтр вясковага жыцця – упрыгожваецца да Калядаў, таксама, як і шмат гадоў назад. Зімой у краму ходзяць, каб паслухаць і абмеркаваць навіны; бабулькі падоўгу сядзяць на краі нізкага памосціку, трошкі адсунуўшы вёдры ды іншыя гаспадарчыя тавары. Вядуцца доўгія, грунтоўныя размовы, пакуль за вокнамі апускаюцца сінія зімовыя прыцемкі.

Праходзяць Каляды, прабягаюць кароткія зімовыя дні; незаўважна ў душах нараджаецца чаканне вясны, цяпла і свету. Надзея на аднаўленне – спрадведчы сімвал нашай свядомасці. Вёска прадчувае вызваленне ад зімовых кайданаў: неўзабаве патокі вады змыюць снег і лед, падзьме лагодны ветрык, змяшае пахі мокрай зямлі, прымусіць расправіць грудзі і ўдыхнуць глыбей. Надыдзе цёплае лета, і зямелька падаруе новы ўраджай…

Мінаюць гады, жыцце ідзе сваім шэрагам, а мы зноў і зноў вяртаемся ў родную вёсачку. І са здзіўленнем адзначаем: “Колькі ўсяго са мной адбылося з тых часоў, калі я быў тут апошні раз!”. “Вярніся туды, дзе нічога не змяняецца, каб зразумець, як змяніўся ты сам,” – сказаў нехта. Гэта магчымасць праверыць сябе: ці сталі мы лепшымі за гэты час? Ці набраліся вопыту? Ці не адчуваем непакой за нейкія ўчынкі? Чамусьці тут ніколі не атрымоўваецца хлусіць самому сабе.

Палескія вёсачкі ніколі не адпускаюць сваіх жыхароў назаўседы. Мы вяртаемся. З розных гарадоў, краін, кантынентаў, раз у месяц, год ці паўжыцця… Вяртаемся да сябе. Да бацькоў. Да дзяцінства.
Чароўнае Палессе, некранутыя лясы, увекавечаныя Коласам мясціны… Трэба памятаць пра адну важлівую рэч: пры знаёмстве ўсміхацца і казаць: “Я з Палесся. А Вы?”

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики