weather

USD 2.5708

EURO 3.0138

RUR(100) 3.2999

search

Гонар і годнасць народа – яго мова

Як патрыёта Бацькаўшчыны, мяне хвалюе вельмі важнае пытанне, якое, на маю думку, павінна было хваляваць кожнага грамадзяніна нашай краіны. Ды, на жаль, хоць хвалюе многіх, але далёка не ўсіх. Гэта катастрафічны стан роднай мовы.

Я перабольшваю, сказаўшы «катастрафічны»? Ніколькі. Вось хоць бы прыклад. У лютым адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Пацікавілася, як жа ён адзначаўся ў нашай краіне, дзе праблема роднай мовы стаіць вельмі востра. Так, многія СМІ далі матэрыялы, прысвечаныя гэтай даце. У дзвюх газетах, якія выдаюцца ў нашым раёне, не забыліся на гэты дзень. “Савецкае Палессе” падало некалькі вершаў пра родную мову сяброў літаб’яднання “Верасок”. Газета «Ганцавіцкі час” змясціла артыкул Марыі Заляценкі “Клопат пра мову – клопат пра будучыню нацыі”. Гэты артыкул радасна ўсхваляваў мяне, дзякуй і аўтару, і рэдакцыі выдання. Радасна, бо адчула, што я не адзінокая, што ў мяне ёсць аднадумцы. Мне баліць сэрца за мову, трэба, каб як мага большай колькасці беларусаў балела. Тады будзе нешта мяняцца да лепшага.

Мне аднойчы субяседніца ў гаворцы, што вялася між намі па пытанні роднай мовы, заўважыла: “Што толку, што ты пішаш пра мову? Што мяняецца?”. Я не пагадзілася з яе меркаваннем аб карысці маіх выступленняў у абарону мовы, бо разумею, калі хоць аднаго праціўніка беларускамоўя ці абыякавага да гэтага пытання чалавека прымусіла, няхай і не перайсці на беларускую мову, а хаця б задумацца над праблемай, то ўжо не дарэмна.

Ратуйце мову!

Дык вось я ўпэўнілася: у Дзень роднай мовы некаторыя школы і бібліятэкі выкарысталі гэты дзень для прапаганды роднай мовы, прапаганды беларускай літаратуры. Сумна: некаторыя. А ў большасці – «тишь, да благодать». А ў гэты ж дзень нам, беларусам, трэба біць у набат, крычаць са званіцы: “Каравул! Ратуйце мову!”

Я не разумею сваіх суайчыннікаў. Не магу зразумець абыякавасці народа да мовы продкаў. Галоўную прычыну ўсяго гэтага бачу ў няведанні сваёй гісторыі, сваіх каранёў. Гэта і наша віна, і наша бяда. Памятаеце, як у класіка: “Мы все учились понемногу чему-нибудь и как-нибудь?”. Вось у гэтым і бяда, што як-небудзь. Кожнаму з нас можна крыху ведаць з асноў фізікі, матэматыкі, хіміі... А вось ведаць гісторыю народа свайго, Бацькаўшчыны, літаратуру (як сродак пазнання гісторыі і жыцця) трэба абавязкова, прытым глыбока. Мы б ведалі, які шлях прайшоў наш народ, хай гераічны, хай трагічны, ведалі б імёны слаўных сыноў і дачок Радзімы, бачылі б, якімі ахвярамі усцелены той шлях, які прайшлі нашы прашчуры. Таму і цанілі б тое, што мы сёння маем: маем беларускі народ, дзяржаву Беларусь і неад’емнае ў свяшчэннай трыядзе – беларускую мову.

Беларуская мова – роўная сярод еўрапейскіх

Мінулы год прайшоў як год, калі мы і ўсё перадавое чалавецтва адзначала юбілеі нашых класікаў Купаля, Коласа і Багдановіча, славутых сыноў нашага народа, якія праславілі нас на ўвесь свет, паказалі, што беларуская мова – роўная сярод роўных еўрапейскіх народаў, а ў мілагучнасці другая ў свеце пасля італьянскай (Адам Міцкевіч першы падмеціў, а потым з ім пагадзіліся і ўсе). Нам бы ганарыцца гэтым, а мы... Мы саромеемся сябе. Вам хіба не прыходзілася чуць, як замежнікі не могуць ніяк даўмецца, бываючы ў Беларусі, чаму гэта беларусы так не любяць сваю мову.

Ганьба нам, беларусам, ганьба! І самі ж вінаватыя. Віну гэтую мы можам змыць, пакаяўшыся перад мовай, продкамі і Богам, што мы адрынулі тую мову, якую Усявышні даў нашаму народу.

У нас многае ёсць. Пра многае мы дбаем. Але ж можа не стаць самага галоўнага нацыянальнага скарбу – роднай мовы, якая адрознівае народ ад натоўпу, якая аб’ядноўвае яго, якая вылучае нас сярод іншых народаў. Пра якую незалежнасць можна гаварыць, карыстаючыся хай братняй, але ж чужой мовай? Хтосьці западозрыць мяне ў нелюбові да суседкі Расіі і рускай мовы. Зусім не. Усе жыццё я выкладала ў школе “великий и могучий русский язык». Прывівала любоў да яго сваім вучням.

Бясконца люблю і захапляюся рускай літаратурай і сёння, а рускую літаратуру XIX стагоддзя лічу першай у сусветнай літаратуры. Але ж, як сапраўдны інтэрнацыяналіст, любячы і паважаючы чужое, не прыніжаю сваё. Па жыцці карыстаюся беларускай мовай, якую засвоіла з малаком маці.

Хай суседзі вернуць Беларусі яе скарбы

З Расіяй мы будуем саюзную дзяржаву, яна наша бліжэйшая суседка і саюзніца. Бачачы, як мы шануем мову гэтай дзяржавы, няхай бы і яна пашанавала нас, вярнуўшы нашае нам. Да прыкладу, тое, што было вывезена ў Расію пасля падаўлення паўстанняў Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага, што трапіла ў архівы Масквы, Санкт-Пецярбурга пасля завяршэння Другой сусветнай вайны (напрыклад, зборы беларускіх магнатаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Агінскіх, Пацаў). Гэта ж сапраўдныя скарбы магнацкіх калекцый: гістарычныя дакументы, партрэты продкаў, старажытная зброя, мастацкія творы сваіх і замежных мастакоў. А чаму ж Масква перадала Літоўскую метрыку не нашай Нацыянальнай бібліятэцы, а Вільнюсу? А яна ж напісана на беларускай мове. Старажылы гаварылі: “Чыя мова, таго і зямля”. А чаму Расія з Санкт-Пецярбургам не верне Архіў уніяцкіх мітрапалітаў, вывезены з нашых Жыровічаў? Нашы вучоныя сцвярджаюць, што расіяне яго ніколі не вывучалі і вывучаць не будуць. Ён там проста загіне. Чаму б нашай саюзніцы не вярнуць бясцэнныя каштоўнасці Беларусі, калі яны канфіскоўваліся царскім урадам у іх уладальнікаў на тэрыторыі Беларусі? А слуцкія паясы? Ды і сапраўдны крыж Еўфрасінні Полацкайшукаць трэба, канешне, у скарбніцы Маскоўскага патрыярхату. Вярнулі б мы крыж на радзіму, дык можа, яе заступніцтвам і малітвамі перад Усявышнім і ён павярнуўся б тварам да нас. А яшчэ – звярніся мы да Яго на дадзенай Ім нам мове! Вяртаюць жа Грэцыя і Егіпет сёння свае помнікі з музеяў Лондана і Берліна.

Сумленны беларус! Загавары па-беларуску!

У мове – жыццё і смерць народа. Гэткі вывад зрабілі яшчэ старажытныя. Дык выходзіць, мы як народ выміраем. Трапна выразілася паэтка з Ляхавіччыны Вера Дыдышка: “Беларускае слова ў блакадзе”. Падзяляю боль і недаўменне аднаго з патрыётаў Бацькаўшчыны, які з горыччу канстатуе:

Пражыўшы жыццё немалое,
Даймае мяне неспакой;
Чаму беларусы без болю
Зракаюцца мовы сваёй?”

Забыўшы матчыну мову, ці далёка мы пойдзем? Гэта толькі пачатак. Пойдзем, але ці ў патрэбным напрамку? Задумаемся, суайчыннікі! З заняпаду мовы пачынаецца незваротны шлях. Мудры наш беларускі народ трапна падмеціў: “Хто з матчынай мовы пасмяецца, той у старасці ад маткі адрачэцца”. Вось як побач стаяць родная мова і чалавечая годнасць.

Калі мы не некалі, не потым, а цяпер не зменім сваё стаўленне да мовы, то яе чакае незайдросны лёс. Паводле даведніка “Этнолаг” Б.–Ф. Грайлеса, у свеце існуе больш за 6800 моваў і дыялектаў. Згодна з прагнозамі вучоных, на працягу бліжэйшых ста гадоў знікнуць 80-90% моў свету. Дык мо не дадзім нашаму скарбу трапіць у лік гэтых працэнтаў?! Абаронім мову, абаронім будучае нашых нашчадкаў!

Сумленны беларус! Абудзі ў сабе грамадзянскія пачуцці: загавары па-беларуску! Усюды! Сёння ж! І заўсёды! Бо без мовы не будзе нас як народа. Бо хто ж тады будуць нашы ўнукі і праўнукі? Родная мова – адно з самых вялікіх тварэнняў народа, яго гордасць і годнасць.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments