weather

USD 2.5399

EURO 3.0029

RUR(100) 3.3212

search

Сёння — 100 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш

Асуджаная савецкімі ўладамі на 25 гадоў пазбаўлення волі, у 1956 годзе паэтка была датэрмінова вызваленая, але дагэтуль не рэабілітаваная. Ларыса Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч) нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў фальварку Жлобаўцы (зараз Ваўкавыскі раён Гарадзенскай вобласці). У 1935 годзе выйшла замуж за студэнта Карлавага ўніверсітэта Янку Геніюша і ў 1937 году з'ехала да яго на жыхарства ў Прагу. У 1947 годзе атрымала чэхаславацкае грамадзянства. У 1948 годзе па загадзе з Масквы была разам з мужам арыштаваная ў чэшскім горадзе Вімперк і дэпартаваная ў СССР. Ларысу Геніюш прысудзілі да 25 гадоў пазбаўлення волі, пакаранне яна адбывала ў Комі АССР, нагадвае БелаПАН .

У 1956 годзе муж і жонка былі вызваленыя і вярнуліся на радзіму мужа, у Зэльву, дзе паэтка жыла да сваёй смерці ў 1983 годзе. Пры жыцці выйшлі кнігі «Невадам з Нёмана» (1967) і «На чабары настоена» (1982), пасля смерці — «Белыя сон» (1990), «Споведзь» (1993), «Выбраныя творы» (2000) і «Каб вы ведалі» (2005). Па матывах аповесці «Споведзь» на кінастудыі «Беларусьфільм» зняты мастацкі фільм «Птушкі без гнёздаў» (рэжысёр Віталь Дудзін).

У інтэрв'ю БелаПАН лідэр руху «Гавары праўду!» паэт Уладзімір Някляеў адзначыў: «Афіцыйнае стаўленне да Ларысы Геніюш адмоўнае, бо яна з вялікай адказнасцю падыходзіла да свайго жыцця і творчасці. Праявіла сябе як чалавек, які ставіць ў аснову сваёй творчасці нацыянальную мову і культуру».

Цяперашнія беларускія ўлады, па словах Някляева, «не падтрымліваюць гэтыя каштоўнасці». «Яны не хочуць цікавіцца ні нацыянальнай культурай, ні нацыянальнай мовай, ні нацыянальнай літаратурай. Яны не хочуць імі авалодваць, лічаць, што проста ў гэтым не маюць патрэбу», — сказаў паэт.

З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш 7 жніўня ў Зэльве прайшлі афіцыйныя і нефармальныя мерапрыемствы. Афіцыйныя праводзіліся ў мясцовым Доме культуры, куды прадстаўнікоў альтэрнатыўнага Саюза беларускіх пісьменнікаў на чале з Някляевым не пусцілі. У выніку прэзентаваць двухтомнік твораў Геніюш ім прыйшлося на прыступках Дома культуры.

Двухтомнік выйшаў тыражом 400 асобнікаў у менскім выдавецтве «Лімарыюс». У першы том увайшлі вершы і паэмы: выбранае з прыжыццёвых кнігаў і публікацыяў у маладасягальнай перыёдыцы, прычым 74 вершы друкуюцца ўпершыню. У другі том уключаная мемуарная проза: «Споведзь» і «Сто ранаў у сэрца». Асобны раздзел кнігі склалі лісты, большасць якіх публікуецца ўпершыню.

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі таксама наведалі магілу пісьменніцы і дом, дзе яна жыла. Напярэдадні на сцяне будынка была ўсталявана памятная дошка, аднак супрацоўнікі міліцыі яе знялі, заявіўшы, што дошка знаходзіцца там незаконна.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики