weather

USD 2.5399

EURO 3.0029

RUR(100) 3.3212

search

Да ўгодкаў паэта-земляка Міхася Рудкоўскага

17 красавіка споўніліся 77-ыя ўгодкі нашага славутага паэта-земляка Міхася Рудкоўскага. Ён прыйшоў у беларускую літаратуру ў пачатку 1960-х гадоў. Як зазначыў прафесар і пісьменнік Уладзімір Калеснік, Міхась Рудкоўскі з’яўляецца першым па часе прафесійным паэтам Ганцаўшчыны.

На яго радзіме, у Востраве, створаны Літаратурны музей Міхася Рудкоўскага і ягоным іменем названа Востраўская школа. Міхась Рудкоўскі – сапраўдны майстра слова. Пра гэта сведчыць не толькі вялікая колькасць напісаных ім кніг, a і той факт, што яму былі падуладны многія жанры: балада, элегія, санет, трыялет і іншыя.

Як паэт-лірык М. Рудкоўскі быў улюбёны ў Беларусь, ганарыўся гісторыяй роднага краю. Сваё ж роднае Палессе ён любіў асаблівай любоўю:

Край бярозаў і гонкіх соснаў,
Край лугоў і заток азёрных...
Сімвалічнай назвай усяго роднага палескага краю ў творчасці Міхася Рудкоўскага сталі Сінія Брады. У іх цячэ казачная жывая вада, якая асвятляе вочы, робіць шчырым сэрца, не дазваляе рукам рабіць брудныя справы:

У хвіліну трудную,
У хвіліну шчасную,
бы кулік з навальнічнага выраю,
вяртаешся зноўку і зноўку сюды.
Сінія Брады, родныя Брады,
як замова матулі ад напасці-бяды...

У асобную групу вылучаюцца вершы, так званыя прысвячэнні асобным, канкрэтным мясцінам нашага краю, з якімі было звязана жыццё паэта ці якія нечым уразілі яго. У вершы “Ганцавічы” аўтар шчыра прызнаўся, што было б з ім, каб не такі паэтычны край дзяцінства і не ганцавіцкая літаратурная школа ў гады маладосці:

Ёсць ціхі гарадок над рэчкай Цною,
сярод лясоў палескіхі балот…
Не знаю, што ў жыцці было б са мною,
Калі б яго на свеце не было...

Тут, на роднай Ганцаўшчыне, у лясах і на палянах, у полі і каля рэчкі знаходзіў наш зямляк росныя, буйныя, “бы ягады на голлі бруснічніку”, словы, якія “асыпаліся па вечарах за вёскай зіхоткімі знічкамі”. Менавіта да роднага краю звяртаўся хворы паэт з просьбай адпусціць яму яшчэ хоць крышачку творчых дзён:

...Родны край мой!
Краю мой асенні,
Не спяшайся цяпельца патушыць!
Песні я твае не ўсе даслухаў,
Селішчы не ўсе я абышоў,
Словаў, у якіх краса і дух твой,
Самых запаветных – не знайшоў.
Не паспеў, хоць я і прагнуў, зведаць
Самых-самых тайн тваёй душы...
Усё прыму: і горычы, і беды -
Зведаю!..
Цяпельца не тушы...

Паэтычныя творы прызнанага майстра слова Міхася Рудкоўскага будуць жыць доўга, бо іх аўтар моцна любіў людзей, родную зямлю, яе цудоўную прыроду, якую апяваў і за стан якой непакоіўся.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики