weather

USD 2.5402

EURO 3.0046

RUR(100) 3.3226

search

Круговіцкая царква адзначае 242 гады з дня яе заснавання

6 мая (23 красавіка па старым стылі) праваслаўным насельніцтвам адзначаецца царкоўнае свята ў гонар святога вялікапакутніка Георгія Перамоганосца – так званы цёплы Юр’еў дзень. У гэтае свята свой 242-і дзень нараджэння адзначае Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Вялікія Круговічы.

Свята-Георгіеўская царква ў Вялікіх Круговічах размяшчаецца ў цэнтры вёскі. Пабудавана яна на грошы мясцовага памешчыка Ксаверыя Абуховіча ў 1771 годзе. Першапачаткова, па ўсёй бачнасці, была ўніяцкай. У XIX стагоддзі стала праваслаўнай, тады, хутчэй за ўсё, капітальна рамантавалася ці ўвогуле перабудоўвалася. Мабыць, менавіта з-за гэтага, у шматлікіх літаратурных крыніцах перыядам яе пабудовы лічыцца другая палова XIX ст.

Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Вялікія Круговічы
Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Вялікія Круговічы / Фото: Виталий Герасименя

Трэба адзначыць, што і да азначанага часу ў Круговічах была свая хрысціянская святыня. Згодна з інспекцыяй цэркваў Навагрудскага і Мінскага паветаў 1680 годзе, якая была праведзена па ініцыятыве ўніяцкага мітрапаліта Кіпрыяна Жахоўскага ў гэтым населеным пункце знаходзілася капліца ў гонар святога Юрыя (Георгія).

Свята-Георгіеўская царква – помнік народнага драўлянага дойлідства. Двухзрубны храм: асноўны купалападобны аб'ём з трохграннай апсідай і бакавымі рызніцамі. У прасторавай кампазіцыі дамінуе высокі васьмігранны барабан са шлемападобным купалам. Арачныя аконныя праёмы аформлены рызнымі ліштвамі. Унутры апсіду вылучае двухярусны іканастас на сямнаццаць абразоў. Асобна пастаўлена званіца.

Унутраняе ўбранства Свята-Георгіеўскай царквы
Унутраняе ўбранства Свята-Георгіеўскай царквы / Фото: Виталий Герасименя

Згодна з Гісторыка-статыстычным апісаннем Мінскай епархіі за 1864 год становіцца вядома, што царква сапраўды была пабудавана ў 1771 годзе на грошы Ксаверыя Абуховіча. Штатнага даравання прычту выплочвалася 160 рублёў. Зямлі пры гэтай царкве сядзібнай, раллёвай і сенакоснай было 1,5 валокі (32 га). Прыхаджан налічвалася мужчынскага полу 617 і жаночага – 624. К дадзенай царкве была прыпісана Ушэсцкая драўляная царква ў вёсцы Агарэвічы. Зямлі пры якой было сядзібнай, раллёвай і сенакоснай 30 дзесяцін (33 га).

З Ведамасці аб Свята-Георгіеўскай царкве ў Круговічах за 1865 год можна даведацца, што яна была будынкам драўляная з такой жа званіцаю, да ацяплення была не прыстасаваная, начыння было дастаткова. Царква па колькасці належачых да яе па штату прыхаджан адносілася да шостага класа. Прычт складаўся з святара і дзячка.

Зямлі пры гэтай царкве сядзібнай, раллёвай і сенакоснай было 1,5 валокі (32 га), з якой толькі трэцяя частка была годная для ўжывання ў сельскагаспадарчых мэтах. Межавая кніга на зямлю мелася і захоўвалася пры царкве. Спраў па ёй не праводзілася. Зямлёю валодаў сам прычт.

Дом святара, адрына для скаціны, свіран і варыўня былі пабудаваны прыхаджанамі на царкоўнай зямлі. Іншых гаспадарчых пабудоў не было. Для дзячка ўвогуле ніякіх пабудоў не мелася. Прыналежачых царкве пабудоў ніякіх не было.

Даравання на ўтрыманне прычта атрымлівалася 160 рублёў срэбрам у год. Акрамя таго, памешчык Іван Абуховіч выдзяляў 24 рублі серабром ў год і на свечы 8 фунтаў (3,2 кг) воску.

Ад кансісторыі царква знаходзілася ў 154 вярстах (169,4 км) ад павятовага горада Слуцка ў 70 вярстах (77 км) і ад мясцовага благачыннага ў 35 вярстах (38,5 км).

Бліжэйшая ад гэтай царквы Дзяніскавіцкая Петра-Паўлаўская знаходзілася ў 9 (10 км) вярстах, прыпісная была ў Агарэвічах, дамавой царквы ў прыходзе не было.

У вобыскавай кнізе, выдадзенай за шнурам і пячаткаю Мінскай духоўнай кансісторыі ў 1841 годзе і замацаванай святаром Васілём Канапашэвічам, было пісаных лістоў 104 і 76 – чыстых.

Святаром быў 34-гадовы Юліян Ануфрыевіч Гарбацэвіч, які скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Да Круговіцкай царквы быў напраўлены 23 мая 1863 года. Дзячком – 20-гадовы Аляксандр Навіцкі, які навучаўся дзячкоўскім прадметам ў Пінскім псаломшчыцкім класе, па заканчэнні якога з 9 мая 1862 года быў напраўлены да гэтай царквы. Часта адлучаўся ад месца служэння без ведама святара і выкрываўся ў крадзяжах.

Пры царкве жыла 65-гадовая ўдава Разалія Міхайлаўна, жонка былога святара гэтай царквы Нікіфара Навіцкага. Святару яна прыходзілася цешчаю. З ёю жыла таксама яе сваячка 33-гадовая Яўгенія Іванаўна.

На 1865 год ў прыход уваходзілі наступныя населеныя пункты: Круговічы (менавіта так зачастую ў дакументах называліся Вялікія Круговічы – заўвага аўтара), Малыя Круговічы, Мельнікі, Шашкі, Агарэвічы, Любашава, Ганцавічы, Гута.

Старастаю пры царкве быў 28-гадовы Марцін Сцяпанавіч Татушкевіч.

Ў 1869 годзе ў Круговічах было адкрыта земскае народнае вучылішча.

У 1870 годзе Мінская духоўная кансісторыя за стараннасць і добрыя паводзіны настаяцеля Круговіцкай царквы Юліяна Гарбацэвіча ўзнагародзіла набедранікам. Псаломшчыкам на той час быў Еўграф Малевіч, а старастаю Фама Блінкоўскі.

На 1871 год Круговіцкай царкве быў патрэбен капітальны рамонт, а прыпісная Агарэвіцкая царква была трухлявай. Прыхаджан налічвалася 1045 мужчынскага полу і 1030 – жаночага. Святаром быў усё той жа Юліян Гарбацэвіч, а псаломшчыкам, скончыўшы Мінскае духоўнае вучылішча – Хрыстафор Мазюкевіч, які служыў тут з 1871 года.

З пабудоў для святара мелася: дом, гумно, свіран, адрына і варыўня, а для псаломшчыка – дом, гумно, адрына, свіран і варыўня. Зямлі сядзібнай, раллёвай, сенакоснай і пад хмызнякамі было 60 дзесяцін (66 га). Прычтам атрымлівалася 24 рублі ануатных.

Таксама мелася ў Круговічах сельская царкоўна-прыхадская школа – былое земскае народнае вучылішча, адчыненая ў 1869 годзе, якая змяшчалася ў агульным доме. У ёй на 1871 год навучалася 29 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка.

Крыж на званіцы
Крыж на званіцы / Фото: Виталий Герасименя

У Апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі, складзеным па афіцыяльна запатрабаваным ад прычтаў звесткам на 1879 год, захаваўся досыць вялікі і цікавы матэрыял аб прыходзе Круговіцкай царквы. Усё апісанне царквы і прыхода падзяляецца на шэсць частак: мясцовасць, царква, прычт, уладанні і сродкі ўтрымання царквы і прычту, царкоўныя і прыхадскія ўстановы.

Пачнём як і ў Апісанні з першай часткі – мясцовасць. Сяло Круговічы размешчана ў даволі адасобленай мясцовасці, у трэцяй благачыннай акрузе Слуцкага павета. Ад Мінска знаходзіцца ў 154 вярстах (169 км), ад Слуцка ў 70 (77 км), ад паштовай станцыі і ад Маскоўска-Брэсцкай чыгункі ў 72 вярстах (79 км) адпаведна. У раёне прыхода знаходзіцца, у пяці вярстах (5,5 км) ад царквы, рымска-каталіцкая могілкавая капліца (тут хутчэй за ўсё маецца на ўвазе драўляная капліца на могілках у Ясянцы – заўвага аўтара).

Частка другая – царква. Да 1845 года ў мясцовасці складаючай Круговіцкі прыход была і другая прыхадская царква ў Агарэвічах, але па малалікасці прыхаджан у тым жа годзе прыход скасаваны і аб’яднаны з Круговіцкім.

Прыхадская Свята-Георгіеўская царква размешчана ў канцы сялення Круговічы, калі менавіта і кім пабудавана невядома. Будынкам драўляная на каменным падмурку, уяўляе сабой выгляд прадаўгаватага крыжа з адным купалам пасярэдзіне. Дзверы адны, вокны з рашоткамі размешчаны ў адзін рад. Дах гонтавы, які як і вонкавыя сцены, пафарбаваны алеевымі фарбамі. Увогуле ў сценах даволі моцная, толькі паўзгніўшы дах можа быць заменены новым. Унутраная плошча складае каля 25 квадратных сажняў (115 м2). Пол драўляны. Да абагравання царква не прыстасавана. Салея ўзвышаецца на адну прыступку, на ёй уладжаны клірасы. Іканастас новага ўладкавання пафарбаваны ў блакітны колер, з залачонымі карнізамі і рамамі, складаецца з сямнаццаці новага пісання абразоў, размешчаных у два рады. Неабходныя для чынення богаслужэнняў утварныя рэчы маюцца ў неабходнай колькасці, але ўсе яны малакаштоўныя, так як зробленыя з апліке, акрамя аднаго сярэбранага літургічнага сасуда. Евангелі богаслужэбных два – адно ў аркушы, а другое ў 1/8 ад аркуша, абодва ў малінава-аксамітных пераплётах, з чаканенымі металічнымі выявамі. Вопраткі святарскай маецца восем прыбораў, усе з мішурнай парчы, з іх чатыры новыя, а чатыры зусім зношаныя. Да поўнага круга богаслужэбных кніг недастае толькі месячных міней. У царкоўным архіве захоўваюцца метрычныя кнігі з 1794 па 1850 і з 1852 і па сучасны год, а споведныя спісы і іншыя царкоўныя дакументы з 1841 года. Пагост царкоўны абнесены простаю драўлянаю агароджаю. Званіца пабудавана асобна ад царквы, у ёй размешчаны два званы – у 25 і 20 фунтаў (10 і 8 кг адпаведна). К гэтай царкве належаць: прыпісная драўляная Ушэсцкая царква ў вёсцы Агарэвічы, быўшая да 1845 года прыходскаю, і могілкавая – Варварынская ў вёсцы Любашава. Могілкаў у прыходзе сем.

Частка трэцяя – прыход. У склад прыхода ўваходзяць сяленні: Круговічы, Малыя Круговічы, Мельнікі, Гута, Шашкі, Агарэвічы, Ганцавічы і Любашава. Пры тым, што самая аддаленая вёска знаходзіцца ў чатырнаццаці вярстах (15,4 км). Прыхаджан налічваецца: 916 душ мужчынскага полу і 929 – жаночага. Усе яны сялянскага саслоўя. Акрамя хлебаробства і ўвогуле сельскай гаспадаркі займаюца вытворчасцю колаў для продажу на кірмашы. Рэлігіёзна-маральны стан прыходу здавальняючы: з малітвасловій развіта ўчыненне памінальных і заздраўных абедняў, малебнаў і крэсных хадоў па палям. З святаў асаблівай павагай карыстаюцца дні вялікапакутніка Георгія і пакрова Прасвятай Багародзіцы.

Частка чацвёртая – прычт. Прычт пры гэтай царкве складаецца з настаяцеля і псаломшчыка. За настаяцеля святар Юліян Гарбацэвіч, скончыўшы курс Мінскай духоўнай семінарыі, які святарствуе з 1855 года і мае набедранік.

Частка пятая – уладанні і сродкі ўтрымання царквы і прычта. Царкоўнага дахода паступае 70 рублёў. Прычт, акрамя штатнага даравання, атрымлівае 24 рублі ад уладальніка вёскі Івана Абуховіча. Таксама прычт карыстаецца царкоўнымі памяшканнямі і зямлёю. Царкоўнай зямлі налічваецца: сядзібнай – 1 дзесяціна 268 сажняў (1,2 га) (далей дз і с адпаведна), раллёвай – 19 дз 226 с (21 га), сенакоснай – 3 дз 892 с (3,7 га), пад лясамі – 12 дз 396 с (13,4 га), нязручнай – 1038 с (0,5 га); пры прыпісной царкве: сядзібнай – 2349 с (1 га), раллёвай – 17 дз 940 с (19,1 га), сенакоснай – 1 дз 238 с (1,2 га), пад лесам – 1694 с (0,8 га), нязручнай – 658 с (0,3 га). План на гэтую зямлю маецца і прычт ёю валодае безперашкодна. З пабудоў маюцца: для святара – дом, свіран, гумно, адрына, варыўня; для псаломшчыка – дом, гумно, адрына і варыўня. Абудва дамы яшчэ досыць моцныя, а іншыя пабудовы патрабуюць капітальнага рамонту.

Частка шостая – царкоўныя і прыходскія ўстановы. Пры царкве зацверджана царкоўна-прыхадское папячыцельства і існуе штатнае народнае вучылішча. Адсотак пісьменнасці паміж прыхаджанамі нязначны. Багадзельні няма.

Па памятнай кніжцы 1901 года царква была трухлявай. Прыпісных да яе было дзве царквы. Прыход складалі самі Вялікія Круговічы і сем навакольных вёсак. Прыхаджан налічвалася 1307 душ мужчынскага полу і 1204 — жаночага. Царкоўнай зямлі было тры валокі (64,1 га). Прычтавыя пабудовы — драўляныя і струхнелыя. Святаром і псаломшчыкам былі ўсё тыя ж Юліян Ануфрыевіч Гарбацэвіч і Хрыстафор Мазюкевіч.

З 1915 па 1917 гады псаломшчыкам пры гэтай царкве быў Іаан Юльянавіч Якубчык.

У 1921 годзе пасля далучэння Заходняй Беларусі да Польшчы Вялікія Круговічы становяцца цэнтрам гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства.

Згодна з Кліравай ведамасці за 1931 год становіцца вядома, што царква пабудавана ў 1770 годзе (невялікае разыходжанне з першапачатковым 1771 годам можа быць, як проста памылкай, але хутчэй за розніцай ў тлумачэнні тэрмінаў: пабудавана, адкрыта, асвечана – заўвага аўтара). У 1930 годзе быў праведзены капітальны рамонт царквы. Пасад адзін, начынне дастатковае. Рэвіндыкацыі ў прыходзе не было. Прычт павінен быў складацца з святара і псаломшчыка. Кружачнага даходу за 1931 год святару прыходзілася 900 злотых, псаломшчыку – 450. Ад кансісторыі царква знаходзілася ў 124 вярстах (136,4 км), а ад благачыннага – ў 135 (148,5 км). Зямлі пры царкве было: сядзібнай – 1 дз 226 с (1,2 га), раллёвай – 35 дз 976 с (38,8 га), сенакоснай – 17 дз 1130 с (19,2 га), нязручнай – 17 дз 174 с (18,8 га). Зямля знаходзілася ў васьмі вярстах (8,1 км) ад царквы. Усяго ў наяўнасці было 72 дз 348 с (79,4 га). Чвэрць сабранага ўраджаю паступала ў карысць прычта. Якасць зямлі – ніжэй сярэдняга. Сярэдні даход прыносімы зямлёю складаў у год: для святара 200 злотых, псаломшчыка – 100. Усе дамы былі ўзведзены ў 1902 годзе за дзяржаўны кошт і складалі ўласнасць царквы. Дзве прыпісныя царвы знаходзіліся ў добрым стане. Вопіс маёмасці захоўваўся з 1886 года. Богаслужэбныя кнігі меліся ў дастатковай колькасці. У прыходзе меліся школы ў вёсках Вялікія Круговічы, Малыя Круговічы, Мельнікі, Агарэвічы, Ганцавічы, Любашава і мястэчку Ганцавічы. Старастаю пры царкве з 1925 года быў Франц Блінкоўскі. Настаяцелем – Яўген Антонавіч Мірановіч 1904 года нараджэння. У 1930 годзе да свята Вялікадня ўзнагароджаны набедранікам. За псаломшчыка быў Павел Мацвеевіч Плешка, які нарадзіўся ў 1876 годзе і займаў дадзеную пасаду з 1911 года. У 1929 годзе ўзнагароджаны стыхарам. Таксама пры царкве жыла ўдава былога святара Кацярына Іосіфаўна Мачульская.

На 1931 год у прыход уваходзілі паселішчы: Вялікія і Малыя Круговічы, Шашкі, Мельнікі, Гута, Агарэвічы, Калонія, мястэчка і вёска Ганцавічы, Любашава.

2 красавіка 1936 года святар Арсень Салаўевіч быў вызвалены ад карыстання зямельным надзелам ў вёсцы Вялікія Круговічы, з-за таго, што своечасова не аплаціў падаткі на вышэй узгаданую зямлю і не заключыў патрэбнага дагавору, адпаведна ўказу кансісторыі ад 1 жніўня 1935 года. А 11 жніўня 1936 года тры гектары зямлі з царкоўнага надзелу былі перададзены ў карыстанне Катажыне (менавіта так на польскі манер у афіцыйным дакуменце напісана імя Кацярына – заўвага аўтара) Мачульскай.

З 1946 года святаром ў Круговіцкай Свята-Георгіеўскай царкве быў Аляксандр Дзічкоўскі. На гэтай пасадзе ён прабыў восем гадоў. 14 чэрвеня 1947 года ў заяве Ганцавіцкаму райвыканкаму ад царкоўнай абшчыны круговіцкага прыхода была выказана просьба аб рэгістрацыі царкоўнай абшчыны Круговіцкай царквы і прыпісанай да яе царквы ў сяле Агарэвічы, каб прыхаджане “маглі і мелі права здзяйсняць свае рэлігійныя патрэбы”.

Захавалася просьба настаяцеля Круговіцкай царквы святара Аляксандра Дзічкоўскага Ўпаўнаважанаму Савету па справам Рускай Праваслаўнай Царквы пры Савеце Міністраў СССР па Пінскай вобласці за 1950 год: “У 1948 годзе Ганцавіцкі фінансавы аддзел уручыў мне плацёжнае паведамленне па падаходнаму падатку з насельніцтва, у якім было прапанавана выплаціць 10 800 рублёў. Па-першае, я пражываю на бедным прыходзе, а на ўтрыманні маю 11 душ сям’і (жонка, 5 сыноў, 5 дочак), па-другое, нямецкія захопнікі разграбілі ўсю маю маёмасць. Я сам маю дакумент партызана, які сведчыць аб маёй дзейнасці ў гады ліхалецця. Згаданую суму я нават пры найлепшым жаданні не змог ліквідаваць і застаўся для мясцовай улады злосным неплацельшчыкам. На сённяшні дзень за мною налічваецца 5 931 рубель 50 капеек нядоімкі. З-за майго цяжкага матэрыяльнага стану гэтую суму я не магу выплаціць, а трэба яшчэ плаціць цякучыя падаткі. Пагэтаму пачціва прашу вас аказаць мне дапамогу выступіўшы з хадатайствам перад вышэйшымі органамі ўлады аб зняцці згаданай нядоімкі. Адначасова паведамляю, што па гэтай справе я неаднаразова звяртаўся ў раённы фінансавы аддзел і ўжо ў другі раз да вас, але хадатайства маё засталося безвыніковым”.

21 студзеня 1952 года святар Аляксандр Дзічкоўскі саставіў рапарт епіскапу Пінскаму і Палескаму Паісію: “У адказ на ваша прадпісанне ад 16 студзеня 1952 года за № 12 пакорліва даношу, што прыходскаю абшчынаю даверанай мне царквы поўнасцю ўнесена зямельная рэнта і запазычанасці не маецца. Сума зямельнай рэнты своечасова пагашалася, на што маецца ў прыхадской абшчыне адпаведныя квіткі фінагента”.

Прыпісная капліца ў вёсцы Гута, якая знаходзілася ў лесе на могілках, на 1947 год была паўразбураная без вокан і патрабавала капітальнага рамонту, ўнутры якой на той час знаходзіліся мясцовашануемыя абразы Спаса і Божай Маці.

У 1949 годзе ўся царкоўная зямля была перададзена новаўтворанаму калгасу, да гэтага ёю карысталася сямейства Дзічкоўскіх. Па ўспамінах протаіерэя Генадзя Дзічкоўскага, сына айца Аляксандра, пачаліся галодныя гады. Святару з сям’ёю “не аставілі нават грады”.

Так выглядала царква на пачатку 1990-х гадоў
Так выглядала царква на пачатку 1990-х гадоў

19 лютага 1954 года святар Аляксандр Дзічкоўскі быў пераведзены да царквы ў вёсцы Сядзельнікі Ваўкавыскага раёну Гродзенскай вобласці. Пасля яго настаяцелем Свята-Георгіеўскай царквы ў вёсцы Вялікія Круговічы быў Аляксей Міхайлавіч Хмарук. А потым святарстваваў іерэй Аляксандр Міцько. 17 лістапада 2000 года настаяцелем Свята-Георгіеўскай царквы быў назначаны іерэй Іаан Пашкевіч, які служыць там і па сённяшні час.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики