weather

USD 2.5534

EURO 3.0175

RUR(100) 3.3398

search

Чаму «бубкі» й «семкі» прадаюцца на кожным кроку?

Легальныя наркотыкі ў Беларусі: журналісцкае расследаванне газеты «Звязда». Прадавачка дае мне рэшту за мак, кошт якога 120 тысяч за кг,у пакеціку "бубкі", опій з якіх спажываюць наркаманы. І гэта пасля таго, як мінулым летам міліцыя дабілася заканадаўчых змен, гандаль смяротнай атрутай павінен быў спыніцца, але…  

Каб праверыць інфармацыю пра наркакропкі, журналіст Яўген Валошын выправіўся туды пад выглядам наркаспажыўца.

Вынікі журналісцкага расследавання аказаліся абуральнымі.

Сонечная суботняя раніца, гандлёвы цэнтр у раёне Камароўскага рынку амаль у сэрцы Мінска. Я пераапрануўся ў спартыўную вопратку, нацягнуў капялюш, каб хоць трошкі быць падобным на наркаспажыўца. Падыходжу да аднаго з бакалейных кіёскаў.

Менавіта тут ужо на працягу некалькіх гадоў прадаюцца «бубкі» — з выгляду звычайнае насенне маку, але прапітанае алкалоідамі опію.

Наркаманы, зварыўшы «бубкі», атрымліваюць небяспечны для жыццядзейнасці арганізма раствор. На выхадзе атрымліваецца наркотык, які па ўздзеянні падобны да гераіну, толькі яшчэ больш брудны.

Пра гэты самы кіёск «Звязда» пісала мінулым летам. Матэрыял быў шырока перадкрукаваны ў інтэрнэце, разышоўся вялікім тыражом. Здавалася б, ужо ў дзень выхаду скандальнага матэрыялу кіёск у гандлёвым цэнтры ў раёне Камароўскага рынку павінны былі гучна «прыкрыць».

Прыкладна ў той жа перыяд начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі Аляксандр Гаўрылаў паведаміў, што міліцыя «вяла доўгую эпапею з «бубкамі» і нарэшце была падпісана пастанова Савета Міністраў № 779».

Фармальна гандаль любым макам на вагу быў забаронены. Больш за тое, змянілі дзяржаўны стандарт «Мак харчовы. Тэхнічныя ўмовы». Цяпер ў насенні забараняліся любыя дамешкі (раней наркагандляры дадавалі для лепшага эфекту макавую салому).

З часу зменаў у заканадаўстве прайшло больш як тры месяцы. І вось я зноўку падыходжу да таго самага кіёска.

— Дайце «бубак», грамаў 200, чыста разагнацца, — кажу прадавачцы. «Разагнацца» — на мове наркаспажыўцоў азначае мінімальна задаволіць патрэбу.

— Выйдзе 24 тысячы, — адказвае жанчына і ў мяне на вачах насыпае «бубкі» ў празрысты пакет, які, у сваю чаргу, кладзе ў чорны, непразрысты.

Што мяне ўразіла найбольш? Прадавачка — звычайная беларуская цётка гадоў шасцідзесяці. Мае, напэўна, і дзяцей, і ўнукаў.

Накладаючы «бубкі» пластыкавай лапаткай, зірнула на мяне са спачуваннем. Цікава, ці падумала яна пра тое, што толькі адна доза можа пераўтварыць чалавека ў наркаспажыўца і ўжо праз два гады мяне магло б не быць на гэтым свеце? Адразу ж за мной прыстроіліся два мужыкі, відаць, «рабацягі», з вялікімі дарожнымі торбамі. Аднаму — гадоў 35, другому — пад 50. Той, што маладзейшы, паказаў на чорны пакет, зразумеў, што мы прыйшлі па адзін тавар, і загаварыў:

— Ну як, нармальныя?

— Яшчэ не ведаю, — адказваю.

Мужык мацюкнуўся.

— А што, ёсць зусім паганыя? — пытаюся ў яго.

— Ёсць па 70 за кілаграм. Палову на дваіх зробіш — чыста на разгон хапае, а пра цягу і размовы няма…

Так я ўпершыню ўбачыў сапраўднага «бубачніка». Ведаеце, што самае страшнае?

Калі алкаголіка можа вылічыць, напэўна, кожны, то заўважыць, што чалавек — наркаман, куды больш складана.

У іх запаволенае маўленне, свая тэрміналогія, позірк у нікуды. Такое ўражанне, што чалавеку на вочы павесілі пудовыя гіры.

Уздоўж гандлёвага цэнтра за суткі праходзяць цэлыя натоўпы наркаманаў, але вылічыць іх нетрэніраваным вокам няпроста. А значыць — нам, звычайным людзям, няпроста ўсвядоміць сапраўдныя маштабы трагедыі…

Выпраўляюся на яшчэ адну вядомую сталічную наркакропку — бокс з арэхамі і сухафруктамі на тэрыторыі гандлёвага цэнтра «Ждановічы».

Здавалася б, тут, сярод соцень кіёскаў з харчовымі прадуктамі, знайсці наркакропку будзе не так лёгка. У васьмі кіёсках з бакалеяй, дзе я спытаў пра мак, грубавата адмовілі. Гандляркі відавочна разумелі, што мне патрэбныя «бубкі»:

— Тут вашага маку няма і ніколі не было!

У дзявятым кіёску мне, здаецца, «пашанцавала». Поўная прадавачка ўсходняй знешнасці занепакоена ўзіраецца ў мой твар. Я носам шморгаю, імітую пусты і шалёны позірк, у чорным капелюшы, маю гематому пад вокам — сапраўдны наркаман. Прашу ўсё тыя ж 200 грамаў «бубак».

Пакуль прадавачка па стандартнай тэхналогіі насыпае «бубкі» ў празрысты пакет, які потым кладзе ў чорны,

заўважаю на боксе імя ўладальніцы — Анжэла Г.

Адразу за мной у чаргу прыстройваецца хлопец у аранжавай куртцы.

«Семкі» тут самыя лепшыя, праверанае месца, — заводзіць ён гутарку.

«Семкі» — яшчэ адна назва «бубак».

Хлопец (з выгляду і не скажаш, што чалавек дайшоў да ручкі) набывае кілаграм і разам са мной адыходзіць ад бокса.

— Кажуць, што тэма можа прыкрыцца, — кажа ён.

— І што тады рабіць?

— Кідаць.

— А ты даўно ў тэме? — спрабую высветліць я наркастаж хлопца.

— Ужо 12 год. Два апошнія — на «семках». Мне трэба кілаграм на дзень. Працую прама тут, на рынку, зарабляю паўтары штукі баксаў, і ўсё ідзе на «семкі»… Трэба завязваць, а не магу…

Па дарозе адкрываю набыты чорны пакет — такія ж «бубкі», як на папярэдняй кропцы, адзін у адзін.

З выгляду звычайны мак, трошкі «забруджаны» прымесямі саломы, трошкі гаркаваты на смак. На справе — смяротная зброя для знішчэння беларускай моладзі.

Праз некалькі дзён пасля наведвання сталічных рынкаў я даведаўся, як менавіта «вараць» і спажываюць «бубкі».

Для гэтага пад выглядам наркаспажыўца патрапіў у сапраўдны наркапрытон пад Салігорскам.

Вось як гэта было.

«Кампаньён», каб разам укалоцца, знайшоўся тут жа

— Павер, мой горад у справе наркатызацыі даўно пераплюнуў і Мінск, і Светлагорск, — выказвае меркаванне Алег, актывіст кампаніі «Антымак» з Салігорска, пакуль едзем у яго родны горад са Слуцка. — Пры гэтым «бубкі» ў нас каштуюць па 150 тысяч за кілаграм. Толькі з аднаго двара, які знаходзіцца побач з маім домам, асабіста ведаю пяцярых наркаманаў. Разам раслі. Там жа жывуць два браты С… Тыя працавалі шахцёрамі, добра зараблялі,

але з часам зразумелі, якія фантастычныя грошы можна зарабляць на «бубках».

— І што, за гады ніхто не даў ім пад хвост?

— А навошта? «Бубачнікаў» вялізная колькасць, яны па драбязе крадуць і рэгулярна трапляюць за краты. Такім чынам, ствараецца добрая статыстыка, а буйныя барыгі, якія непасрэдна спрыяюць наркаманіі, як быццам не пры справах.

Яны даюць хабар каму трэба

— і ўсім добра. Тым часам наркатызацыя насоўваецца шалёнымі тэмпамі…

Мая задача ў Салігорску — трапіць у наркапрытон пад выглядам спажыўца. Але любое неасцярожнае слова можа выклікаць падазрэнне, што я — міліцэйскі агент. Нарэшце трапляем у горад, даязджаем да таго самага двара. Алег паказвае з машыны на нейкага мужчыну:

— Гэта знаёмы «нарык», відавочна хоча ўкалоцца, а грошай не мае, стопудова, — усміхаецца Алег. Падыходзім да Сашы (так звалі таго мужчыну). Алег кажа, што я — мінскі студэнт, хачу паспрабаваць «бубкі». Саша аглядае мяне падазроным позіркам. Я нахлусіў, што «бубкі» ў сталіцы забаранілі і купіць іх цяпер можна толькі ў Салігорску.

— Сам сяджу на «спайсе», прыколваюся (на слэнгу наркаспажыўцоў азначае — спажываю зрэдку), хачу паспытаць «бубкі» адзін разок, але як прыгатаваць, не ведаю…

І адправіў бы мяне Саша на тры непрыгожыя літары, але грошай у яго і праўда няма. А ўкалоцца, відаць, хочацца страшэнна.

Прага перамагла розум — Саша пагадзіўся быць маім «наркатычным кампаньёнам». Алега адправілі прэч.

«Пагрэйся ў машыне, каб лягчэй было трапіць у вену»

Месца, дзе прыгатаваць наркотык, у Сашы не было. Таму ён патэлефанаваў яшчэ аднаму знаёмаму (той называўся Бурацінам). У Бураціны была свая дача і ўсё неабходнае абсталяванне.

«Кампаньёны» ўзялі з мяне 70 тысяч рублёў і пачалі тэлефанаваць барыгам. Ды ў той дзень набыць «бубкі» было не так проста: толькі з пятага тэлефанавання Саша знайшоў тавар у нейкай Віктараўны. Мы пад’ехалі на адну з вуліц непадалёк ад салігорскага лядовага палаца, Саша з нянавісцю паказвае на чорны «Фальксваген Туарэг»:

— Гэта машына барыгі. С.і, нас сколваюць і на такіх тачках ездзяць…

Прамовіўшы гэта, Саша знік у адным з пад’ездаў і ўжо хвіліны праз тры выйшаў з таварам пад пахай — як аказалася, такі ж чорны пакецік, які даюць на мінскіх наркакропках.

Далей мы заехалі ў краму з бытавой хіміяй, дзе «кампаньёны» набылі растваральнік. Потым заскочылі ў аптэку па «баяны» (так на наркатычным слэнгу называюць шпрыцы) і аспірын. Праехаўшы пакручастымі дарогамі па Салігорску, выязджаем за горад, на дачу да Бураціны. Па дарозе хлопцы расказваюць пра сябе.

Абодва судзімыя (калі б я аказаўся міліцыянерам, то кожнаму пагражала б па дзевяць гадоў пазбаўлення волі). Абодва — яшчэ тыя «наркалыгі», стабільна сядзяць на «бубках».

Саша, аказваецца,

калісьці меў свой бізнэс, гандляваў аксесуарамі для мабільных тэлефонаў на рынку. Але два гады таму пачаў спажываць «бубкі» і ўсе свае капіталы «пратырчаў».

Ён распавядае, што колецца толькі два-тры разы на тыдзень, хоць гэта відавочная няпраўда. Саша ўжо сёння выглядае без аднаго года трупам: позірк у нікуды, пацямнелы колер скуры, праколатыя ўшчэнт вены. Пры гэтым ён неаднаразова заяўляў, што «бубкі» — гэта «зло, якое наўмысна прывозяць «чорныя». Бураціна ж наадварот не адмаўляўся, што спажывае двойчы-тройчы на дзень. Раніцай ён працуе аўтаслесарам, рэгулярна падманваючы «калгаснікаў»: каму паставіць таннейшую дэталь замест фірмовай, каму пакіне старыя тармазныя калодкі і гэтак далей. Новыя дэталі збывае на аўтарынку ўдвая танней.

За размовамі прыязджаем на лецішча. Тут — цэлы стол неабходнага абсталявання: так званая «лазня», вялікі шпрыц, нейкія ваткі і гэтак далей (не буду апісваць усе камплектуючыя наркалабараторыі).

Хлопцы спяшаюцца, настрой у іх відавочна паляпшаецца, час ад часу жартуюць, вочы ў абодвух пачалі ажываць.

Бубкі высыпалі ў капронавую панчоху, зварылі ў растваральніку, ад чаго смурод разышоўся, напэўна, на сотні метраў вакол. Гэта толькі 5% ад усяго працэсу прыгатавання. Астатняе дазвольце не апісваць. Скажу толькі, што на ўсё пайшло каля 50 хвілін. У выніку ўтварыўся раствор балотнага колеру, які з дапамогай вялікага шпрыца прагналі праз падроблены аспірын і пачалі размяркоўваць па «баянах».

Мне прыгатавалі немалую дозу, сказалі, што ў шпрыцы 12 «кропак». З-за гэтага Бураціна раскрычаўся на Сашу страшнымі мацюкамі:

— Б…, ты што, хворы? Канькі ж адкіне чалавек, першы раз жа!

Тады дозу зменшылі да васьмі «кропак». Але і гэтага, як я пазней даведаўся, хапіла б, каб мяне выкруціла на вонкавы бок.

Калі наркаманы пачалі спажываць, мяне прабіла потам.

Саша ўкалоў Бураціну ў вену на левай руцэ. Страшнае відовішча: «умазаны» наркаспажывец адразу ж павесялеў і лагодным дуракаватым голасам папрасіў мяне:

— Братка, падай ватку!

Наступным калоўся Саша, проста лёг на ложак і тыркнуў шпрыцам сабе ў падмышку. Яго закалаціла, як эпілептыка. Тут жа наркаспажывец бадзёра падскочыў, выдыхнуў і падышоў да мяне:

— А цяпер ты! Цябе ўкалоць ці ты сам?

Але калоцца ў мае планы не ўваходзіла:

— Слухайце, баюся «ўмазаным» кіраваць машынай, вазьму з сабой.

Ад гэтых маіх слоў наркаспажыўцы асалапелі:

-Ты што! Не! Ніхто цябе не выпусціць з крыміналам! Ідзі ў машыну, пагрэйся, каб лягчэй было трапіць у вену.

Сітуацыя абвастрылася яшчэ больш, калі Саша, былы гандляр аргтэхнікай, рассакрэціў маю замаскіраваную камеру і нечакана выцягнуў яе з курткі.

— Ты што… запісваеш нас?.. — ціхім (без пагрозы, як мне падалося) голасам сказаў Саша. А я ясна зразумеў, што ў любы момант можа здарыцца што заўгодна.

— Што ты, гэта цацка, — таксама спакойна паспрабаваў адказаць я.

Можаце сабе ўявіць, як некамфортна сябе ў той момант адчуваў? Добра, што наркаспажыўцоў было толькі двое.

Вядома, яны зразумелі, што я далёка не студэнт, які проста прыехаў паспытаць «бубкі». Не буду ў фарбах распісваць, як я супакойваў Сашу і Бураціну,

але мне ўдалося захаваць відэазапісы і зрабіць фотаздымак прыгатаванага для мяне наркотыку.

Пазней шпрыц са смяротнай атрутай я растаптаў на дарозе і зняў гэты працэс на відэа.

Р.S. І хоць мэту свайго журналісцкага расследавання я выканаў, гэты ваяж у Салігорск пакінуў горкі адбітак. Маладыя яшчэ людзі забівалі сябе на маіх вачах. Пад уздзеяннем эмоцый склалася ўражанне, што Беларусь патанае ў гэтых «бубках». І маё журналісцкае расследаванне пацвердзіла, што наркатычная смерць прадаецца амаль бес-пе-раш-код-на. Прынамсі пакуль…

Па прыездзе ў Мінск я выправіўся ў Міністэрства ўнутраных спраў з пытаннем, чаму так адбываецца. Аказалася, яшчэ ў сярэдзіне 2000-х гадоў МУС прапанавала комплекс мераў, якія з вялікай верагоднасцю маглі ўратаваць Беларусь ад «бубак».

Але… насустрач міліцыі некаторыя ведамствы не пайшлі.

***

ХРОНІКА НАРКАТЫЗАЦЫІ

2004 год. У Беларусь завезлі так званыя «бубкі» (іншыя назвы — «семкі», «бубасы», «бумбосы»). З выгляду рэчыва было падобнае на звычайны харчовы мак, якім пасыпаюць булачкі. Але на справе насенне выкарыстоўвалі як своеасаблівы кантэйнер для опію. Кілаграма «бубак» хапала прыкладна на чатыры дозы. Кошт новага наркотыку — ад пяці да васьмі тысяч беларускіх рублёў. Бубкі адкрыта прадаюцца на рынках і ў звычайных крамах.

2005 год. Большасць наркаспажыўцоў пераходзіць на новы, амаль легальны наркотык. Кошт на «бубкі» імкліва расце. Насенне маку, прапітанае алалкоідамі опію, бесперашкодна завозіцца ў Беларусь з Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі. Было заведзена ўсяго некалькі крымінальных спраў на дробных гандляроў і кантрабандыстаў. Іх асудзілі за захоўванне макавай саломы, якую адсеялі з мяхоў з «бубкамі». Ніхто з буйных пастаўшчыкоў пакараны так і не быў.

2006, 2007, 2009 гады. Кілаграм «бубак» у сталіцы каштуе каля 120 тысяч беларускіх рублёў. У Салігорску — каля 150 тысяч, у Гомелі — каля 200 тысяч. Гэта, напэўна, адзіны тавар у краіне, які за шэсць гадоў падаражэў болей як у 20 разоў. Наркотык робіцца самым папулярным. Медыкі папярэджваюць: працягласць жыцця «бубачнага» наркаспажыўца ад двух да пяці гадоў.

2010 год. Змяніўся дзяржаўны стандарт «Мак харчовы. Тэхнічныя ўмовы». Цяпер забароненыя хоць нейкія дамешкі ў насенне, мак нельга прадаваць на вагу і гэтак далей. Але праблему гэтыя меры не вырашылі — яны толькі абмежавалі продаж. Дагэтуль «бубкі» маюць такі ж статус, як звычайны мак. Ніхто з наркабарыг і буйных пастаўшчыкоў наркатычнай смерці так і не быў пакараны.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики