weather

USD 2.5402

EURO 3.0046

RUR(100) 3.3226

search

Слуцкі збройны чын і Ганцаўшчына

«Сацыяльныя рэвалюцыянеры з Усходу і нацыянальныя «рэвалюцыянеры»  з Захаду... не дадуць Беларусі жаданага міру і незалежнасці. Яны яе дзялілі і будуць дзяліць паміж сабой, пакуль сам беларускі народ не скажа свайго апошняга слова», – Янка Купала (1920).

Сёлета спаўняецца 90 гадоў падзеі, пра якую па сённяшні дзень многія беларусы не ведаюць. Прычым нават тыя, дзяды і прадзеды якіх маглі ўдзельнічаць у гарачым дзействе, што атрымала назву Слуцкі збройны чын. А дзень, калі ён выбухнуў – 27 лістапада 1920 г., для патрыётаў стаў святам – Днём герояў.


Ганцаўшчына не засталася ў баку ад падзей гарачай восені 20-га года ХХ-га стагоддзя, хаця найбольшага накалу яны дасягнулі на Случчыне. І таму ў гэтай публікацыі хацелася б адзначыць, як жа былі задзейнічаны нашы землі, вёскі, землякі ў гераічнай драме – паўстанні звычайных сялян супраць прыходу бальшавікоў пад лозунгам незалежнасці Беларусі.


Збройны чын не ўзнік на пустым месцы. Яму папярэднічалі Першая сусветная вайна, дзве рэвалюцыі і вайна паміж адроджанай Польшчай і Савецкай Расіяй, якія змагаліся за беларускія землі. У кантэксце савецка-польскага канфлікту і адбываліся падзеі на Случчыне. Справа ў тым, што знясіленыя арміі – войска польскае і чырвоныя – далей не маглі весці вайну. Палітыкі вырашылі заключыць мір, падзяліўшы беларускія землі. Дзеля гэтага спачатку ўстанавілі перамір’е і на пэўны час паміж войскамі стварылі нейтральны пас.

Беларускія нацыянальныя дзеячы задумалі скарыстаць зручны выпадак і абвясціць незалежнасць Беларусі. Паводле папярэдніх польска-савецкіх дамоўленасцей меркавалася, што Случчына адыдзе Савецкай Расіі. Не хочучы бальшавіцкай улады, народ вырашыў бараніць сваю зямлю. У сярэдзіне лістапада быў праведзены з’езд Случчыны і арганізавалася войска колькасцю ў 4 тысячы чалавек – Слуцкая брыгада. Гэта рабілася пры маўклівай згодзе палякаў, якія неўзабаве адышлі за лінію Лактышы – Дзяніскавічы – Чучавічы. Такім чынам, большая частка сягодняшняга Ганцавіцкага раёна апынулася пад польскай уладай. Але ў сілу таго, што польскія палітыкі імкнуліся як мага больш “насаліць” сваім бальшавіцкім ворагам, падзеі Слуцкага збройнага чыну наўпрост ахапілі і Ганцаўшчыну.

Згодна з дамоўленасцямі Чырвоная Армія з цягам часу павінна была заняць прадугледжаную для яе тэрыторыю. Але неўзабаве яна сутыкнулася з супрацівам. 27 лістапада адбылася першая сур’ёзная сутычка: падраздзяленні 1-га Слуцкага палка зрабілі налёты на размяшчэнне адзінак 8-й дывізіі савецкіх войскаў, на яе палявыя варты і заставы на дэмаркацыйнай лініі, утварыўся фронт на кіламетраў сто. У паасобных баях з чырвонымі паўстанцы наносілі ім значныя страты, бралі палонных, адбівалі населеныя пункты.

Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расійскіх сялян, прымусова мабілізаваных у Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся ў палон або пераходзілі са зброяй у руках на бок паўстанцаў. Але сілы былі далёка няроўныя. Да таго ж у паўстанцаў было зусім слабае ўзбраенне: бракавала элементарных вінтовак,  гарматы адсутнічалі зусім. Бальшавікі ўсур’ёз узяліся падаўляць збройны чын, у раёне Семежава частка беларускіх атрадаў была разбіта і 7 снежня перайшла лінію нейтральнай зоны на польскім баку, дзе іх і раззброілі.

Тым часам сярод паўстанцаў пачаліся разнагалоссі, у выніку якіх змянілі камандаванне. Камандзірам 1-й Слуцкай брыгады 3 снежня 1920 г. быў прызначаны наш зямляк штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі.

Біяграфічная даведка:

Нарадзіўся 7 лютага 1892 года ў сям’і збяднелае шляхты на хутары непадалёку ад Чучавіч. Атрымаў адукацыю настаўніка і пэўны час працаваў па спецыяльнасці. Кастрычніцкую рэвалюцыю не прыняў, ваяваў супраць бальшавікоў. Пасля паразы Слуцкага збройнага чыну застаўся ў Польшчы, стаў святаром, адначасова настаўнічаў. Савецкая ўлада ў 1939 г. далучыла Заходнюю Беларусь, а ў 1941 г. А. Сокал-Кутылоўскі быў арыштаваны. Засудзіць не паспелі: пачалася нямецкая акупацыя, падчас якой Сокал-Кутылоўскі працаваў абласным інспектарам школ у Ганцавіцкай вобласці. У 1944 г. уцёк ад бальшавікоў у Германію. Але пасля перамогі амерыканцы аддалі яго Саветам, якія прысуддзілі 25 гадоў лагернай няволі. Дзякуючы амністыі 1957 г. быў вызвалены. Вярнуўся ў Ганцавічы, да стрыечнае сястры Веры Міхайлаўны Манкевіч. Затым пераехаў у Шчэцін (Польшча). Памёр 7 сакавіка 1983 г.

Чым далей, тым горшым рабілася становішча паўстанцаў, якія ўрэшце вымушаны былі перайсці на партызанскія формы барацьбы. Да таго ж лютавалі эпідэміі воспы, тыфу, шкарлятыны. Сярод вёсак, якім пагражала выміранне, у дакументах указваюцца Дзяніскавічы, але такая пагроза навісла над насельніцтвам Палесся ў цэлым.

Надзеі паўстанцаў на спрыянне палякаў пацярпелі крах. З дазволу апошніх карніцкія аперацыі Чырвонай Арміі сягалі нават на тэрыторыю, занятую Войскам Польскім. Праўда, такая-сякая дапамога з боку Польшчы была. Мусіць, каб бальшавікам ускладніць панаванне на Случччыне, польскія ўлады падкінулі паўстанцам трохі зброі. Па ўспамінах удзельніка падзей Антона Бычко, “палякі вызначылі места Ганцавічы для атрыманьня аружжа. Паехаў штабс-капітан Самусевіч і я. Прынялі нас вельмі ветліва, а далі ўсё роўна што нічога: некалькі соцен старых вінтовак і два старыя паламаныя кулямёты”.

Дарэчы, разведка Чырвонай Арміі выявіла, што “в районе станции Ганцевичи расположен невыясненного наименования формирующийся Белорусский полк общей численностью около 1000 человек, ожидающий получения вооружения” (з сакрэтнага дакумента ад 20.12.1920). Як бачым, трохі зброі паўстанцам палякі падкінулі, але пасля прад’яўлення прэтэнзій з боку бальшавікоў, паўстанцаў, якія адыходзілі ў зону польскай акупацыі, назад не пускалі. Таму з нашай мясцовасці калі нехта і далучыўся да паўстанцаў, то толькі ў самым пачатку збройнага чыну.

У цэлым Слуцкая брыгада ваявала месяц і 28 снежня вымушана была адысці на кантралюемую палякамі тэрыторыю, дзе адразу раззбройвалася. Грозаўскі полк прыкрываў пераход паўстанцаў на польскі бок, і некаторая яго частка адступіла менавіта на Ганцаўшчыну, землі якой дзякуючы суседству са Случчынай былі далучаны да адной з самых гарачых старонак найноўшай гісторыі нашай краіны.

Некалькі тысяч чалавек, паўстаўшы супраць несуразмерна большай сілы, у тым самым праявілі вышэйшую ступень гераізму. Паўстанцы верылі, што Беларусь усё-такі атрымае дзяржаўнасць і суверэнітэт. Аднак і ў страшных снах не маглі прымроіць, што, будучы ўжо незалежнай, рэспубліка не захоча памятаць пра тых, хто змагаўся за яе. Дык давайце ж мы з вамі не абмінём увагай тую гераічную старонку нашай гісторыі, хаця б проста прачытаўшы гэты сціплы артыкул і расказаўшы пра падзеі тым, хто пра іх можа не ведаць.
З Днём герояў!

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики