weather

USD 2.1064

EURO 2.3903

RUR(100) 3.2768

search

Кацярына Бабко: «Я ганаруся тым, што мой муж футбаліст»

Жонкі герояў футбольных матчаў заслугоўваюць не меншай увагі, чым любімыя намі гульцы. Не памылюся, калі скажу, што капітан «Слуцка» Ігар Бабко найбольш шануемы слуцкімі футбольнымі балельшчыкамі. Ён у камандзе з 2009 года, прайшоў са «Слуцкам» ад другой лігі да вышэйшай. І ён, я лічу, самы наш. Вялікая заслуга ў тым і яго Кацярыны.

Працалюбівы, адказны, сумленны, самаадданы на полі – так скажа пра яго кожны слуцкі футбольны аматар. Добры, чуллівы, пяшчотны ў сям’і – так гаворыць пра яго Кацярына.

Упэўнена, надзейны тыл – любімая жонка Кацярына, дзеткі Лёша і Жэнечка, утульны дом, камфортная амасфера ў ім, якую стараюцца стварыць члены сям’і – дапамагае яму вытрымліваць жорсткі рэжым спартыўнага жыцця. А найперш яна, Кацярына. Перад адным з матчаў мы з Кацяй сустрэліся на стадыёне ў Слуцку. Мае чаканні пацвердзіліся, яна – прыемная, абаяльная, шчырая. Кацярына – сапраўды моцная падтрымка для свайго Ігара.

…Ігар і Каця вучыліся ў адной школе ў Ганцавічах, абое займаліся спортам, выступалі на спаборніцтвах, але не заўважалі адзін аднаго. Яно і не дзіва, Каця на 4 гады малодшая. Калі дзяўчына перайшла ў 11 клас, Ігар стаў студэнтам БДУФК. Яны пазнаёміліся на дыскатэцы. Кацярыне спадабаўся юнак на фота на дошцы гонару ў школе, сустрэчу «падрыхтавалі» сябры …А той фотаздымак з дошкі гонару, яго Каця тады нейкімі сваімі шляхамі здабыла, беражліва захоўваюць у сям’і.

– Гэта каханне з першага погляду?

– Так. 1 кастрычніка мы пазнаёміліся ў 2005 годзе і з таго дня – разам. Пажаніліся 13 лютага ў 13.00, дзень закаханых таксама засталі, – усміхаецца Кацярына і адказвае, чым прывабіў Ігар: – Ён так танцаваў… вельмі прыгожа, своеасабліва. Не дзіва, вучыўся і жыў тады ў сталіцы. Я і цяпер, бывае, прашу яго патанцаваць, успамінае. Ён любіць танцаваць. Увогуле, ён вельмі вясёлы, але сціплы, старецца трымацца ў цені.

Мне хочацца больш даведацца пра яе, Кацярыну, але ўсё ў нас сходзіцца да Ігара. Яна сціпла замоўчвае сваю ролю.

– Я скочыла Гомельскі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт, потым курсы па спецыяльнасці дызайнер інтэр’ера, працавала на «Кераміне». Цяпер у водпуску па доглязе за дачушай Жэнечкай, а потым зноў выйду на працу. Зараз наша агульнае захапленне футбол, – усміхаецца Кацярына. – Нават суседзі ўжо пытаюць, як там «Слуцк». Лёша займаецца ў Баранавічах у спартыўнай школе, і ў Слуцку гуляе за адну з діцячых каманд клуба. Ён як Ігар, вельмі перажывае за сваю каманду, такі ж адказны. У адным з матчаў за «Слуцк» Лёшка пашкодзіў руку, яму было вельмі балюча, я бачыла гэта, але ж з поля не пайшоў, дагуляў матч і нават гол забіў. Не магу каманду падвесці, сказаў.

У Баранавічах у Лёшы неяк спыталі пра лепшых, на яго думку, футбалістаў. Ён назваў Раналду, Мессі і свайго тату, Ігара Бабко, расказвае Кацярына. Ігар для сына абсалютны аўтарытэт, на яго Лёша раўняецца, хоча быць, як ён, а можа і вышэй. Была ў яго мара вывесці тату на поле, якраз пасля дня нараджэння хлопчыка яна ажыццявілася. Лёша быў вельмі рады, усім расказаў пра гэта.

Дома ёсць спецыяльнае месца для ўзнагарод Ігара, кубкаў, і для Лёшы гэта таксама стымул. Бацькі не супраць такога выбару, Ігар, вядома, ужо дапамагае спасцігаць майстэрства валодання мячом, але галоўнае, гаворыць, каб сын вырас добрым чалавекам.

– Няхай ідзе да сваёй мары, мы падтрымаем, – гаворыць Кацярына.

А прашто марыць яна сама?

– З аднаго боку хачу, каб хутчэй ужо дома быў, а з другога – каб як мага даўжэй гуляў. Я ж ведаю, як гэта важна для яго. І так хочацца проста пабыць удваіх з Ігарам хаця б некалькі дзён.

Кацярына, відавочна, цалкам аддадзена сям’і, з такой любоўю расказвае пра мужа і сына, што ў мяне само напрошваецца пытанне: «растварылася» ў мужы?

– Пэўна так, – адказвае, – у нас усё пакуль падпарадкавана футболу. Мы паважаем працу Ігара, тым больш шлях яго ў прафесіі не быў лёгкім і простым. Ігар вельмі многа займаецца, імкнецца павысіць майстэрства. Я бачу, як даюцца поспехі, які ён пасля гульні... Бывае, гавару яму, каб хоць адпачываў крыху даўжэй, старажыл жа. Ды не, ён так не можа.

Мы з дзецьмі стараемся прыязджаць за татам пасля матчаў, дома ахоўваем яго сон, калі адпачывае. Але Жэнька ўсё ж не дае доўга спаць, сумуе без таты, ды і Лёша, толькі Ігар дома аказваецца, яго на вароты адразу ставіць (на прысядзібным участку ёсць невялікае поле). Усе хочуць яго ўвагі. Мы імкнёмся стварыць утульную атмасферу, каб наш тата за пару выхадных набраўся пазітыву, энергіі, добра адпачыў. Калі дома камфортна, калі ўсё добра ў сям’і, то і на полі вынік будзе. Мы заўсёды на сувязі, ведаем хто чым заняты, адлегласць для нас не перашкода.

– У мяне складваецца ўражанне, што ў вас і канфліктаў, спрэчак сур’ёзных не ўзнікае...

– Ну хіба што калі раней пераязджалі з месца на месца, тады крыху. Для мяне гэта было няпроста, адважыцца на перамену месца. Але, як жонка дзекабрыста, – за Ігарам. А цяпер вось аселі ў Баранавічах. Адну з мар Ігар ажыццявіў – у нас дом, аднапавярховы з мансардай, купілі ў мінулым годзе. Ён любіць штосьці рабіць па гаспадарцы, такі працавіты, дапамагае па магчымасці. Шчыры, хоць і не заўсёды пакавае свае пачуцці. Але мы ведаем: калі тата паабяцаў нешта, абавязкова зробіць.

– Не хацелася б, каб у мужа іншая прафесія была?

– Я ганаруся, што мой муж футбаліст. Я ведаю, якая гэта праца. Вельмі добра адношуся да яго калег і заўсёды абараняю, калі нехта пачынае гаварыць пра футбалістаў штось не вельмі прыемнае. У нас добрыя адносіны з камандай, з іншымі футбольнымі сем’ямі. Некалі Артур і Таццяна Лясько нам нават свой пакой саступалі ў інтэрнаце, калі я да Ігара з малымі прыязджала. Цяпер Ігар патрымлівае адносіны і з тымі, хто ў «Слуцку» ўжо не гуляе.

Вядома, перажываю падчас гульняў і стараюся асабліва на поле не глядзець, проста паблізу з Жэняй чакаем, з палёгкай уздыхаю, калі матч заканчваецца. Бачу, як да яго балельшчыкі падыходзяць, абдымаюць, фатаграфуюцца, думаю тады, гэта ж мой муж... Але прывыклі, ведаем, што яго тут усе любяць. І ён найперш ідзе да балельшчыкаў.

Не перайшоў у іншы клуб, бо яму дарагая каманда і ўсё тут, я бачу. Буду гуляць, гаворыць, пакуль змагу, а далей, напэўна, стаў бы тут жа, у «Слуцку» трэнерам. Калі б сказаў пераехаць сюды, то і перабраліся б. І Лёша ўжо больш нават сюды цягнецца. Жыццё наша і ў Слуцку, і ў Баранавічах. Ездзім і на радзіму. У Ганцавічах збіраемся ў бацькоў вялікай сям’ёй.

–Які сакрэт трывалых адносін, надзейнай сям’і?

– Патрэбна ўзаемная павага, давер і, вядома ж, каханне, сапраўднае, яно з часам не праходзіць. Трэба цаніць і падтрымліваць адзін аднаго. Ну а калі спатрэбіцца, ад нечага і адмовіцца дзеля сваёй «паловы».

Матч пачаўся, футбольныя эмоцыі захапілі мяне, але доўгі час не пакідала думка, што вось яна, сапраўдная жанчына, мудрая, якая кахае мужа і моцна трымае ў сваіх руках сямейнае вогнішча.

Источник - Слуцкі край

Из рубрики
comments powered by HyperComments