weather

USD 2.0566

EURO 2.2759

RUR(100) 3.1349

search

Ганцавіцкія футбалісты абыгралі сапернікаў з буйным лікам, але ў фінал не прайшлі

Перамога і расчараванне... У адказным матчы чвэрцьфіналу за выхад у «фінал чатырох» чэмпіянату Брэсцкай вобласці па міні-футболе ганцавіцкая каманда «Меліяратар-ФСК «Здароўе-7» абыграла сапернікаў з Лунінца з лікам 7:3, але ў фінал не прайшла.

Сустрэча праходзіла ў спортзале СШ №1 г. Ганцавічы 16 сакавіка. Мяч круглы, любяць казаць футбалісты. Але на гэты раз не пракаціла. І ўсё таму, што гэта быў матч у адказ на сваёй пляцоўцы.

10 сакавіка ў гасцявым матчы нашы футбалісты прайгралі з лікам 3:6 лунінецкай камандзе РФСК« Здароўе». Улічваючы тое, што пры роўным ліку па суме дзвюх сустрэч лунінецкія футбалісты забілі на адзін мяч больш у гасцях, яны і сталі фіналістамі турніра. Але аматары футбола, якія ў той дзень прыйшлі на матч, пэўна, аб гэтым не пашкадавалі.

Гэта была бітва дастойных сапернікаў, багатая на галявыя моманты і эмоцыі. У ганцавіцкіх футбалістаў было шмат шансаў, каб вырваць перамогу. Раз за разам вароты сапернікаў трасліся пасля ўдараў у перакладзіну і штангу, але мяч не хацеў залятаць у вароты.

Сапернікі агрызаліся і часам востра контратакавалі. І наш варатар не раз выратоўваў каманду. Азарт быў такі, што было шмат і спрэчак, і парушэнняў правіл, і заўзятары выбягалі на пляцоўку, не стрымліваючы эмоцый.

Не абышлося і без траўм. Як заўсёды, больш за ўсіх дасталася нашаму футбалісту Уладзіміру Сакалову, які не шкадаваў сябе і змагаўся, як паранены леў. Яму два разы доктар аказвала дапамогу, калі футбаліст курчыўся ад болю. Але ён усё роўна вяртаўся на пляцоўку.

Але пасля фінальнага свістка супрацьстаянне раптоўна знікла. Сапернікі ціснулі адзін аднаму рукі, дзякавалі за гульню і развітваліся з заўзятарамі. Ганцаўчане па выніках двух матчаў прайгралі, таму пажадаем перамогі ў фінале нашым суседзям.

comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики