weather21

USD 2.0707

EURO 2.3554

RUR(100) 3.0415

search

Анкалагічнаму дыспансеру не месца ў турме

У канцы мінулага года прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з пацыентамі Мінскага гарадскога анкалагічнага дыспансера і сказаў, што беларускія анколагі дастойныя Нобелеўскай прэміі. Прачытаў і падумаў: што б ён сказаў, калі б пабачыў анкадыспансер у Вілейцы?

Анкалагічны дыспансер для цэлага рэгіёна з былой турмы, якую пабудавалі 160 гадоў таму, у якой нават нявольнікаў трымаць адмовіліся, бязвінных людзей расстрэльвалі сотнямі, адразу тут і хаваючы?

Раней на будынку вісела мемарыяльная дошка з надпісам “Тут, каля гэтай сцяны, нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі да пяці тысяч ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў у 1941-1944 гадах”. Потым дошка знікла.

А ў турме-бальніцы нічога не змянілася

У прыбудове, дзе калісьці адпачываў ахоўнік турмы, зрабілі рамонт, абсталявалі кабінеты. А ў самой турме-бальніцы да сённяшняга дня нічога не змянілася. А праз гэты дыспансер і пакуты прайшлі ўжо тысячы безнадзейна хворых людзей.

Яны ўжо нічога не скажуць, але шмат могуць распавесці іх родныя пра клопат дзяржавы аб пацыентах у гэтым дыспансеры. Лічу, што сваякам хворых варта праз газету расказаць, з якімі цяжкасцямі яны сутыкнуліся. Трэба паказаць, што не адзінкі, а тысячы пакутавалі ў гэтым жахлівым будынку. І калі адносіны чыноўнікаў да гэтай сітуацыі не зменяцца, яшчэ тысячы будуць пакутаваць.

“Завязі мяне дамоў, а то я сам пайду”

У 1984 годзе мой айчым захварэў на рак лёгкіх. Яго паклалі ў анкадыспансер у Вілейцы. Калі я прыехаў у чарговы раз наведаць хворага айчыма, ён, заўсёды спакойны і даклікатны, мне катэгарычна сказаў:

“Завязі мяне дамоў, а то я сам пайду. Я гэтыя сцены і гэту парашу ў прыбіральні не магу забыць з трыццатых гадоў. Тут рускія, палякі і немцы замучылі тысячы людзей. Хай тут лечацца тыя, хто дадумаўся з турмы зрабіць бальніцу. Я тут паміраць не буду!”

 Тады я забраў яго. Памёр айчым дома. А ў 1930-х гадах ён сядзеў ў гэтай турме, як савецкі шпіён.

У чэрвені 2014 годзе ў Бараўлянах зрабілі аперацыю маёй жонцы, у якой выявілі ракавую пухліну. Калі яе выпісвалі, сказалі адпачыць тры тыдні, а потым прыехаць на апраменьванне.

Па дамоўленасці з загадчыцай Рэспубліканскага радыелагічнага аддзялення Ірынай Шалкоўскай прыехалі зноў у Бараўляны.  Загадчыца адразу сказала, каб хворая ішла афармляцца. Мы з дачкой адказваем, што яна не можа ісці, бо ў інвалідным вазку: вельмі баліць нага.

Тады Ірына Шалкоўская адпраўляе яе ў паліклініку, каб зрабіць дадатковыя аналізы. Зноў амаль дзень прахадзілі па розных кабінетах. І ўсюды чарга людзей з усёй Беларусі. Вечарам нам паведамілі, што дамовіліся з супрацоўнікамі вілейскага анкадыспансера і жонку адпраўляюць туды на лячэнне.

Што можна зрабіць у такіх умовах для людзей

У Вілейку паехалі на наступны дзень. Галоўны доктар дыспансера сказаў, што ў іх чарга, класці няма куды, што з Бараўлянаў ніхто не тэлефанаваў дамаўляцца. Хворую ён нават не глядзеў.

Зноў паехалі дамоў. А жонка нават заснуць не магла ад болю. Не буду пісаць як, але назаўтра месца знайшлося і яе паклалі ў анкадыспансер. Жонку ў інвалідным вазку мы знеслі па той жахлівай нязручнай лесвіцы.

Канешне, ёсць у той установе самаадданыя, сумленныя дактары і медсёстры. Але, што яны могуць зрабіць у такіх у мовах для паміраючых людзей?

Упэўнены, што ініцыятыўная група робіць вельмі патрэбную справу. Чым больш на гэту тэму адгукнецца людзей, тым хутчэй можа што-небудзь змяніцца. А ў анкалагічны дыспансер патэнцыйна трапіць можа кожны з нас.

У Маладзечне ў 1960-х гадах зачынілі старыя могілкі. Калі сваякі пахаваных настойвалі, прах пераносілі на новыя могілкі. На месцы старых усё зруйнавалі і хацелі аддаць пад індывідуальную забудову. Нягледзячы на тое, што зямельны ўчастак атрымаць нялёгка, ні адзін з тых, каму прапаноўвалі, не захацеў будавацца на былых могілках.

Анкалагічнаму дыспансеру не месца ў турме.

Матэрыял прадастаўлены "Рэгіянальнай газетай".

Из рубрики
comments powered by HyperComments