weather

USD 2.4375

EURO 2.899

RUR(100) 3.3156

search

Дзе пачуць беларускую мову ў Маскве? Хлопец з Беларусі аб'ядноўвае землякоў у расійскай сталіцы

“Беларусы ў Маскве” - суполка, якая мае сяброў ў “Facebook”, ”VK” і “Whatsapp”. Адным з яе галоўных адміністратараў і натхняльнікам  з’яўляецца Аляксей Лукашэвіч з Ашмянаў. 

 Беларусы ў адной з маскоўскіх кавярань на сустрэчы з актывістам і папулярызатарам Беларусі ў свеце Францішкам Вячоркай трымаюць нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг!
Беларусы ў адной з маскоўскіх кавярань на сустрэчы з актывістам і папулярызатарам Беларусі ў свеце Францішкам Вячоркай трымаюць нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг!

З ім  я пазнаміўся ў Маскве, калі сам жыў у гэтым горадзе.  Рухавы і актыўны, Аляксей пагадзіўся адказаць на некаторыя пытанні “ГЧ” пра створаную ім супольнасць беларусаў у Маскве.

Аляксей, калі і чаму пераехаў у Маскву?

Пасля вучобы на юрыдычным факультэце ў Наваполацкім універсітэце і на  аддзяленні паліталогіі ў Варшаве пераехаў у Мінск, дзе працягнуў займацца грамадскім жыццём, бо пад час вучобы быў вельмі актыўны і удзельнічаў у розных культурніцкіх і грамадскіх рухах.

У Мінску разам з сябрам з Задзіночання беларускіх студэнтаў арганізавалі Фэст студэнцкай творчасці “СтудФармат”, які стаў адным з першых незалежных фэстаў у Мінску. Гэта сёння культурнае жыццё Мінска насычанае, а тады такіх падзеяў не было.

Паралельна з гэтым займаўся бізнэсам. Прыганялі з сябрамі  аўтамабілі з Прыбалтыкі і прадавалі. Але ў 2011 годзе пасля падвышэння мытных падаткаў аўтамабільны бізнэс скончыўся. Год думаў чым заняцца, перабіваўся падпрацоўкамі. А потым неяк паразмаўляў з сябрам, які на той час стала жыў і працаваў у Маскве. Ён сказаў:

“Прыедзь, паспрабуй! Спынішся ў мяне”.

Хоць ніколі не глядзеў ў бок Масквы, вырашыў рызыкнуць. Захацелася зразумець, ці варты я чаго, ці атрымаецца ў мяне жыццё ў Расіі. Таму увосень 2012 “паспрабаваў”. З таго часа стала жыву і працую ў Расіі, але па магчымасці стараюся часцей бываць на Радзіме.

Распавядзі пра арганізацыю беларусаў Масквы і падмаскоўя?

У Маскве ёсць афіцыйная структура “Рэгіянальная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы””. Яна прадстаўляе беларусаў на афіцыйным узроўні. А “Беларусы Масквы і Падмаскоў’я” – гэта суполка беларусаў у сацыяльных сетках.

Напачатку даведаўся, што ў Маскве ёсць беларускія імпрэзы “Belarus Night Party”, на некаторых з іх я выступіў вядучым. А потым  вырашыў стварыць новую суполку ў сацсетках і пачаў збіраць туды беларусаў, якія часова ці стала жывуць у Маскве.

Вось ужо 3 гады паціху збіраю. Працэсс цяжкі, бо шмат хто, пераехаўшы з Беларусі, стараецца максімальна асімілявацца, схаваць сваё паходжанне. Так часта ў профілях беларускіх грамадзян, пражываючых у Маскве, пазначаны як родны горад, менавіта Масква. 

З гэтага часам адбываюцца нейкія камічныя сітуацыі. Заходзіш на старонку ў сацсетках такога “масквіча”, а ў яго ні слова пра Беларусь. Адкрываеш ягоных сяброў, а там людзі з Мінску, Брэсту,  Пружанаў, Івацэвічаў, Клецка, Вілейкі і інш. Як гэта зразумець? Такім асобам пішу асабістыя паведамленні і запрашаю ў суполку. А да мяне прыходзяць пытанні:

“Як ты даведаўся, што я з Беларусі?!”

Чым суполка “Беларусы ў Маскве” можа дапамагчы , для прыкладу, ганцаўчаніну, які прыязджае на заробкі ў расійскую сталіцу?

У нас не арганізацыя, таму калі казаць пра дапамогу, то ў нас больш  інфармацыйныя парады. Можна напісаць у сацсеткі з пытаннямі якія турбуюць і атрымаць добры адказ, а часам і рэальную дапамогу. Так, да прыкладу, нехта можа дапамагчы з рэгістрацыяй, а нехта перадаць з дому торбу ад маці, калі едзе на машыне з Беларусі.

Якія творчыя сустрэчы арганізоўвае суполка і якія планы ў вас наперадзе?

Калі колькасць удзельнікаў суполкі “Вконтакте” дасягнула 400 чалавек, я вырашыў паспрабаваць арганізаваць сустрэчу оффлайн і пазнаёміцца. Я не магу доўга сядзець на адным месцы. Калі доўгі час нічога не раблю, то мяне пачынае “падкідваць”!

Першая сустрэча ў нас атрымалась спантаннай і непадрыхтаванай. Таму для другой сустрэчы было вырашана падрыхтавацца загаддзя, зрабіўшы рэкламу ў сетках. 

На другую сустрэчу ў кавярню прыйшло ўжо каля дваццаці чалавек. Тады было прынята рашэнне запрасіць каго-небудзь з сучасных беларускіх музыкаў. У Маскве час ад часу выступаюць беларускія гурты, але гэта канцэрты, на якія ты прыходзіш, слухаеш музыку  і ідзеш да дому.

А мне хацелася арганізаваць сустрэчы, дзе б музыка быў як сябра, каб з ім ці з імі можна было б паразмаўляць.  На такіх сустрэчах у нас ужо былі  бард Сяргей Башлыкевіч і спявак Андрусь Такінданг, акрамя іх — грамадскі актывіст Францішак Вячорка. 1 сакавіка чакаем у госці музыку з гурта “У нескладовае” Рамана Арлова.

На такія мерапрыемствы заўсёды збіраецца пэўная колькасць людзей, якім важна пабыць разам і адчуць сябе беларусамі. Што тычыцца планаў, то нічога грандыёзнага: працягваю збіраць беларусаў Масквы і падмаскоўя на творчыя сустрэчы, стараюся павялічваць колькасць удзельнікаў суполкі, а таксама планую  арганізаваць паказы сучасных фільмаў на роднай мове.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики