weather

USD 2.4211

EURO 2.8194

RUR(100) 3.4491

search

У пенсіянеркі з в.Задуб’е ад маланкі згарэлі дровы і сарай

“Ахвярай” стыхіі, якая разгулялася ў суботу, 1 чэрвеня, у 20.30 гадзін вечара стала драўляная адрына з дровамі ў пер. Меліярацыйным у в. Задуб’е. Згарэлая маёмасць належыць 80-гадовай мясцовай жыхарцы, пенсіянерцы Вользе Сідарэвіч.

У пенсіянеркі з в.Задуб’е ад маланкі згарэлі дровы і сарай
У пенсіянеркі з в.Задуб’е ад маланкі згарэлі дровы і сарай

Як распавядала ўладальніца маёмасці, у момант навальніцы яна была ў хаце, адпачывала на канапе. Разрад маланкі яе вельмі напалохаў. “Так моцна грымнула, што я ажно з падушкі ўскочыла, а на вуліцы як быццам зара займаецца. У акно гляджу, дравянікі мае гараць, – расказвала пенсіянерка. – Я выбегла на вуліцу, крычу: “Людзі, ратуйце, ратуйце!..” Ды ж хіба полымя патушыш — палае як свечка… Там метраў трыццаць дроў сухіх было, паколатых ужо. Ох, так шкада, што ўсё знішчана… Нічога не выратавалі. І нават бярозка, што паблізу расла, згарэла”.

Пенсіянерка сказала, што дровы былі нарыхтаваны на зіму, хоць яна зараз у халодную пару года перабіраецца ў горад да дзяцей. “От, не буду я больш дроў купляць. Як е, так і е, а як згарэлі, дык што ж ужо рабіць. Напалохалася толькі моцна”, – выказалася жанчына.

Яна сказала, што ў час пажару яе падтрымаў сын, які прыехаў з Мінска на выхадныя. Але пажылая жанчына наадрэз адмовілася ехаць з дзецьмі ў горад. “Хата ж у мяне ёсць, а ў горад я не хачу: тут, дома, лепей”, – разважыла пенсіянерка.

Top