weather

USD 2.4211

EURO 2.8194

RUR(100) 3.4491

search

Ахвяры маланкі – адрына і бярозы…

Адрына і дзве бярозы ў Хатынічах сталі ахвярамі маланкі ў мінулы панядзелак, 23 чэрвеня. Гэта ў чарговы раз і парадавала, і ўсхвалявала жыхароў вёскі.

Пажар спрабавалі ўтаймаваць і выратавальнікі, і вяскоўцы
Пажар спрабавалі ўтаймаваць і выратавальнікі, і вяскоўцы / Фото: Пётр Гузаевский

Парадавала – таму што ў ліку ахвяр не было людзей. Маланка ўдарыла ў ветравы шчыт і пашкодзіла драўляныя часткі блочнай адрыны па вуліцы Зарэчнай, 8, а ў іншым месцы вёскі з дзвюх бяроз зняла кару.

А ўсхвалявала здарэнне таму, што самая вялікая вёска раёна, у якой працягласць толькі дзвюх вуліц – Пінскай і Люсінскай – каля 10 кіламетраў, не мае свайго выратавальнага паста. Бліжэйшыя пажарныя каманды (з Раздзялавіч і Ганцавіч) не заўсёды паспяваюць прыехаць і своечасова спыніць разгул агнявой стыхіі.

Таму хатынаўцы і прызвычаіліся змагацца з пажарамі самастойна. Вось і на гэты раз усе, хто ўбачыў агонь на Зарэчнай, кінуліся з вёдрамі на дапамогу. Ведалі: пакуль прыедуць пажарнікі, агонь можа не толькі дашчэнту знішчыць адрыну, але і перакінуцца на іншыя будынкі.

“У мяне трое непаўналетніх дзяцей застаюцца дома, а мы з мужам на рабоце. Я працую даяркай на ферме, і, як толькі пачынаецца навальніца, мне становіцца не да маіх каровак: бягу дадому! У любы час можа нешта стацца. На гэты раз праз пяць дамоў ад нас гарэла гаспадарчая пабудова. А дзе маланка іншы раз ударыць, нікому невядома… – выказалася жыхарка Хатыніч Галіна Васько. – Мы ўжо звярталіся да старшыні райвыканкама з просьбай арганізаваць у нас выратавальны пост, але безвынікова. Думаем сабраць подпісы і паехаць да Прэзідэнта”.

Некалькі гадоў назад хатынаўцы звярталіся з гэтым пытаннем і да тагачаснага намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях, які патлумачыў, што ў Рэспубліцы Беларусь 192 буйныя населеныя пункты не маюць сваіх пастоў РАНС. Патрэбны вельмі вялікія сродкі на іх стварэнне, якіх у службы няма. Па словах Галіны Васько, вяскоўцы гатовы часткова кампенсаваць выдаткі на стварэнне такога паста ў Хатынічах. “Наша сям’я будзе адной з першых, хто паўдзельнічае ў зборы сродкаў. Ды і многія з вяскоўцаў, упэўнена, не адмовяць, бо разумеюць сур’ёзнасць сітуацыі”, – запэўніла Галіна Фёдараўна.

Аднак, як кажуць, пакуль воз і цяпер там, і кранацца з месца ён не збіраецца: па словах начальніка Ганцавіцкага РАНС Уладзіміра Рапейкі, стварыць пажарную каманду ў Хатынічах няма магчымасці.

Ці дапаможа вяскоўцам збор подпісаў і паездка ў сталіцу? Пытанне застаецца адкрытым. Але надзея, як вядома, памірае апошняй…

Top