search

Бібліятэкары адзначылі прафесійнае свята

Новы зборнік “Дарогамі лёсу: жыццё і кніга” быў прэзентаваны на вечарыне, якую арганізавалі бібліятэкары ў гонар свайго прафесійнага свята. Прайшло мерапрыемства ў мінулую пятніцу, 13 верасня, у кінатэатры “Маладосць”.

У святочна прыбранай зале кінатэатра панавала атмасфера шчырасці і добразычлівасці. У час калектыўнага выканання песні «Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались»
У святочна прыбранай зале кінатэатра панавала атмасфера шчырасці і добразычлівасці. У час калектыўнага выканання песні «Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались» / Фото: Виталий Герасименя

Зборнік ўвабраў у сябе замалёўкі былога работніка бібліятэчнай сістэмы Галіны Пупач (якая цяпер працуе ў РЦДЮТ), а таксама іншых бібліятэкараў і журналістаў, якія раней пабачылі свет у друкаваных выданнях. Кніга распавядае аб людзях бібліятэчнай сістэмы, якія працавалі ад пачатку яе стварэння і да нашых дзён.

Коратка аб гісторыі стварэння і развіцця бібліятэк у раёне расказала вядучая вечарыны Таццяна Маляўка. Падмацавала яе аповед прэзентацыя, кадры якой нагадалі аб “піянерах” бібліятэчнай справы, умовах, у якіх яны працавалі. Жартаўліва пра сваю работу распавядалі бібліятэкары раённай дзіцячай бібліятэкі – Наталля Наумік і Валянціна Марыняк. Яны нават уручылі “медалі” сваім памочнікам і настаўнікам – усім работнікам аддзела маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Васіля Праскурава і яе цяперашняму кіраўніку Але Хваль.

А потым гаварылі самі бібліятэкары – цяперашнія работнікі і ветэраны справы: Алена Данілаўна Лелес, Лідзія Міхайлаўна Міхлюк, Людміла Аляксандраўна Дулік, Галіна Мікалаеўна Пупач, Ала Уладзіміраўна Хваль. Іх расказы аб цяжкасцях і радасцях бібліятэчнай працы маглі б дапоўніць прэзентаваны зборнік, які, дарэчы, стаў прыемным падарункам кожнаму ветэрану.

Акрамя таго, бібліятэкары паказалі, што яны вельмі рознабаковыя і таленавітыя людзі. Прыгожымі галасамі і добрымі песнямі радавалі прысутных Алена Віннік (в. Кукава), Алена Сяргейчык (в. Люсіна), Наталья Фядосава (в. Вялікія Круговічы). Упрыгожылі стэлажы выставы выцінанкі Алены Віннік (в. Кукава), работы ў стылі “дэкупаж” Леаніды Рапейкі (в. Агарэвічы), карункі Галіны Пупач, вышыванкі Алены Шэмет (в. Раздзялавічы), Галіны Свірыд (в. Хатынічы), Алены Сяргейчык (в. Люсіна). Алена, дарэчы, прадставіла і свае работы з цеста. Аздобіў святочную праграму верш загадчыка Агарэвіцкай бібліятэкі Аксаны Жданюк.

Вершамі, песнямі, дасціпнымі жартамі віншавалі “віноўнікаў” урачыстасці іх госці: работнікі культуры Святлана Лапчук, Мікалай Ленкавец, Яўген Тамашэня, Таццяна Калдушка, работнікі РЦДЮТ Лілія Вадзюціна і Надзея Рэкунова, паэты Аляксей Галаскок, Святлана Локтыш і Георгій Толін. Цёплую святочную атмасферу падтрымлівалі гарачая кава з салодкімі прысмакамі, а галоўнае, шчырыя адкрытыя ўсмешкі прысутных.

Новости

Из рубрики
Top