“Родны кут” прапануе дзецям пратэрмінаванае харчаванне
На мінулым тыдні ў газету “ГЧ” патэлефанаваў жыхар вёскі Вялікія Круговічы Анатоль Трафімчык, які паведаміў, што ў гандлёвым цэнтры “Родны кут” прадаюць пратэрмінаванае дзіцячае харчаваннегандлёвай маркі “Абібок”.

Купляючы харчаванне для дзяцей, бацькі павінны быць асабліва пільнымі, каб не набыць пратэрмінаваныя прадукты / Фото: Светлана Малышко
Анатоль расказаў, што двойчы, 10 і 16 жніўня, звяртаў увагу работнікаў “Роднага кута” на тое, што на паліцах магазіна стаяць шклянкі з пратэрмінаваным дзіцячым харчаваннем. “Тэрмін, да якога можна было карыстацца кансервамі з гародніны, сышоў месяц таму, а іх з продажу так і не прыбралі. Я папярэдзіў супрацоўнікаў гандлёвага цэнтра, каб прынялі нейкія меры, бо я так гэтага не пакіну. Мо каб дарослым прадавалі, то я і не стаў бы настойваць, а навошта ж дзяцей атручваць?” – абураўся Анатоль Трафімчык.
Пазней карэспандэнт двойчы наведалася ў магазін, на мінулым і на гэтым тыдні, 26 жніўня. На паліцах пратэрмінаванага тавару ўжо не было. Тэрмін захавання дзіцячага харчавання “Абібок” двух найменняў – “Кабачкі з казіным малаком” і “Гарбузы з малаком” – сыдзе толькі ў верасні і снежні гэтага года. Іншыя дзіцячыя кансервы таксама былі годныя да ўжывання.
З гэтай сітуацыі варта зрабіць выснову: пакупнікам трэба быць пільнымі, кожны раз правяраць тэрмін прыгоднасці прадуктаў – каб нашы блізкія, асабліва дзеці, не ўжывалі няякасныя прадукты харчавання.
