weather

USD 2.6293

EURO 2.9482

RUR(100) 3.3334

search

Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу

Яшчэ дзеці бавяцца на вакацыях, а бацькі ўжо ў турботах і клопатах, як сабраць дзіця ў школу так, каб расходы не так балюча ўдарылі па сямейным бюджэце. Але каб не атрымалася і так, як у прымаўцы “Скупы двойчы плаціць”. Пры ўсім гэтым, кожны хоча, каб дзіця выглядала не горш за іншых.

Будучая першакласніца Уладзіслава Качагарава выбірае школьныя прыналежнасці да навучальнага года
Будучая першакласніца Уладзіслава Качагарава выбірае школьныя прыналежнасці да навучальнага года

У мяне самога сёлета пляменніца ідзе ў першы клас. Вось з гэтай нагоды я і вырашыў высветліць, як у нашым горадзе зрабіць неабходныя закупы і пры гэтым хоць трохі сэканоміць. Таму я адправіўся на рынак.

Шчыра кажучы, асартымент тавараў на рынку, асабліва адзення, быў небагаты. Некаторыя тавары з неабходнага спісу было даволі складана адшукаць, а часам нават немагчыма. Кошты ж і на гэты небагаты асартымент у разы вышэйшыя, чым, напрыклад, у краме ( але заўважу, што не на ўсе). Так, альбом для малявання на рынку каштуе 9 тысяч рублёў, а ў краме той жа альбом на восем аркушаў каштуе 4 тысячы. Розніца адчувальная.

Побач з адным прылаўкам, дзе можна было набыць школьныя прыналежнасці, маю ўвагу прыцягнула жанчына, якая, разлічыўшыся з прадаўцом за набыты тавар, заўважыла: “Нічога не купіла, а 200 тысяч аддала». Высветліў, што Алена Карачун, маці дваіх дзяцей, збірае ў школу першакласніка. На маё пытанне, наколькі адчувальна для яе сямейнага бюджэту сабраць сына ў школу, жанчына адказала: “Палічыце самі, калі ў нас з мужам агульны прыбытак на сям’ю складае 6 млн. Сабраць дзіця ў школу абыдзецца як мінімум на 4 млн. А трэба ж і за камунальныя заплаціць. Я ўжо і не кажу пра тое, што застаецца на пражыццё!”

Яшчэ крыху пахадзіўшы сярод гандлёвых палатак і ралетаў, я адправіўся ў крамы нашага горада. Прызнаюся, выбар у іх куды больш багаты, што мяне прыемна здзівіла. Кошты ж на некаторыя тавары таксама розняцца. Прывяду прыклад. Школьны гарнітур на дзіця, скажам, гадоў сямі, на рынку складае 200 тысяч, у краме – 470 тысяч рублёў (папярэджваю, што на ўсе віды тавараў кошты падаю мінімальныя).

Падсумоўваючы ўсё вышэйсказанае, магу вас запэўніць, што, калі не пашкадаваць свайго часу, дык можна істотна сэканоміць.

Из рубрики
Top