Наталля Рабава: “Калі мы стаім на месцы, нашы суседзі ідуць наперад”
У Беларусі прайшла міжнародная канферэнцыя “Пошук новага балансу: як зрабіць адпаведнай сістэму дзяржаўнага кіравання выклікам, якія стаяць перад Беларуссю”. Вынікі мерапрыемства падводзіць дэрыктар Школы маладых публічных адміністратараў (SYMPA), сацыёлаг Наталля Рабава.

– Наталля, наколькі правядзенне гэтай канферэнцыі актуальнае для нашай краіны?
– Узровень жыцця падае. Кожны адчувае гэта на сваёй скуры І людзі разумеюць, што трэба нешта рабіць.. Пра гэта ж фактычна сказаў памочнік прэзідэнта Кірыл Руды, які публічна заявіў, што ў нас ёсць людзі ў заходніх касцюмах, але ці ёсць у нас людзі з заходнімі мазгамі, якія дазваляюць праводзіць гэтыя рэформы?
Рэфармаваць нашу эканоміку трэба, але на дадзены момант нераспрацаваны механізм правядзення гэтых рэформаў. Таму цэнтральным пытаннем нашай канферэнцыі мы паставілі, хто і як гэта будзе рабіць.
– І хто ж?
– Зараз сітуаціыя складваецца наступным чынам: чыноўнікі, згодна даследванню BISS, у цэлым жадаюць рэформ, але няма ніякай выразнай стратэгіі іх паводзін. І кіраўнік дзяржавы прама гаворыць, што “будзем “рэзаць” гэтых рэфарматараў”. Зразумела, гэта не вельмі спрыяе жаданню дзяржслужачых нешта мяняць.
– Да ўдзелу ў канферэнцыі былі прыцягнутыя вельмі сур’ёзныя эксперты з розных краін: Літвы. Эстоніі. Расіі, Казахстана, Грузіі. Чаму былі выбраныя менавіта гэтыя краіны?
– Таму што гэта краіны з агульным мінулым. Літва наш сусед, які перабудаваў сістэму дзяржаўнага кіравання па лекалах Еўрапейскага Саюза. Казахстан рэфармуецца вельмі сур’ёзна ужо дастаткова шмат гадоў і заяўляе пра яшчэ большыя амбіцыі ў гэтай сферы. Грузія вядомая ўсяму свету сваімі кардынальнымі крокамі ва ўсіх галінах. Эстонія – флагман у сферы прымянення электроннага ўраду.
Выступы экспертаў былі вельмі цікавымі, і нам, як арганізатарам, было вельмі шкада перарываць спічы некаторых выступоўцаў з-за часовых абмежаванняў.
Дарэчы, на канферэнцыі прысутнічалі таксама выступаючыя спікеры з дзяржорганаў Беларусі.
Мы ж пры арганізацыі гэтага мерапрыемства не ставілі мэтай выпрацаваць нейкую падугульняючую рэзалюцыю і потым за яе прагаласаваць, а хацелі прадаставіць пляцоўку для дыялогу, магчымасць выказаць розныя меркаванні і падзяліцца сваім назапашаным досведам.
– Ці ўдалося знайсці агульную мову з прадстаўнікамі дзяржструктураў?
– Практычна паўсюль узнікалі супярэчнасці. Элетронны ўрад, па меркаванню прадстаўнікоў улады, у цэлым патрэбны. Але ён мяркуе нейкі давер да грамадзян і правядзенне рэформ у цэлым. А з гэтым у нас, як вядома, праблемы.
– Можаце сказаць, досвед якой краіны нам найбольш прымальны і актуальны?
– Досвед Эстоніі нам найбольш цікавы ў галіне электроннага ўраду. Грамадзянін можа не толькі атрымліваць сэрвісы анлайн, але і актыўна удзельнічаць у жыцці краіны – абмяркоўваць нарматыўна-прававыя акты, галасаваць і г.д. Там зараз нават ёсць магчымасць атрымання электроннага грамадзянства.
Грузія нам цікавая той думкай, што нельга капіяваць чужы досвед, нават самы ўдалы. Дзяржава, у ідэале, павінна ўзяць на сябе ролю суддзі і назіраць за захаваннем выпрацаваных правілаў, а не старацца перайграваць іншых гульцоў.
Досвед Казахстана нам таксама вельмі цікавы. Краіна датэрмінова ўвайшла ў топ-50 краін з самай канкурэнтназдольнай эканомікай і цяпер хоча ўвайсці ў топ-30. Мы на гэты фоне выглядаем неяк зусім непераканаўча.
– Дык усё ж па якому шляху нам рухацца наперад: казахстанскаму, эстонскаму, грузінскаму?
– З аднога боку, нам нельга браць чужое адзенне і нацягваць яго на сябе. Але з другога, працэс кройкі і пашыву сукенкі не ўнікальны. Таму нам трэба больш уважліва прыгледзецца хоць б да досведу суседніх краін і ўзяць з яго лепшае. Таксама неабходна паставіць адпаведныя мэты і задачы, а потым вымяраць вынікі.
– Чаму дыялог з прадстаўнікамі дзяржаўных структур развіваецца так, мякка кажучы, няпроста?
– Калі б не было бюджэтных дзірак, то дыялогу, напэўна б, увогуле не атрымалася. Але таму што ў нас сур’ёзныя праблемы з напаўняльнасцю бюджэту, пытанне “хочацца ці не хочацца рэформаў”, папросту не стаіць. Гэта проста суворая неабходнасць.
– Які вынік канферэнцыі?
– Мы ўбачылі інтарэс з боку дзяржворганаў, грамадскасці да найбольш перспектыўных напрамкаў развіцця беларускага грамадства. Мы ўсвядомілі гатоўнасць да дыялогу. Спадзяюся, што тыя думкі і інструменты правядзення магчымых рэформаў, пра якія мы гаварылі на канферэнцыі, будуць неяк пачутыя. З усімі вынікаючымі.
– Наталля, наколькі гэта рэалістычна?
– Не думаю, канешне, што наша канферэнцыя пераламала сітуацыю. Але мы прадаставілі пляцоўку для выказвання поглядаў і пазіцый па сітуацыі ў краіне. Гэтая сітуацыя няпростая, і мы кіруемся толькі жаданнем яе змяніць да лепшага.
Вельмі крыўдна ўсведамляць, што калі мы стаім на месцы, нашы суседзі ідуць наперад.
