search

Бульба: адны купляюць, другія прадаюць, трэція чакаюць

«Дапамажыце, людзям няма куды дзяваць бульбу. Пройдзе яшчэ нейкі час, яна сапсуецца, і тады агародніну прыйдзецца вывезці на сметнік», – сказаў пенсіянер, які на мінулым тыдні патэлефанаваў у рэдакцыю. Якая сітуацыя на бульбяным рынку ў Ганцавіцкім раёне, выясняла карэспандэнт «ГЧ».

Уладзімір Аляшкевіч сам з вёскі Будча. Вясковец, канешне, рады, што мінулы год, нягледзячы на засушлівае надвор`е, аказаўся ўрадлівым на «другі хлеб» – бульбу, але цяпер у яго, як і ў многіх сельскіх жыхароў, узнікла пытанне: куды яе збыць?

«Раней па вёсках ездзілі закупшчыкі з Расіі і за нашу бульбу давалі неблагія грошы. А куды яны цяпер падзеліся? Хто ім перакрыў кісларод? Што зрабілі мясцовыя ўлады, каб людзі прадалі бульбу? Калі нам не дапамогуць, дык збяромся, наймём машыну і прывязём бульбу ў Ганцавічы на плошчу», – сказаў Уладзімір Сцяпанавіч.

Мінулыя гады людзі прадавалі бульбу тонамі. Можна было не толькі прадаць, але і абмяняць яе на прадукты харчавання. Адным з самых прывабных быў абмен бульбы на «заморскія» ягады – кавуны. Некаторыя не проста збывалі тыя лішкі, якія атрымаліся ў гаспадарцы за кошт добрага ўраджаю, а спецыяльна вырошчвалі агародніну на продаж. Цяпер сітуацыя на бульбяным рынку змянілася.

Некаторыя збылі лішнюю ў гаспадарцы бульбу восенню, другія, думаючы «а вось падаражае», вырашылі «хаваць» яе да вясны. Аднак спадзяванні не апраўдаліся. Такога ажыятажу, як раней, калі ў адной вёсцы стаяла па некалькі фураў для закупкі бульбы, цяпер няма. Зараз людзі збываюць бульбу ў асноўным праз падачу аб`яў. І як паказаў эксперымент, калі падаць аб`яву ў газету, то пакупнікі знаходзяцца. Купляюць, канешне, не дзясяткамі тон, але бяруць мяхамі.

Каб даведацца, хто прадае «другі хлеб», хто купляе і па колькі, карэспандэнт «ГЧ» патэлефанавала па аб`явах, размешчаных ў мясцовых газетах і на сайтах. Адзін званок, другі, трэці… Выявілася, што бульбу праз мясцовыя газеты прадаюць не ганцаўчане. Прадаўцамі аказаліся людзі з Ляхавіч, Лунінца, Клецка. Бульбу ў іх можна купіць па 1 тысячы рублёў за кілаграм, і гэта з дастаўкай на дом! Толькі прывязуць яе не ў той жа дзень, а праз колькі дзён. Заказ на машыну бульбы для пакупнікоў з Ганцавіч, як патлумачылі самі прадаўцы, збіраецца за некалькі дзён. Выходзіць, што, па грубых падліках, кожны тыдзень у Ганцавічы прыязджае як мінімум па тры машыны бульбы?

«Мне патрэбна была бульба. Я даў аб`яву ў газету. Званкоў з прапановамі было шмат. І што мяне здзівіла: нягледзячы на тое, што ў аб`яве было ясна сказана, што «КУПЛЮ», было вельмі шмат званкоў ад тых, хто хацеў яе ў мяне «КУПІЦЬ». Значыць, попыт на бульбу ўсё ж такі ёсць? Другая справа, што ганцаўчане прывыклі зарабляць на бульбе добрыя грошы і не хочуць аддаваць яе па тысячы рублёў за кілаграм ці яшчэ менш. Усё чакаюць, што падаражэе, ці што? А вось у суседніх раёнах можна вытаргаваць крухмалістую і па 500 рублёў за кілаграм – толькі бяры, яшчэ і на надворак прывязуць», – расказаў «ГЧ» Леанід Пісарык.

Прадаецца бульба і ў магазінах горада. Цікава, адкуль яна – мясцовая ці прывазная? У магазіне «Евроопт», напрыклад, прадаецца бульба з Камянца, цана яе – 5900 рублёў за кілаграм. У гандлёвых кропках райспажыўтаварыства на мінулым тыдні была бульба з Ляхавіцкага раёна. За кілаграм гэтай бульбы прыходзіцца аддаваць па 3900 рублеў. І людзі ж купляюць…

Абзваніўшы некалькі аб`яў з інтэрнэту, знайшла такіх, хто зацікаўлены купіць бульбу на Ганцаўшчыне. Дык можа, як кажа Прэзідэнт, крызіс у галовах? Можа, трэба крыху і самім паварушыцца, каб прадаць тое, у што ўкладзена столькі працы? Пакупнікі бульбы не будуць хадзіць па надворках і пытаць: «А ці ёсць у вас бульба?» Хутчэй за ўсё, яны будуць шукаць тавар па аб`явах.

Новости

Из рубрики
Top