weather

USD 2.6036

EURO 3.1684

RUR(100) 3.531

search

Ганцавіцкі лясгас вымушаны забіраць даўгі рыбгаса «Лактышы»… кансервамі

У Круговіцкім лясніцтве Ганцавіцкага лясгаса работнікам перад праваслаўным Раством прапанавалі набыць кансервы з карпа. Аб гэтым паведаміў «ГЧ» адзін з работнікаў лясгаса.

Ганцавіцкі лясгас вымушаны забіраць даўгі рыбгаса «Лактышы»... кансервамі / фотаздымак ілюстрацыйны
Ганцавіцкі лясгас вымушаны забіраць даўгі рыбгаса «Лактышы»... кансервамі / фотаздымак ілюстрацыйны

Па яго словах, сам ён кансервы не купляў, але чуў водгукі ад іншых, што не ўсё былі задаволены, што за бартар паміж лясгасам і рыбгасам трэба ў выніку разлічвацца самім работнікам лясгаса.

Журналісты «ГЧ» вырашылі пацікавіцца, што гэта за бартар, чаму работнікам прапанавалі набыць кансервы? Аб гэтым мы запыталіся ў ляснічага Круговіцкага лясніцтва Аляксандра Дайліда.

«Я дакладна не скажу, колькі каштавала бляшанка кансервы і чаму яе прадавалі ў нас. Магчыма, што гэта разлік прадпрыемства з лясніцтвам за дровы. Тэлефануйце ў лясгас», – пракаментаваў Аляксандр Уладзіміравіч.

Па словах работнікаў, асаблівага жадання купляць кансервы з рыбы ў іх не было. Але на просьбу многія работнікі лясной гаспадаркі адгукнуліся. Бляшанка кансерваванага карпа каштавала 2 рублі 73 капейкі.

Хтосьці з работнікаў набраў кансерваванага прадукту Любанскага рыбакамбіната з запасам: па пяць і нават дзесяць бляшанак, а хтосьці праігнараваў прапанову. У Круговіцкім лясніцтве працуе 42 чалавекі.

Хтосьці з тых, хто браў, казаў, што рыбная кансерва на смак не бяды, а хтосьці сцвярджаў, што рачная рыба любанскай вытворчасці пахне балотам. Вось толькі памыляецца гэты «гурман» – кансервы на Любанскім заводзе, якія пастаўляюцца на ААТ «Рыбгас «Лактышы», робяць з лактышоўскай рыбы.

А водгукі пра смак лактышоўскай рыбы і ад жыхароў сталіцы, і з іншых гарадоў толькі станоўчыя – смачная рыба там расце, не жыруе яна на камбікорме…

Гэта пацвердзіў і дырэктар ААТ «Рыбгас «Лактышы» Генадзь Жыбурт:

«Кансервы робяцца з нашай рыбнай сыравіны ў Любані. Якасць іх высокая, таму многія нашы работнікі і іншыя пакупнікі з задавальненнем купляюць кансервы з лактышоўскага карпа».

Дарэчы, у самім рыбгасе ўжо з мая 2020 года частку зарплаты выплачвалі кансервамі. Тады Генадзь Жыбурт тлумачыў, што гэта вымушаная мера ў складаным фінансавым становішчы, каб людзі не страцілі працу, а таксама магчымасць падтрымаць прадпрыемства.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Ганцавіцкага лясгаса Лілія Ленкавец не захацела гаварыць па рыбнай тэме, адказаўшы, што кансервы работнікам выдавалі проста так, без прычыны…

Такі каментарый паказаўся дзіўным. Таму прыйшлося звярнуцца да дырэктара лясгаса Ігара Шыйча, які адказаў канкрэтна і зразумела.

«Рыбгас не разлічыўся за пастаўленыя дровы, таму прыйшлося даўгі забраць прадукцыяй, – адказаў Ігар Уладзіміравіч. – Было прапанавана работнікам, хто жадае, набыць кансервы. Ніхто не прымушаў – хто хацеў, той купляў, я і сам купіў з дзясятак бляшаначак».

Дырэктар рыбгаса Яўген Жыбурт пацвердзіў, што яны сапраўды з-за фінансавых праблем у гаспадарцы за дровы з лясгасам разлічыліся прадукцыяй.

Ганцавіцкі лясгас вымушаны забіраць даўгі рыбгаса «Лактышы»... кансервамі
Ганцавіцкі лясгас вымушаны забіраць даўгі рыбгаса «Лактышы»… кансервамі / фотаздымак ілюстрацыйны

АД РЭДАКЦЫІ:

Гэта гісторыя з кансервамі нязначная і звычайная на першы погляд. Але ў той жа час – трывожны званочак: а што будзе далей, калі нашы прадпрыемствы будуць накопліваць даўгі і не змогуць разлічвацца?

Спачатку за прадукцыю, паліва, кармы, угнаенні, а потым дойдзе і да затрымкі зарплат. Многія эканамісты-эксперты прагназуюць няпростыя часы. Не выключана, што хутка наступіць перыяд, калі бартар зноў стане звычайнай практыкай. А часы, калі калгасы, прадпрыемствы ў нашым раёне банкруціліся і зарплаты не плацілі па некалькі месяцаў, яшчэ многія з чытачоў памятаюць.

Адну з такіх гісторый узгадаў галоўны рэдактар «ГЧ» Пётр Гузаеўскі, калі газета была яшчэ толькі на пачатку свайго шляху. У калгасах плаціць не было чым, але выхад знайшлі: каб калгаснікі маглі купіць самае неабходнае, …выпусцілі свае «грошы». Гэта быў 2002 год.

Тады не толькі «Ганцавіцкі час» пра гэта пісаў, артыкул Пятра Гузаеўскага пад назвай «Гульня ў фанцікі» надрукавала і газета «Советская Белоруссия».

ПРА ГАНЦАВІЦКІЯ КАЛГАСНЫЯ ГРОШЫ – «ЕЎРОДЗІНКІ»

Мы знайшлі вытрымкі з таго артыкула амаль 20-гадовай даўніны.

«Што рабіць, калі грошай няма, а зарплату трэба плаціць? У Ганцавіцкім раёне знайшлі адказ на гэтае няпростае пытанне. Грошы можна… намаляваць. Акуратна нарэзаць з паперы і паставіць на іх пячатку сельгаспрадпрыемства. Папандопала з Адэсы маляваў грошы яўна прыгажэйшыя.

Менавіта такімі «грашовымі знакамі» напярэдадні Дня Перамогі разлічыліся за студзень (!) са сваімі работнікамі ў ганцавіцкіх калгасах «Радзіма» (в. Любашава), «Рассвет» (в. Ганцавічы) і імя Калініна (в. Люсіна).

Гэтыя «грошы» нават атрымалі сваю назву – «еўродзінкі» (ад назвы калгаса «Родина» на рускай мове). Поўную свабоду гандлёвых аперацый гэтыя паперкі не забяспечвалі. Вяскоўцы маглі атаварыцца па іх толькі ў гандлёвых кропках райспажыўсаюза па месцы жыхарства.

Да таго ж у магазінах вылучаліся неаднолькавыя патрабаванні да новай «валюты». Напрыклад, у калгасе «Радзіма» сяльчане вымушаны былі набываць рэчы і прадукты адразу на ўсю суму, указаную на»еўродзінцы».

А ў калгасе імя Калініна прывіталі «шматразовыя» паперкі: на іх прадаўцы адзначалі кошт ужо набытага тавару, і потым можна было прыходзіць яшчэ. Вось толькі моцна злаваліся мужчыны – спіртныя напоі за калгасную валюту не прадавалі. Ну хто такое вытрымае…

Скардзіліся моцна. Вось такія былі ўзаемаразлікі. Праўда, пасля выхаду артыкула вельмі хутка калгасныя «грашовыя станкі» прыйшлося спыніць, і калгасная валюта «еўродзінкі» перастала існаваць.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме