weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Дырэктар рыбгаса «Лактышы»: «Працуем з прыбыткам! Усё, усё…»

“Працуем з прыбыткам!” – а менавіта так на пытанне журналіста “ГЧ” пра эканамічнае становішча ААТ “Рыбгас “Лактышы” адказаў кіраўнік рыбнай гаспадаркі Генадзій Жыбурт, выклікала неверагоднае здзіўленне. Бо словы дырэктара і паказчыкі фінансавыя, ды і ў цэлым становішча ў гаспадарцы не супадалі з рэальнасцю. Журналісты "ГЧ" дакладна ведалі, што рыбгас фактычна банкрот.

Дырэктар рыбгаса Генадзь Жыбурт
Дырэктар рыбгаса Генадзь Жыбурт

Але адкуль узяўся прыбытак, са слоў дырэктара? Гэта выкліла непадробную цікавасць. Ды і рыбгас «Лактышы» адна з нямногіх гаспадарак, якая ўвогуле засталася ў раёне. А латышоўскі рыбгас быў у тройцы з найбуйнейшых у Беларусі.

Пацікавіцца справамі ў дырэктара вырашылі, бо апошнім часам скаргаў недавольных работнікаў значна пабольшала. Вось кароткая размова намесніка галоўнага рэдактара Ірыны Дамарацкай з дырэктарам рыбгаса Генадзіем Жыбуртам:

І.Д.: За справаздачны трэці квартал ААТ “Рыбгас “Лактышы” меў пратэрмінаваную запазычанасць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, некалькі дзясяткаў мільёнаў даўгоў. Якое зараз фінансава-эканамічнае становішча рыбгаса?

Г.Ж.: Працуем пакуль што з прыбыткам. У Фонд запазычанасць пагашана, бягучыя плацяжы плацім. Усё, усё…
І.Д.: Чакайце, яшчэ адно пытанне? Дык рост эканомікі на рыбгасе ёсць?

Г.Ж: З галоўным бухгалтарам… Усё, усё, усё…, –  і сувязь перарвалася.

А дырэктар рыбгаса фантазёр!

Ну як не радавацца поспехам, калі ёсць рост? Хоць нехта ў адсталым Ганцавіцкім раёне адскочыў ад мяжы банкрутства і ўпэўнена, з запалам і натхненнем крочыць у светлае будучае! А там работнікаў чакае рост зарплаты, цудоўныя ўмовы працы. Нарэшце падрамантуюць рыбавозкі і іншую тэхніку, якую не паспелі адабраць крэдыторы…

Тут  бы заспяваць ад радасці пад крокі пераможнага маршу рыбгасаўцаў! Але парадавацца можна толькі марам дырэктара-фантазёра. Калі паверыць яму на слова. Але ж не ўтоіш у маленькім раёне сапраўднае становішча, як не старайся. Асабліва ад журналістаў, якім народ сам нясе інфармацыю. Ды і ёсць іншыя крыніцы, дзе можна знайсці і шмат цікавага…

ААТ “Рыбгас “Лактышы”
ААТ “Рыбгас “Лактышы”

Але што рабіць? Не давяраць дырэктару рыбгаса, скажаце? Канешне, не давяраць! І вось чаму.

Па-першае, Генадзій Яўгеньевіч вельмі спешна адказаў на пытанні і здавалася, што тэлефон у яго руках накаліўся, як карась на патэльні, таму ён хутчэй хацеў закончыць размову.

Па-другое, адкуль раптоўна з’явіўся прыбытак, калі рыбгас яшчэ ў мінулым месяцы меў пратэрмінаваную (!) запазычанасць па плацяжах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і не мог іх заплаціць?

Ну, і трэцяе, галоўнае – пра які прыбытак можа ісці размова, калі рыбгас “Лактышы” працаваў са стратамі ўсе мінулыя гады і на 2020 год толькі іх  назапасілася  3 млн 638 тыс. рублёў (гэта больш за 1,5 млн долараў).

Пастаўшчыкам і крэдыторам даўгоў сабралася яшчэ на 3 млн 809 тыс. рублёў. Увогуле, вытворчасць па вырошчванні і рэалізацыі рыбы на рыбгасе, згодна справаздачы ААТ “Лактышы” за мінулы год, была стратная.

У 2020 спрацавалі ў такі мінус, што ашалець можна. Сабекошт аказаўся большы, чым выручка, на 272 тысячы рублёў (!). Для простага разумення, рыбы прадалі на 1021 тыс. рублёў, а затраты склалі  1 293 тыс. рублёў.  А з надзейных крыніц, якія мы не можам назваць, за 2021 год страты вырастуць яшчэ больш і сабеконш павялічыцца не менш чым у тры разы.

Па фінансавых справаздачах рыбгаса «Лактышы» за 2020 год даўгоў было 8 млн 848 тыс рублёў(!!!). Гэта каля амаль 3, 5 млн долараў.

Хацелі вырошчваць «экафіш», а атрымалі шыш!

Дык адкуль жа прыбытак? Няўжо ад жыхароў Ганцаўшчыны хаваюць нейкую сенсацыю? Каб з’явіўся прыбытак, як кажа Генадзій Жыбурт, то нейкае ноу-хау прыдумалі на рыбгасе, альбо павінен з’явіцца нейкі сур’ёзны інвестар, які пагасіў даўгі, і гэта трымаюць у тайне.

Можа, сапраўды вырошчвалі “экафіш” – рыбу, якая корміцца сама і без усялякага там камбікорму? На выгляд худая, касцістая, але экалагічная і суперкарысная для арганізма.

Пра праграмы выхаду з крызіснай сітуацыі гаварылася яшчэ ў 2019 годзе, калі пра занядбалае становішча ААТ «Рыбгас» Лактышы» паказвалі па тэлебачанні ў спецыяльным праекце канала «Беларусь 1» “На кантролі Прэзідэнта».

Тады  “ГЧ” пісаў пра меркаванні экспертаў, адзін з якіх і сказаў пра вырошчванне у Лактышах “экафіш”. Праўда, адзін з былых рыбгасаўцаў з жартам адрэагаваў на гэта:

«Яно-то добра, што хочуць нешта памяняць, даўно пара. Толькі вырошчваючы экафіш, ці не атрымаюць яны шыш!?»

Пра фінансавыя праблемы і жалобны стан тэхнікі ведала і раённае кіраўніцтва, і Мінску. Начальнік упраўлення па аквакультуры і рыбалоўнай гаспадарцы «Белводгас» Дзмітрый Шэль пры пабудове чарговых планаў казаў:

«Для прадпрыемства цяпер прапрацоўваецца ўзважаны праект выхаду з існуючага крызісу і далейшага паступальнага развіцця. Паралельна вырашаюцца кадравыя пытанні. Што тычыцца даўгавых абавязацельстваў, то і тут шукаюць падыходы, каб неяк адтэрмінаваць плацяжы ў часе».

Можа, што пасля гэтага і вырашылася, але жыхары раёна ды і самі рыбгасаўцы не ведаюць пра прагрэс. Вось што дакладна вядома, дык некалькі спробаў кіраўніцтва падаваць дакументы ў Эканамічны суд Брэсцкай вобласці аб прызнанні рыбгаса “Лактышы” неплацежаздольным.

ААТ “Рыбгас “Лактышы”
ААТ “Рыбгас “Лактышы”

Задумка была правільная. Прайсці судовы працэс і стадыю банкрутства, якая называецца санацыя (эканамічнае аздараўленне), каб замарозіць усе даўгі. Тады рыбгас некалькі гадоў працаваў без націску крэдытораў і пастаўшчыкоў. Але не атрымалася – суд адмовіў некалькі разоў.

Можа, нарэшце, прыйшло разуменне, што няма на каго спадзявацца і не трэба чакаць, як некалі ў калгасе, што даўгі спішуць, паліва і ўгнаенняў падкінуць. Нармальна так было кіраваць. Зараз часы іншыя. Дзяржава дапамагала шмат, але, як кажуць, няма таго, што раньш было…

Ці з’есць цялятка воўка?

Што ж, няхай словы дырэктара рыбгаса Генадзія Жыбурта пра «прыбытак» стануць яваю.  І мара хай здзейсніцца, каб работнікі прадпрыемства праз нейкі час убачылі, як той прыбатак выглядае. Толькі па ўсяму бачна, што не з’есць наша цялятка воўка, як у народзе кажуць. Генадзь Яўгенавіч кіраваў ужо ў трох гаспадарках і ўсе яны абанкруціліся. Толькі адну выратаваў Белнафтахім.

А пра  «працуем з прыбыткам», каб дырэктар моцна не крыўдаваў, то можна дапусціць, што гэта кароткачасовы перыяд, калі падчас адлову рыбы пагасілі даўгі і з’явіліся нейкія грошы.

Вось калі кожны месяц рыбгас “Лактышы” будзе працаваць рэнтабельна і прыбыткова і такая сенсацыя адбудзецца,  то можна будзе не толькі парадавацца, але і адкрыць бутэльку шампанскага пад тост “За прыбытак рыбгаса “Лактышы”!

Даведка ГЧ?

На рыбгасе працавала 66 чалавек у 2020 годзе, у 2016 годзе – 87 чалавек.

Новости

Материалы по теме
Из рубрики
Top