weather
search

Выбарчай камісіі ў Ганцавічах – узнагароды “За чэснасць”

Многім людзям падабаюцца фокусы. Яны атрымліваюць захапленне ад таго, як прадметы знікаюць і з’яўляюцца ніадкуль, як паказваюць абсалютна пустую скрыню, а потым на вачах здзіўленых людзей выцягваюць з яе стужкі, кветкі і трусоў… У час выбараў па акрузе, дзе я балатаваўся кандыдатам у дэпутаты, члены камісіі таксама нагадвалі ілюзіяністаў. 

Пасля выбараў мне тэлефанавалі людзі, прыходзілі, пыталіся, ці можна мяне віншаваць і як усё прайшло. Я адказваў коратка: “Віншаваць мяне можна. Усё прайшло, як заўсёды. Выбралі таго, каго трэба”.

Выбарчы ўчастак №3 знаходзіўся ў гімназіі, і галасаванне там ішло па дзвюх акругах – Камунальнай №7 і Коласаўскай №8. У Камунальнай акрузе №7 па спісе 764 выбаршчыкі, з якіх прынялі ўдзел 689 (90,18%), з іх датэрмінова – 446 (58,38%).

У Коласаўскай №8 – 760 выбаршчыкаў, з якіх прынялі ўдзел 492(64,73%), датэрмінова – 209 (27,5%). У акрузе №8 перамог дырэктар Ганцавіцкага лясгаса Аляксей Крупеніч, бо альтэрнатывы яму не было.

Дзіўны вынікі

У Камунальнай №7 выбарчая камісія аб’явіла аб перамозе намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Сарокава. За яго прагаласавала 530 чалавек, за Пятра Гузаеўскага – 135.

Па акрузе №7 у дзень выбараў з 236 бюлетэняў, якія былі ў скрыні, члены камісіі налічылі за П. Гузаеўскага 98 галасоў, за С. Сарокава – 120.

У скрыні датэрміновага галасавання бюлетэняў было 446. З іх за П. Гузаеўскага 34(!), за С. Сарокава 404(!). Чатыры галасы былі супраць усіх і 4 бюлетэні прызнаны несапраўднымі.

«Чэсны» выбаркам і «нячэсныя» назіральнікі

Хто сумняваецца ў сумленні выбарчай камісіі? Я веру, што ўсе члены камісіі і яе старшыня Іна Бараноўская – крыштальна сумленныя людзі. Яны аж свецяцца ад чэснасці і праўдзівасці. Гэта назіральнікі аказаліся занадта прынцыповымі і сказалі, што былі фальсіфікацыі. Па звестках камісіі, у дзень выбараў на ўчастку №3 прагаласавалі 502 чалавекі.

Два назіральнікі, якія ні на хвіліну не выключалі з поля зроку скрыню з 8 гадзін раніцы да 20 гадзін вечара, налічылі ўсяго 367 чалавек, якія прыйшлі на выбары.

У мяне няма ніякага сумнення ў сумленнасці членаў камісіі: не іх віна, што ў дзень выбараў у скрыні з’явілася 135 лішніх бюлетэняў. Надвор’е было цудоўнае, відаць, ветрам іх туды і надула…

Назіральнікі раздражнялі старшыню выбарчай камісіі І. Бараноўскую і яе намесніка В. Кандратовіча. Адна назіральніца хацела прасачыць, як камісія ездзіць галасаваць на дом. Хвастом ездзіла за «УАЗ-Патрыётам», які быў выдзелены камісіі Ганцавіцкім лясніцтвам і кружыў па адных і тых жа маршрутах.

Замінала яна, калі члены камісіі тыкаліся ў дамы, дзе іх і не чакалі. У доме № 6 па вуліцы Я. Коласа бабуля ўжо больш за тыдзень ляжала ў бальніцы. На вуліцы Чэхава бабулю нават і не прасілі прагаласаваць: гэта зрабіла за яе ўнучка. У дамах 28 і 23 па вул. Талстога і №23 па вул. Горкага выбаршчыкі, аказалася, ужо прагаласавалі.

Гісторыя захавае без трэмінаў даўнасці

Я не стаўлю пытанняў і наконт анамальнай яўкі выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне ў суботу. За 4 дні на выбарчы ўчастак прыйшло 172 асобы, а ў адну толькі суботу прагаласавалі 274 чалавекі!

Як ні перашкаджалі і ні штурхалі карэспандэнта “ГЧ” Юлію Матусевіч, яна зафіксавала цікавыя фота- і відэафакты: як члены камісіі хавалі і клалі бюлэтэні розных кандыдатаў у адзін стос, як на бюлетэні, дзе чалавек паставіў “галачку” насупраць прозвішча Гузаеўскі і дапісаў там жа “За яго”, а знізу яшчэ стаяла “галачка” – “супраць усіх”. Навошта такія складанасці гэтаму чалавеку?

Рэпетыцыя перад прэзідэнцкімі выбарамі прайшла ўдала, камісіія забяспечыла высокі працэнт яўкі і палічыла бюлетэні. Адпрацавалі грошы, і . І я прапаную адзначыць усіх членаў участковай камісіі №3 дадатковымі прэміямі, а старшыні і яе намесніку выдаць узнагароды “За чэснасць”.

Свайго канкурэнта Сяргея Сарокава я шчыра павіншаваў і паціснуў яму руку, пажадаўшы дастойна выконваць наказы выбаршчыкаў.

А для камісіі добрых слоў не знайшлося. Пра запавед «не ўкрадзі» яны забыліся. Бог усё бачыць, і няхай ён іх даруе.

Новости

Материалы по теме
Из рубрики
Top