weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Беларускай мовы будзе больш. Ура!

У хуткім часе ў школах могуць дабавіць колькасць гадзін беларускай мовы. Такая навіна ўзрадавала мяне і маіх знаёмых. На жаль, некаторыя гэтым моцна абураюцца. Адзін з дыпламаваных людзей сказаў: “Белорусскую мову не люблю, она некрасивая”. Пачуўшы такое, больш не хацелася з ім гаварыць, бо гэта абраза беларусаў. Тым больш, што гэты “рюскі” беларус, так “ведае” рускую мову, што выкарыстоўвае фразы: “буряки ”, “картопля не урадила”.

Беларускай мовы будзе больш. Ура!
Беларускай мовы будзе больш. Ура!

Можна размаўляць на любой мове, але не шанаваць мову продкаў, мову сваёй краіны можа толькі чалавек абыякавы. Ні англічаніну, ні французу, ні шведу ці немцу не прыйдзе ў галаву, што іх мовы “некрасивые”.

Адракацца ад мовы – гэта тое самае, што адрачыся ад сваёй маці. А калі няма мовы – няма каранёў. Паважаючы сваю мову, ты паважаеш іншыя мовы. А калі гэтага няма, то людзьмі кіруюць так, як захочуць. Палітыкі такіх выкарыстоўваюць для распальвання нацыянальнай варожасці, падштурхоўваюць да войн і агрэсіі. І гэта не выдумкі. Зараз у інтэрнэце пра канфлікт на Украіне агідна чытаць каментары страшна агрэсіўных людзей, якія апанентаў абсыпаюць сотнямі абраз, нецэнзуршчынай. Трэба разумець, што адбываецца, і крытычна ацэньваць прапагандыстаў, якія падаюць аднабокую інфармацыю. Самабытнасць беларусаў ёсць! І свая мова ў нас ёсць. У беларускай мове вы не знойдзеце паганае мацернае слова.

Пра неабходнасць умацавання самабытнасці беларусаў і павелічэнне колькасці гадзін беларускай мовы ў школе на мінулым тыдні, сустракаючыся з членамі парламента, гаварыў і А. Лукашэнка. І хоць у 1994 годзе Прэзідэнт сказаў: «Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут ничего делать, кроме как разговаривать на нём, потому что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык – бедный язык. В мире существует только два великих языка – русский и английский». Напэўна, зараз ён змяніў сваё меркаванне. Паводле яго слоў, у школьнай праграме расійскай і нават англійскай мове адводзіцца больш гадзін, чым беларускай. “Дык можа, трэба ў школе даць адну гадзіну на карысць беларускай мовы, а не англійскай?» – адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Абуральная работа Міністэрства адукацыі! Вельмі многа ёсць нараканняў», – падкрэсліў А. Лукашэнка.

Зараз некаторыя палітыкі кажуць, што гэта прагматычны геапалітычны крок А. Лукашэнкі, бо трэба неяк адстойваць індывідуальнасць Беларусі. У гэтым накірунку Прэзідэнта падтрымліваюць нават яго апаненты.

Прагматыка гэта ў палітычным плане, ці перажыванне за заняпад беларускай мовы – галоўнае, што роднай мовы дзеці будуць вывучаць больш, і гэта праз пэўны час прынясе карысць беларусам, нават тым, якія пакуль гэтага не разумеюць.

Новости

Из рубрики
Top