weather

USD 2.5475

EURO 3.0986

RUR(100) 3.4261

search

Пётр Гузаеўскі: «Жыць будзем лепш, калі будзем разам»

14 снежня, споўнілася 19 гадоў, як у Ганцавіцкім раёне выйшаў першы нумар нашай газеты. Пэўна, яшчэ многія з вас памятаюць выданне «Спадарожнік», якое ўпершыню ўбачылі ганцаўчане ў 2001 годзе. Газета была ўсяго з чатырох старонак.

14 снежня, споўнілася 19 гадоў, як у Ганцавіцкім раёне выйшаў першы нумар нашай газеты
14 снежня, споўнілася 19 гадоў, як у Ганцавіцкім раёне выйшаў першы нумар нашай газеты

Газета была ўсяго з чатырох старонак. А зараз «Ганцавіцкі час» – штотыднёвік на 24 старонках. І многія эксперты, чытачы ставяць «ГЧ» высокую адзнаку як па дызайне, так і па прафесійным майстэрстве журналістаў. 

Але самая важная ацэнка для мяне – гэта тое, як да газеты ставяцца жыхары Ганцаўшчыны.

ЁСЦЬ ЧЫМ ГАНАРЫЦЦА, БО НА ГАНЦАВІЦКАЙ ЗЯМЛІ ЦУДОЎНЫЯ ЛЮДЗІ 

Усе вы, дарагія чытачы, заслугоўваеце вялікай удзячнасці. Я і мае калегі вельмі ганарымся, што маем вашу падтрымку. А ведаеце, чаму? 

Такіх недзяржаўных грамадскіх газет, як «Ганцавіцкі час», у Беларусі засталіся адзінкі. У райцэнтры гэта ўвогуле рэдкае выключэнне. Іншыя выданні не выжылі, бо яны страцілі падпісчыкаў. 

Яшчэ мы ганарымся вамі, што вы самі робіце выбар без прымусу, разумеючы важнасць свабоды слова і нашу місію – даваць праўдзівую інфармацыю, быць карыснымі для чытачоў. 

Пётр Гузаеўскі: "Жыць будзем лепш, калі будзем разам"
Многія памятаюць выданне «Спадарожнік», якое ўпершыню ўбачылі ганцаўчане ў 2001 годзе. Газета была ўсяго з чатырох старонак

ГАЗЕТА «ГАНЦАВІЦКІ ЧАС» І ЛЮДЗІ, ЯКІЯ Ў ЯЕ ЎКЛАЛІ ДУШУ

Яшчэ я ўдзячны сваім калегам, якія былі на пачатку станаўлення газеты. З першых дзён працаваць мы пачалі з Канстанцінам Мохарам. Хоць ён не вельмі доўга працаваў у «ГЧ», але яго вопыт быў на той час вельмі важны. 

Першыя крокі Канстанцін Канстанцінавіч дапамог зрабіць, а затым узначаліў газету нашых калег з «Савецкага Палесся». Потым прыйшлі новыя журналісты. 

Ужо 17 гадоў у «ГЧ» працуе Ірына Юльянаўна Дамарацкая, і цяпер яна намеснік галоўнага рэдактара. Калектыў паступова мяняўся і прырастаў кадрамі. 

Амаль у адзін час з Ірынай прыйшла журналіст Святлана Малышка. Шмат гадоў працы аддалі газеце спецыялісты аддзела рэкламы Наталля Гузаеўская і Вольга Грыцкевіч, дызайнер-вярстальшчык Ганна Качагарава і карэктар Марыя Заляценка

Акрамя газеты, з`явіўся і сайт, дзе мы стараемся данесці вам аператыўную інфармацыю, а ўжо ў газеце падаць больш падрабязныя і карысныя дадзеныя. 

Рэдактарам сайта з`яўляецца вядомы многім Сяргей Багроў. Улетку ён адседзеў 15 сутак за тое, што чэсна рабіў сваю працу. 

Прыехаў да нас, прачытаўшы аб`яву ў газеце аб вакансіі карэспандэнта, Аляксандр Пазняк. Ён таксама пабыў за кратамі і атрымаў вялікі штраф за тое, што вёў рэпартаж у прамым эфіры

Як пацярпелі невіноўныя людзі – пра гэта таксама «ГЧ» не змаўчаў, як і на працягу многіх гадоў не замоўчваў праблемы, што былі ў раёне.

Пётр Гузаеўскі: "Жыць будзем лепш, калі будзем разам"
Ужо 17 гадоў у «ГЧ» працуе Ірына Юльянаўна Дамарацкая, і цяпер яна намеснік галоўнага рэдактара

БАРАЦЬБА ЗА ВЫЖЫВАННЕ, У ЯКОЙ УСЁ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД ЧЫТАЧА 

Шчыра прызнаюся, зараз сітуацыя настолькі складаная, што друкаваныя выданні знаходзяцца ў барацьбе за выжыванне. 

Не сакрэт, што ўсё больш і больш чытачоў пераходзіць у інтэрнэт. І нашы падпісчыкі таксама. Толькі мала хто ведае, што навіны на сайт штодзень для вас рыхтуюць тыя ж самыя журналісты, што і робяць газету. 

Таму хочацца ад вас разумення і асэнсавання таго, што калі вы будзеце чытаць толькі сайт, то ў газеты не будзе сродкаў, каб плаціць зарплаты, падаткі, аплачваць друк і паперу – і яна знікне, а разам з ёю не будзе і нашага сайта. 

Таму ўсё залежыць ад кожнага з вас – быць «Ганцавіцкаму часу» ці не.

НЯСЁМ СВОЙ КРЫЖ, І ЧАМУ «ГАНЦАВІЦКІ ЧАС» НЕ БУДЗЕ ПАДАБАЦЦА ЛЮБОЙ УЛАДЗЕ?

Праца наша вельмі нялёгкая. Трымацца праўды, быць неперадузятым і аб`ектыўным – гэта цяжкая ноша. Бо заўсёды знойдуцца тыя, каму нешта не падабаецца. 

Тут адказ просты: праўду не любяць, калі яна некага чапляе. Але такая наша місія – нягледзячы ні на што, пісаць праўдзіва, даваць магчымасць выказацца людзям з рознымі меркаваннямі, каб вы бачылі рэальную карціну жыцця. 

Вось і зараз, калі людзей дзеляць на «бчб» і «ябацек». А гэта ўзнікла нядаўна. І навошта распальваецца такая варожасць – гэта людзі таксама павінны ведаць. 

Як і цвёрда ведаць, што «ГЧ» не дзеліць народ на нашых і вашых, сваіх і чужых, а трымаецца пазіцыі, каб кожны мог скарыстацца трыбунай свабоды слова. 

Пётр Гузаеўскі: "Жыць будзем лепш, калі будзем разам"
«Ганцавіцкі час» пры любой уладзе не будзе падабацца

І ў газеце ці на сайце мы надрукуем любое меркаванне. Адзіная ўмова – каб яно не парушала правы і заканадаўства. А, вы паважаныя чытачы, аналізуйце і самі робіце высновы. 

Магу з упэўненасцю сказаць, што «Ганцавіцкі час» пры любой уладзе не будзе падабацца. Уладзе хочацца, каб яе толькі хвалілі, а калі пачынаеш акцэнтаваць увагу на праблемах, якія хвалююць людзей, дзе відавочна, што чыноўнікі недапрацоўваюць, то гэта іншы раз успрымаецца з варожасцю. 

А, насамрэч, крытыка толькі для таго, каб вырашаць праблемы. І не трэба шукаць нейкіх ворагаў, бо гэта толькі маніпуляцыі, каб апраўдаць некампетэнтнасць і бездапаможнасць. 

Калі вобразна казаць, то я лічу, што «Ганцавіцкі час» нясе свой нялёгкі крыж, бо, можа, і Бог указаў такі напрамак. 

Узгадайце Святое Пісанне, і вы знойдзеце шмат слоў пра тое, як павінны паступаць людзі, калі іх чакаюць выпрабаванні. 

Можна змаладушнічаць, быць паралізаваным страхам і не зрабіць тое, што падказвае сэрца і што павінен зрабіць прыстойны чалавек. Бо інакш страх, сквапнасць і зайздрасць загубяць душу. 

Пётр Гузаеўскі: "Жыць будзем лепш, калі будзем разам"
Мала хто ведае, што навіны на сайт штодзень для вас рыхтуюць тыя ж самыя журналісты, што і робяць газету

ДАБРО ПЕРАМОЖА, КАЛІ БУДЗЕМ АДЗІН АДНАГО ПАДТРЫМЛІВАЦЬ

Пэўна, я безнадзейны аптыміст, бо свята веру, што добрых і шчырых людзей сярод нас больш, што дабро і справядлівасць павінны валадарыць. А таксама веру ў тое, што калі будзем адзін аднаго падтрымліваць, то нас усіх чакае лепшы лёс. 

Людзі павінны дапамагаць адзін аднаму, а не сварыцца з-за сімвалаў. І яшчэ адно жыццёвае назіранне – не трэба маўчаць, калі вакол вас несправядлівасць. Кожны проста абавязаны не маўчаць, бо ад гэтага ўсе беды. 

З маўклівай згоды робяцца самыя жахлівыя злачынствы. Шмат гадоў мы стараліся рэагаваць на просьбы і скаргі чытачоў. Не толькі асвятлялі ў прэсе тыя праблемы, з якімі звярталіся ў рэдакцыю людзі, але і прымалі захады, каб дапамагчы іх вырашыць. 

І гэта разам часта ўдавалася. Гэта прыносіла задавальненне, што наша праца патрэбная, што не дарэмна мы ядзім свой хлеб. Але і іншыя адчуванні прыходзіцца перажываць. 

Вельмі балюча страчваць сваіх падпісчыкаў. Бо кожны з вас, хто зараз чытае газету, для нас вельмі важны! І калі чуеш адмоўны адказ, то вінаваціш сябе, журналістаў: нешта мы ўпусцілі, недзе недапрацавалі. 

Пра тое, што «Ганцавіцкі час» працуе не ў роўных умовах, многія з вас добра ведаюць. Гэта толькі на паперы і на словах у нас роўныя умовы гаспадарання. 

Але на «ГЧ» няма прымусовай падпіскі, нашу газету адмовіліся прадаваць у магазінах «Еўраапт», «Санта», «Брэстбакалея» і ў 17 магазінах «Ганцавіцкага райспажыўтаварыства», хоць умовы для іх, асабліва для РайПО, былі вельмі выгадныя. Кіраўнік, які пячэцца пра эканоміку і фінансы, ад нашай прапановы не адмовіўся б.

Пётр Гузаеўскі: "Жыць будзем лепш, калі будзем разам"
Вельмі балюча страчваць сваіх падпісчыкаў. Бо кожны з вас, хто зараз чытае газету, для нас вельмі важны!

Але Аляксей Галяк адмовіўся падпісваць дагавор на рэалізацыю газеты. Мясцовая ўлада, да якой я звяртаўся не раз, маўчыць. Хоць кіраўнік раёна казаў, што будзе садзейнічаць любому суб`екту гаспадарання на тэрыторыі раёна. 

Гэтак, як і савет прадпрымальнікаў. Палымяныя словы з трыбуны, і зусім іншае на справе. Таму ў нас зноў адзіная надзея на падпісчыкаў і паштальёнаў. 

Канешне, мы прыслухаліся да просьбаў чытачоў і зараз праводзім розыгрыш для падпісчыкаў з добрымі прызамі, дзе галоўны прыз – тэлевізар, мультыварка і іншыя рэчы бытавой тэхнікі. 

Падпісаўшыся на «Ганцавіцкі час», вы атрымаеце не толькі карысную газету і станеце ўдзельнікам розыгрышу прызоў, але і зможаце па дысконтнай карце «Клуба падпісчыкаў «ГЧ» скарыстацца зніжкамі на фота на дакументы, фотадрук, ксеракопіі, віншаванні і спачуванні, бясплатнай парадай юрыста і размясціць бясплатна прыватную аб`яву.

 І гэта яшчэ не ўсё. Падпішыце «Ганцавіцкі час» у свайго паштальёна ці ў любым паштовым аддзяленні, ці ў таго, хто дастаўляе вам газеты, пісьмы, пенсію мотадастаўкай, і вы зробіце яму прыемны навагодні падарунак – дапаможаце гэтаму чалавеку атрымаць прэмію ад «ГЧ». 

Ну а мы разам з вамі зробім крок у 2021 год. І калі ўсё складзецца добра ды не перашкодзіць каронавірус ці яшчэ якая хвароба, то ў наступным годзе адзначым 20-годдзе вашай газеты.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики