search

Падарожжа па Беларусі

У пятніцу, 27 верасня, аматары падарожжаў адзначалі Сусветны дзень турызму. У нашай Вялікакруговіцкай школе турызм многія гады аб’ядноўвае і вучняў, і настаўнікаў не толькі ў гэты дзень, але і на працягу года. У гэтым годзе мы правялі незабыўныя гадзіны ў паходах і падарожжах. Адно з найбольш запамінальных было ўлетку, калі 20 вучняў нашай школы пабывалі ў трохдзённай паездцы па гістарычных і літаратурных маляўнічых мясцінах роднай Беларусі.

Вучні Круговіцкай СШ разам з дырэктарам Аляксандрам Занька (першы злева) на тэрыторыі касцёла ў Відзах
Вучні Круговіцкай СШ разам з дырэктарам Аляксандрам Занька (першы злева) на тэрыторыі касцёла ў Відзах

Дзень 1. Нарач, Відзы, Браслаў

Першым прыпынкам у час падарожжа стала возера Нарач. Шыкоўная прырода, возера так і вабіла сваёй прыгажосцю. Не ўтрымаліся – праз 10 хвілін усе былі ў вадзе. Затым прагуляліся па ваколіцах, палюбаваліся мясцовымі краявідамі і рушылі далей.

У Відзах наведалі касцёл Ражства Дзевы Марыі (лічыцца самым высокім у Беларусі -– вышэй за 70 метраў). Разглядаць яго можна бясконца – так зачароўваюць яго шматлікія архітэктурныя дэталі. Рухаемся далей – у Браслаў. Спыніліся на турыстычнай базе для начлегу. Перад сном палюбаваліся ваколіцамі Браслава.

Дзень 2. Браслаў, возера Дрывяты

Добразычліва сустрэў нас настаўнік гісторыі мясцовай гімназіі Вячаслаў Віктаравіч Кроп, які правёў нас па знакамітых месцах горада: у краязнаўчы музей, на Замкавую гару, у гісторыка-этнаграфічны музей, у касцёл.

Пасля экскурсіі адправіліся на возера Дрывяты. Вада тут ідэальна празрыстая. Незабыўныя ўражанні і добрае самаадчуванне засталіся пасля адпачынку на возеры.

Адправіліся на «Маяк» – месца, адкуль можна любавацца з вышыні птушынага палёту шматлікімі азёрамі Браслаўшчыны, якіх, па сведчанні мясцовага настаўніка, налічваецца больш за сотню. Каб паглядзець усе ваколіцы, спатрэбілася б, напэўна, не менш за месяц, але нас чакала дарога.

Дзень 3. Шаркаўшчына, Мосар, Наваполацк, Полацк, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Хатынь

Праязджаем Шаркаўшчыну – радзіму беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Далей заехалі ў знакамітую вёску Мосар, дзе жыў ксёндз Юозас Булька, вядомы як настаяцель храма Святой Ганны. Убачылі прыгожы касцёл, дзівосны сад, парк з вадаёмам, музей цвярозасці і дэндрапарк. Шлях з Мосара ляжаў да Наваполацка – буйнага прамысловага цэнтра краіны, дзе мы ўбачылі знакамітыя прамысловыя прадпрыемствы: завод «Палімер» і «Нафтан».

Наведалі самы старажытны горад Беларусі – Полацк і яго знакаміты Сафійскі сабор, узведзены ў 1066 годзе. А таксама Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе знаходзяцца мошчы заступніцы Беларусі Святой Еўфрасінні Полацкай.

Далей наш шлях ляжаў да Бярэзінскага біясфернага запаведніка, які мае славу некранутага кутка прыроды і займае 1200 км кв. Наведалі музей запаведніка, дзе прадстаўлены асноўныя віды жывёльнага свету Беларусі.

Напрыканцы свайго падарожжа наведалі мемарыяльны комплекс “Хатынь”, які ўвасабляе ідэю мужнасці і непахіснасці беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Наступны накірунак нашага падарожжа – Пружаншчына.

Першы прыпынак мы зрабілі ў г. Косава (Івацэвіцкі раён) ў былым маёнтку Тадэвуша Касцюшкі – нацыянальнага героя Польшчы, ЗША, Беларусі, вайсковага і палітычнага дзеяча Рэчы Паспалітай і ЗША, удзельніка вайны за незалежнасць ЗША, арганізатара паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве 1794 года.

У 2002 годзе на месцы былой сядзібы Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына, разбуранай у гады Другой сусветнай вайны, быў закладзены памятны камень. Цяпер у родным доме Т. Касцюшкі дзейнічае музей. Дом-сядзіба Касцюшкі цалкам рэканструявана па старых фатаздымках. І зроблена гэта вельмі якасна: каменны падмурак, дрэва, апрацаванае пад даўніну, дах, пакрыты саломай… Выгляд, вядома, старадаўні.

У палацава-паркавы ансамбль уваходзіць і палац Пуслоўскіх, які знаходзіцца літаральна цераз дарогу ад дома-сядзібы Т.Касцюшкі. Яго пабудавалі ў 1838 г. пад кіраўніцтвам архітэктара Францішка Яшчольда з Варшавы, а інтэр’ерам займаўся італьянскі мастак Марконі. Дагэтуль успамінаюць мясцовыя старажылы залу палаца, пад празрыстай падлогай якога плавалі дэкаратыўныя рыбкі.

Другі наш прыпынак – Ружанскі палац Сапегаў, адзін з найбуйнейшых помнікаў палацавай архітэктуры Беларусі XVI-XVIII ст. Палац у Ружанах быў пабудаваны ў 1602 годзе літоўскім канцлерам Львом Сапегам.

Паступова сонца хілілася на захад, і мы прыбылі на возера Паперня – канчатковы пункт нашага першага дня падарожжа па Ружаншчыне. З нязвычкі набягала стомленасць, але яе як рукой зняло пасля добрай вячэры і шчырых песень ля вогнішча…

На другі дзень мы адпачылі на беразе возера: гулялі ў валейбол і футбол з хлопцамі і дзяўчынкамі такога ж лагера з Ваўкавыска, які размясціўся побач з намі. З мясцовай моладдзю правялі сяброўскія сустрэчы, дзе паказалі сябе сапраўднымі спартсменамі. Купаліся ў возеры і загаралі на пясчаным пляжы. Увечары правялі сумесную дыскатэку з “суседзямі”.

На наступную раніцу з зарадам бадзёрасці і аптымізму мы адправіліся ў дзіцячы санаторый “Ружанскі”, дзе нас чакалі аквапарк з воднымі атракцыёнамі і спартыўны басейн. Па воднай роўнядзі возера Паперня дзеці змаглі пакатацца на катамаранах, пакарміць лебедзяў. Позна ўвечары хто з кубкам гарбаты ў руцэ, а хто з вудай пасядзелі на беразе возера. Своеасаблівым «дэсертам» сталі незабыўныя акорды песень ля вогнішча, тэатральныя пастаноўкі “Пантаміма”, якія дзеці выдумвалі літаральна на хаду, праяўляючы сваю знаходлівасць і творчыя здольнасці.

Настала апошняя раніца нашага знаходжання на возеры. Сабраўшы і спакаваўшы ўвесь свой багаж, мы паехалі ў бок Жыровіч. Па дарозе спыняліся палюбавацца на гродзенскія краявіды. Якое прыгожае, маляўнічае ў іх вадасховішча Зэльвенскае! У нас атрымаліся цудоўныя фотаздымкі.

За гэтае цікавае падарожжа па нашай краіне хочам выказаць падзяку дырэктару “Ганцавіцкай ПМС” Аляксандру Уладзіміравічу Шуту, які аказаў нам матэрыяльную падтрымку і дапамог убачыць, якая прыгожая і непаўторная наша Радзіма.

Новости

Из рубрики
Top