weather

USD 2.598

EURO 3.1209

RUR(100) 3.3814

search

Бібліятэкар з Чудзіна кнігі носіць на дом і чытае «ГЧ»

Пра сябе і сваю працу Алена Хандрыка распавяла журналістам, калі тыя завіталі да яе ва ўстанову падчас камандыроўкі ў Чудзін.

Алена Хандрыка працуе ў бібліятэке больш за пяць год. Яна любіць сваю працу і для гэтага нават паступіла вучыцца завочна на першы курс каледжа мастацтваў у Магілёў.

Жанчына мае двух сыноў, якіх выхоўвае сама. Старэйшы Андрэй ходзіць у сёмы клас, малодшы – Міхаіл у чацвёрты.  Жыццё ў вёске вымагае сваіх падыходаў да ўсяго. Да пачатку “кароны” Алена трымала гаспадарку.

У яе былі парасяты, куры, качкі. Цяпер гэтага няма. Жанчына кажа, што на ўсё трэба рукі і сілы, а ў магазінах усяго хапае.

У бібліятэку ходзяць людзі рознага ўзросту. У дзень, па словах бібліятэкара,  гэта прыкладна 15 чалавек – дзяцей і дарослых. Хтосьці прыходзіць пагартаць часопісы, падшыўкі газет, а хтосьці ўзяць новую кнігу.

Калі журналісты “ГЧ” былі ў бібліятэцы, з наведвальнікаў не заўважылі нікога. Ці то быў абедзенны час, ці школьнікі яшчэ былі на занятках.

“Цяпер бяруць больш сучасных пісьменнікаў. Штосьці прапаноўваю сама. Бяруць і  нашых беларускіх аўтараў. Чытаюць і Нобелеўскую лаўрыатку Святлану Алексіевіч, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. У лютым гэтага года адзначаецца 100-летні юбілей Івана Мележа. Дык школьнікі прыходзяць і за яго творамі”, – кажа Алена Хандрыка.

Новыя паступленні  ў бібліятэке бываюць нярэдка. Па словах Алены Пятроўны, добрых кніг у яе не бракуе.  Мерапрыемтсваў у сувязі з каранавіруснай сітуацыяй амаль не праводзіцца.

Для сталых людзей існуе паслуга – кніга на дом. Бібліятэкар, каб прынесці кнігі, звычайна абходзіць усю вёску.

Таксама Алена Пятроўна выконвае шэраг платных паслуг. Каля камп’ютэра вісіць прэйскурант цэн на ксеракопіі. Ва ўстанову чакаецца паступленне каляровага прынтэра.

«Ганцавіцкага часа» ва ўстанове няма, як і ў іншых бібліятэках раёна. Але Алена Пятроўна заходзіць на сайт «ГЧ» і чытае навіны. Прызнаецца, што не ўсё падабаецца, але «ГЧ» паважае. 

“У бібліятэку рэгулярна прыходзяць чатыры газеты і некалькі часопісаў у асноўным для пенсіянераў. Чытаюць пра народныя сродкі лячэння, карысныя парады. Я рада наведвальнікам. Жадаю, каб людзі ішлі да нас і чыталі. А чытанне дрэнным чалавека не зробіць”, – падсумоўвае Алена Хандрыка.

Бібліятэкар сама шмат чытае і паважае ўсіх людзей, якія неабыякава ставяцца да кнігі і чытання ўвогуле. 

Чытайце таксама: 

Материалы по теме
Top