search

Для чаго адбудуцца змены ў сучасным гербе Беларусі

Беларускія дэпутаты абмяркуюць законапраект «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь». У 1995 годзе ў беларускай нацыянальнай сімволіцы ў выніку рэферэндуму адбыліся змены. Герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг, пад якімі Беларусь двойчы на працягу XX стагоддзя набывала незалежнасць, былі заменены на сімвалы, асновай якіх была сімволіка БССР.

Для чаго адбудуцца змены ў сучасным гербе Беларусі
Для чаго адбудуцца змены ў сучасным гербе Беларусі / Фото: Сяргей Багроў

Аўтарам гэтага малюнка герба называў сябе тагачасны кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Леанід Сініцын.

Адметны факт: наша краіна – адзіная постсавецкая дзяржава, акрамя непрызнанага Прыднястроўя, дзе адбыўся такі адкат.

ШТО ПАВІННЫ ЗМЯНІЦЬ

Нагадаем, што ў сучасным выглядзе на гербе Сінявокай знаходзіцца вялікая плошча Расійскай Федэрацыі і крышачку Еўропы. Заканадаўцы кажуць, што падноўлены беларускі герб і сцяг будуць выглядаць больш сучасна. На выяве гербу дабавяць колераў.

Змены закрануць таксама выяву зоркі, якая выглядае мілітарысцкай для міралюбівай Беларусі. Таксама плануецца, што зменяцца выявы канюшыны, лёну, стужак і мацерыкоў на гербе. Але ці азначае гэта змены палітычнага вектара Беларусі?

Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі:

«Я нават не ведаю, чаму такі ажыятаж нададзены гэтай тэме. Сапраўды праследвалася мэта такая, каб сімволіка выглядала больш якасна», – сказаў юрыст. – «Нічога канцэптуальнага не прадугледжваецца ў змене герба. Гэта, можна сказаць, тычыцца больш якаснага малюнка нашай дзяржаўнай сімволікі».

Па словах міністра, асноўныя змены чакаюць малюнак зоркі і планеты. Законапраект таксама прадугледжвае і пэўныя нормы, якія тычацца сцяга, зацвярджэння эталоннага малюнка сцяга.

Для чаго адбудуцца змены ў сучасным гербе Беларусі
Для чаго адбудуцца змены ў сучасным гербе Беларусі

Беларускі метадолаг Уладзімір Мацкевіч расказвае, што ў сярэдзіне 90-х змена герба патрэбна была ўладам толькі для таго, каб абарваць пераемнасць Беларусі са старымі дзяржаўнымі формамі існавання народа і прывязаць яе да савецкай традыцыі. Цяпер жа, на думку Мацкевіча, бессэнсоўна шукаць якое-небудзь сімвалічнае значэнне ў змене герба:

«Знакі на сённяшнім гербе не маюць геральдычнай традыцыі. Глобус на гербе – гэта сімвал незразумела чаго, і навошта над ім вісіць контур Беларусі – таксама незразумела».

Галоўны сэнс сённяшніх зменаў герба заключаецца ў рэпетыцыі маючых адбыцца паправак у Канстытуцыю Беларусі, лічыць Уладзімір Мацкевіч.

«Цяпер, калі папраўкі ў Канстытуцыю рыхтуюцца ўпотай і сакрэтна, праводзіцца тэставанне грамадскай думкі – адцягненне ўвагі на зусім нязначныя змены ў малюнку герба. Як малазначныя могуць быць пададзены і змены ў Канстытуцыю, а таму яны змогуць быць прыняты на якім-небудзь парламенцкім слуханні», – прагназуе эксперт.

А ўлічваючы, што парламент Беларусі не выбіраецца, а прызначаецца, ён можа прыняць якія заўгодна змены, сказаў на заканчэнне Уладзімір Мацкевіч.

МАЛЮЮЦЬ, ЗМЯНЯЮЦЬ СІМВАЛЫ НЕШТА ЧАСТА

У 2012 годзе невялікія змены ўжо адбываліся ў сучаснай беларускай сімволіцы. Тады на дызайне герба сталі даўжэйшымі каласкі, змяніўся колер зямнога шара і шрыфт. Змены адбыліся і ў сцягу, дзе да арнаменту прымацавалася белая стужка.

На думку Анатоля Цітова, даследчыка — геральдыста, змены, якія маюць адбыцца – гэта дробная мастацкая рэдакцыя, якая не прадстаўляе вялікай увагі. Тое, што павернецца глобус, таксама не сведчыць ні аб якіх зменах вектара.

«Такія змены на сімволіцы ніхто не заўважыць, бо яны дробязныя», – пракаментаваў сітуацыю навуковец.

Адзін з ганцавіцкіх прадпрымальнікаў, які займаецца паслугамі друку, кажа, што ў 2012-ым годзе не паспелі змяніць сімволіку да мясцовых выбараў і яны адбываліся са старымі скрынямі, а на стэндах вешалі наклейкі гербаў з “Белсаюздруку”.

Школьныя ідэолагі, каб было танней, пакідалі тыя самыя выявы сцягоў, прымацоўваючы да арнаменту толькі невялічкую белую стужку, якая дадалася да сцяга.

ЗА ЧЫЙ КОШТ ЗМЕНЫ?

Выява сучаснага герба прысутнічае на розных дакументах, пашпартах, будынках дзяржаўных структур, навучальных установах, паштовых марках, латэрэйных білетах, памежных слупах і інш. У школах сімволіка вісіць у кожным вучэбным класе.

Вядома, што патрэбна будзе мяняць выявы гербаў ва ўсіх дзяржаўных установах, у кожным школьным класе. Але паўстае пытанне: за чый кошт гэта будзе адбывацца? Колькі выдаткуецца сродкаў на новаўвядзенні ў беларускім геральдычным элеменце? І ці патрэбны яны?

ЯК МЯНЯЎСЯ ГЕРБ БЕЛАРУСІ

  • 1918 – 1919. Гербам утворанай Беларускай Народнай Рэспублікі была «Пагоня».
  • 1920 – 1926. Асновай для герба БССР стаў герб РСФСР: серп і молат у промнях узыходзячага сонца, каласы, надпісы «Б.С.С.Р.» і «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!».
  • 1927 – 1937. На гербе з’яўляюцца новыя элементы: канюшына, дубовая галінка, пяціканцовая зорка, частка зямнога шара з тэрыторыяй БССР. На стужцы з’яўляецца дэвіз: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» на чатырох мовах: рускай, беларускай, польскай і ідыш.
  • 1938 – 1949. Зніклі надпісы на польскай мове і ідыш, дубовую галінку замяніў лён у выглядзе каробачак з насеннем. Пасля 1949 года лён стаў квітнеючым.
  • 1958 – 1981. Мяняліся словы ў надпісе на стужцы: «Пралетарыі» і «яднайцеся». 1981 – 1991. Серп, молат і сонечныя прамяні сталі залатымі.
  • 1991 – 1995. Пасля распаду СССР гербам Беларусі зноў робіцца «Пагоня».
  • 1995. 14 мая 1995 на рэспубліканскім рэферэндуме была падтрымана прапанова Аляксандра Лукашэнкі аб аднаўленні дзяржаўных сімвалаў Беларусі на аснове знакаў БССР.

 

 

Новости

Из рубрики
Top