weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Прэзідэнцкія выбары пад назіраннем праваабаронцаў

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо не за гарамі. І чым бліжэй 19 снежня, тым большую цікавасць праяўляюць грамадзяне да гэтай важнай падзеі. Выбары мінулых гадоў розных узроўняў паказалі, што праходзілі яны непразрыста, з мноствам парушэнняў.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Сёлета ў Беларусі праваабаронцамі створана грамадзянская кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая ажыццяўляе назіранне за выбарамі.

Прэзідэнцкія выбары пад назіраннем праваабаронцаў

Аб мэтах кампаніі, выніках назірання на этапах, якія ўжо завяршыліся, чытачам “Ганцавіцкага часу” расказвае віцэ-прэзідэнт міжнароднай федэрацыі  правоў чалавека, праваабаронца і адзін з ініцыятараў стварэння грамадзянскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алесь Бяляцкі.

 

— З якой мэтай распачата грамадзянская кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і для чаго ўвогуле патрэбна назіранне за выбарамі? 

– У краіне, дзе пачынаюцца выбары, вялікім пытаннем ёсць пытанне справядлівасці, іх празрыстасці, бо, на  жаль, шмат дзе выбары фальсіфікуюцца. У нас у краіне сітуацыя ў апошнія 15 гадоў склалася кепская. Еўрапейскія краіны не прызналі ніводных выбараў, якія праводзіліся пасля 1995 года. І фактычна заходнія краіны лічаць уладу ў Беларусі нелігітымнай.

А улічваючы, што Беларусь з’яўляецца сябрам АБСЕ, адна з асноўных задач для нас – дапамога ў  правядзенні справядлівых і дэмакратычных выбараў.

Таму і было вырашана распачаць грамадзянскую кампанію “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая займаецца ўнутраным назіраннем. Наша асноўная задача – ацаніць, наколькі выбары адпавядаюць міжнародным стандартам.

Праваабаронцы Алег Гулак і Валяніцін Стэфановіч

Для чаго мы ўсё гэта робім? Мы спадзяемся, што зможам палепшыць саму сістэму правядзення выбараў у Беларусі. Недапушчальна, калі людзі даходзяць да ўлады і пачынаюць займацца фальсіфікацыямі, каб застацца ва ўладзе як мага на большы тэрмін. І калі камісіі паказваюць іншыя лічбы, чым рэальна прагаласавалі выбаршчыкі, то гэта злачынства перад грамадствам.

Мы ставім задачу прадухіліць фальсіфікацыі, каб быў большы давер уладзе. Бо калі людзі бачыць, што адбываюцца фальсіфікацыі, то яны не вераць, і гэта вельмі небяспечна. Можа адбыцца сацыяльны выбух. Такім чынам, мы за стабільнасць.
Але калі выбары будуць фальсіфікавацца, то мы будзем пра гэта казаць. Нягледзячы на пагрозы, верагодныя рэпрэсіі да нас, мы будзем казаць праўду.

Якім чынам праводзіцца назіранне?

– Робяцца штотыднёвыя агляды падзей, што адбываліся, ёсць крытычныя ацэнкі не толькі дзеяння ўладаў, ЦВК, але і іншых кандыдатаў. Мы нікога не падтрымліваем і стараемся быць максімальна аб’ектыўнымі. Мы нікога не хочам хваліць ці ганьбіць.
У кампаніі дзейнічаюць аналітычны цэнтр, які апрацоўвае інфармацыю і робіць высновы, інфармацыйны аддзел, дзе задзейнічаны сродкі масавай інфармацыі.

Пачынаючы, з першага дня абвяшчэння выбараў, з 16 верасня, за ўсімі працэсамі назіраюць 400 доўгатэрміновых назіральнікаў. Апошнія шэсць дзён да гэтых назіральнікаў далучацца яшчэ каля 300 кароткачасовых назіральнікаў. Гэта людзі, якія з 12 па 19 снежня будуць працаваць на выбарчых участках. У раённых цэнтрах назіральнікі будуць сачыць на адным ці двух выбарчых участках, у буйных гарадах, абласных цэнтрах і Мінску назіральнікаў будзе больш.

Карта гарадоў, дзе парводзіцца назіранне

У чым сэнс, калі, напрыклад, у Ганцавіцкім раёне з 32 выбарчых участкаў усяго на адным ці двух будуць назіральнікі з кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”?

– Гэтага дастаткова, каб адсачыць рэальную колькасць выбаршчыкаў, якія прыйдуць на ўчасткі, і вынікі галасавання. Параўноўваючы дадзеныя з іншымі ўчасткамі, будзе відаць, дзе займаліся фальсіфікацыямі і дзе не. Напрыклад, на папярэдніх выбарах па Віцебскай вобласці афіцыйна паказалі, што удзел у выбарах прынялі больш за 90% (!) выбаршчыкаў.

Яўна перастараліся з паказчыкамі, бо гэта нерэальна.
– Завяршыліся важныя этапы выбараў: фарміраванне выбарчых камісій і рэгістрацыя кандыдатаў. Якія высновы зрабілі назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»?

– Што тычыцца фарміравання тэрытатыяльных і ўчастковых камісій, то, на жаль, вынікі дастаткова несуцяшальныя. Камісіі сфарміраваны ў асноўным згодна са спісамі, якія рыхтавала выканаўчая ўлада, што дае падставы меркаваць, што іх дзейнасць ёй падкантрольная.

Ва ўчастковыя выбарчыя камісіі па Беларусі ўвайшло менш за 0,5%(!) сябраў з апазіцыйных партый. А сябры партыі КПБ і такіх арганізацый, як БРСМ, з’яўляюцца залежнымі ад выканаўчых уладаў, бо яны фінансуюцца з бюджэту. Таму на іх аб’ектыўнасць спадзявацца не прыходзіцца. Пры датэрміновых галасаванні і падліку галасоў верагодны фальсіфікацыі.

Гэта мяркуем з вопыту мінулага назірання. Тое, што ўлада звяртае ўвагу на нейкую маналітнасць камісій, што камісіі будуць працаваць больш зладжана, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Вопыт дзясяткаў краін паказвае,  што цудоўна працуюць камісіі з прадстаўнікоў розных партый і плыняў, якія маюць розныя погляды. Ніхто там нікога не ганяе і нажамі не рэжа.

– Ці былі нейкія парушэнні падчас збору подпісаў?

Збор подпісаў у параўнанні з мінулымі выбарамі прайшоў значна весялей, калі так можна сказаць. Працэс адбываўся дастаткова свабодна, кандыдатаў зарэгістравана шмат. Подпісы збіралі без арыштаў і рэпрэсій у адрозненне ад 2006 года, калі каля 100 чалавек было пакарана.

Але не ўсё было гладка.  Ёсць сумнеў, наколькі гэтыя подпісы былі правераны аб’ектыўна і правільна. Падчас праверкі подпісаў не дапусцілі нашых назіральнікаў. Працэдура праверкі подпісаў была схавана.
Парушэннем мы лічым яшчэ тое, што паўсюдна выстаўляліся пікеты ў падтрымку Лукашэнкі, раздаваліся разнарадкі настаўнікам, які не з’яўляліся сябрамі ініцыятыўнай группы і збіралі подпісы.

У Мінску гэта было павальна. Збор подпісаў не членамі ініцыятыўнаай группы ЦВК апраўдвала і фактычна, парушыўшы заканадаўства, увяла пасаду «памочнік члена ініцыятыўнай групы». Такога нідзе няма! Фактычна знішчылі сутнасць члена ініцыятыўнай групы.

Атрымоўваецца, я памочнік Васі, а ў Васі можа яшчэ быць 100 памочнікаў. А калі Вася начальнік, то ён можа выгнаць сваіх падначаленых, і тыя будуць збіраць подпісы. Увесь адміністрацыйны апарат быў накіраваны на збор подпісаў за Лукашэнку, таму ён не адлюстроўвае рэальную падтрымку.

– Ці ёсць нейкая рэакцыя з боку ўладаў, ЦВК на скаргі і заўвагі назіральнікаў?

– Адназначна ЦВК рэагуе на інфармацыю, якую мы даем. Не выключаю, што кожны дзень члены ЦВК пачынаюць з прагляду нашага сайта spring96.org. У адказах яны часта спасылаюцца на наш сайт і правяраюць інфармацыю нашых праваабаронцаў. ЦВК па адной скарзе назіральніка накіравала нават просьбу главе адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці начальніка аддзела ідэалагічный работы ўпраўлення адукацыі Ленінскага раёна А.Н. Насковай за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

— На ўсіх мінулых выбарах міжнародная місія АБСЕ давала ацэнку недэмакратычнасці выбараў у Беларусі, і еўрапейскія краіны і ЗША іх вынікі не прызнавалі. Якім наступствы могуць быць для Беларусі, калі пасля 19 снежня вынікі выбараў не прызнае і Захад, і Расія?

На самой справе, прызнанне-непрызнанне выбараў, хоць яно, здавалася б, не мае ніякіх адносінаў да эканомікі, вельмі моцна ўплывае на эканамічныя стасункі з усімі краінамі свету. Гэта трэба разумець, калі мы ідзем на выбары, што гэта не проста пайшоў і кінуў бюлэтэнчык. Мы фактычна галасуем за тое, як будзем жыць далей. Калі выбары будуць непрызнаны, то ў бліжэйшыя гады могуць быць сур’ёзныя праблемы. Гэта стварае нелігітымнасць беларускай улады і адпаведныя адносіны з боку міжнародных партнёраў.

А так як у нас  эканоміка пабудавана на продажы тавараў за мяжу, то непрызнанне выбараў з’яўляецца вельмі сур’ёзнай пагрозай стабільнасці і развіцця беларускай эканомікі. І наадварот, прызнанне выбараў Еўропай дае Беларусі каласальныя магчымасці. Еўрасаюз – гэта вялізны эканамічны партнёр, гэта вельмі вялікі рынак, што дае шмат выгодаў Беларусі.

– І  якое выйсце, каб такога не здарылася?

– Усё ў руках улады, выбарчых камісій. Правесці выбары чэсна і празрыста, згодна з  міжнароднымі  стандартамі, каб не даць ніякіх шансаў не прызнаць іх. І такая магчымасць ёсць, і гэта не пагражае стабільнасці беларускай улады.

У тым, што АБСЕ не прызнала ніводныя мінулыя выбары, ёсць віна беларускай улады. Але я ўпэўнены ў аб’ектыўнасці гэтай ацэнкі, у адрозненне ад ацэнкі выбараў місіі з Расіі і СНД. Для мяне асабіста і іншых назіральнікаў раней Расія ацэньвала  выбары не з ацэнкі працэсу выбараў, а з палітычнай мэтазгоднасці.

Мяркуючы па вашых выказваннях, падаецца, што ў вас ёсць нейкія апасенні?

Так. Варта пазначыць, будзе датэрміновае галасаванне, якое заўсёды выклікае крытыку, з боку назіральнікаў і міжнародных і ўнутраных, бо не забяспечваецца захаванне галасоў у скрынях. Незразумела, што з імі робіцца ноччу, хто іх ахоўвае. Мы не давяраем працэдуры захавання і вельмі верагодна, што галасы фальсіфікуюцца.

Таму мы заклікаем людзей галасаваць у апошні дзень. Не галасаваць датэрмінова без сур’ёзных прычын. Гэта канстытуцыйнае права –  галасаваць у апошні дзень. І не трэба паддавацца розным ціскам. Бо часта ціснуць на настаўнікаў, міліцыянераў, студэнтаў, супрацоўнікаў установаў – ідзіце галасуйце датэрмінова. Не ідзіце, бо ёсць сумненні, што галасы будуць падлічаны справядліва.

І карыстаючыся момантам, звяртаюся да сяброў камісій ад усёй грамадзянскай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»  з заклікам, каб яны правялі падлік галасоў сумленна. 

Я спадзяюся, што чытачам «ГЧ» будзе цікава даведацца аб выніках выбарчай кампаніі і высновах назірання нашых праваабаронцаў пасля завяршэння выбараў, таму з задавальненнем можам сустрэцца і расказаць пра гэта.

Дзякуй Вам вялікі, Алесь, і да сустрэчы.

По вашему желанию бразильское выпрямление волос отзывы на лучших условиях.

Новости

Из рубрики
Top