weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Урач Леанід Дыдышка: «Нас вядуць за абяцаннямі»

Тэма выбараў прэзідэнта зараз адна з самых актуальных і хвалюе, бадай, усіх жыхароў. Выбары – гэта лёсавызначальная падзея для ўсіх слаёў грамадства. Існуюць розныя погляды і меркаванні на гэты конт.

Урач-педыят Леанід Дыдышка лічыць, што без Лукашэнкі беларусы будуць жыць  лепш
Урач-педыят Леанід Дыдышка лічыць, што без Лукашэнкі беларусы будуць жыць лепш / Фото: Пётр Гузаеўскі

Чытачам «ГЧ» мы прапануем у інтэрв’ю з ганцаўчанінам, які карыстаецца ў жыхароў раёна аўтарытэтам і, што важна, заўсёды мае свой асабісты погляд. Наш субяседнік – Леанід Фёдаравіч Дыдышка, урач-педыятр  Ганцавіцкай дапаможнай школы-інтэрната, чалавек, які мае асабісты вопыт у выбарчых працэсах, удзельнічаў у мясцовых выбарах, неаднаразова быў назіральнікам і ведае пра іх нямала.

– Леанід Фёдаравіч, што Вы можаце сказаць аб ходзе перадвыбарчай кампаніі ў параўнанні з мінулымі выбарамі?

–Справядлівыя  прэзідэнцкія выбары ў нас былі ў 1994 годзе, і, на жаль, пасля гэтага дэмакратычных выбараў больш не было. Зараз кандыдатам далі паслабленне толькі ў тым, што дазволілі выступіць у прамым эфіры тэлебачання і радыё. Людзі хоць убачылі новых кандыдытаў і пачулі іншыя погляды. А ў астатнім, як быў адзін чалавек на экране ўсіх тэлеканалаў і іншых СМІ, так і застаецца.

–Агітацыйная кампанія ў самым разгары, але чамусьці ўсе кандыдаты ў прэзідэнты і іх давераныя асобы не наведваюць Ганцавічы? Як вы лічыце, чаму?

– Яны, напэўна, думаюць, што гэта палескі раён, выбаршчыкаў мала. і агітуюць у сталіцы, абласных цэнтах і буйных гарадах, дзе жыве большасць выбаршчыкаў. Дый адзін месяц на агітацыю – гэта вельмі мала. Нерэальна аб’ехаць за месяц нават раённыя цэнтры.  Я лічу, што на агітацыю трэба мінімум два месяцы.

– Ці дастаткова інфармацыі ў жыхароў Ганцавіцкага раёна, каб вызначыцца, за каго галасаваць?

– Я лічу, што недастаткова. Плакатаў, лістовак і іншай нагляднай агітацыі няма, сустрэч з выбаршчыкамі таксама. У газеце «Савецкае Палессе», якую я рэгулярна чытаю, пра апазіцыйных кандыдатаў ніякай інфармацыі няма.  У газеце «Ганцавіцкі час» увагі больш удзяляецца, але таксама недастаткова. З мясцовых рэсурсаў найбольш карысная  інфармацыя пра выбары на сайце ganc-chas.by, але многія яшчэ не ведаюць, што такое інтэрнэт.

Таму вельмі часта даводзіцца чуць выказванні, што “я буду галасаваць супраць усіх”. І разважаюць людзі так: за дзеючага прэзідэнта галасаваць не хочуць, а астатніх кандыдатаў мала ведаюць.

– Якім крыніцам інфармацыі варта давяраць, каб зрабіць правільны выбар?

– Найперш інтэрнэт-рэсурсам. Сам карыстаюся шматлікімі крыніцамі з інтэрнэта, дзе можна прачытаць рознабаковыя выказванні вядомых палітыкаў, меркаванні палітолагаў, аналітыкаў, і параўнаць.
Да дзяржаўных СМІ  даверу няма. Напрыклад, у “Советской Белоруссии”, якую я чытаю, шмат палос выдзяляецца фактычна толькі для агітацыі за Лукашэнку. Пра другіх кандыдатаў, акрамя іх перадвыбарчых праграм, толькі негатыўныя артыкулы.

– Што ж рабіць тым, у каго няма інтэрнэта і нават грошай на тое, каб выпісваць некалькі альтэрнатыўных газет? Як ім вызначыцца?

– Такім людзям самастойна вызначыцца вельмі складана. Трэба цікавіцца палітыкай. Так ці інакш, удзельнічаючы ў выбарах, усе мы ўдзельнічаем у палітычным жыцці краіны. Калі чалавек будзе цікавіцца палітычным жыццём, то ён знойдзе сродкі і магчымасці для атрымання праўдзівай інфармацыі.
І калі нейкі чыноўнік кажа: “Не лезьце ў палітыку!”, то гэта разлічана на дурняў. Паразважайце, чаму ж тады ён туды палез? Так кажуць тыя, хто дарваўся да ўлады, і  хочуць захаваць свае пасады і не жадаюць дапусціць канкурэнтаў.

Ёсць выказванне філосафа Перыкла: “Калі ты не цікавішся палітыкай, гэта не значыць, што палітыка не цікавіцца табой”. І яна можа потым прыйсці да таго чалавека ў дом з аўтаматам ці ў выглядзе разрухі і галадухі.

– Ці можна верыць рэйтынгам кандыдатаў, які зараз публікуюць розныя СМІ? І ці можа нехта з кандыдатаў перамагчы ў першым туры?

– Дзяржаўным СМІ нельга давяраць. Яны могуць пісаць, што ад іх патрабуюць. Я асабіста давяраю тым рэйтынгам, якія ў інтэрнэце. Рэйтынг Лукашэнікі  там да 33%. І гэта рэалістычна, бо я гэта бачу ў паўсядзённым жыцці, калі сустракаюся з людзьмі, і чую, што яны кажуць. У першым туры ніхто не выйграе. Пры такой колькасці кандыдатаў гэта немагчыма Такой падтрымкі грамадзян, якая была раней, А.Р. Лукашэнка ўжо не мае. Народ стаміўся ад яго і ад яго абяцанняў.

Мы быццам бы ўжо атрымліваем па 500 долараў. А цэны якія ў нас? На кірмашы ў Ганцавічах у 2008 годзе бульба каштавала 300 рублёў, у мінулым 600, зараз 1200 рублёў(!). І гэта мы, якія называем сябе “бульбашамі”,  яе самі вырошчваем. Нядаўна адзін знаёмы, які працуе доўгі час на будоўлях Расіі, сказаў, што ў рэгіёнах Расіі цэны ў два-тры разы ніжэй. І нават з Масквы прыязджаюць і кажуць, як вы тут жывяце з такімі зарплатамі і такімі цэнамі?

І зараз нас вядуць за гэтымі абяцаннямі невядома куды, як пры камуністах. І куды мы прыйшлі? Да развалу. Тады многія верылі, і зараз некаторыя яшчэ вераць, як мой бацька кажа, у “абяцанкі-цацанкі”.
Нядаўна прачытаў справаздачу харчовых і сельскагаспадарчых арганізацый ААН, дык з 2000-2007 гады па росце індэксаў спажывецкіх цэн рост склаў 445,9(!) працэнта. Мы займаем чацвёртае месца ў свеце пасля Зімбабвэ, якую сатрасаюць інфляцыя і ўжо некалькі дэнамінацый за апошнія гады,  Анголы, дзе 80% працуе ў сельскай гаспадарцы, а сельгаспрадукцыя імпартуецца, і М’янмы, другая ў свеце краіна па вытворчасці незаконнага опіуму, і дзе ваенная дыктатура.

– Неяк даводзілася ад асобных людзей чуць, што калі Лукашэнкі не будзе, то наступіць ледзь не канец свету?

– Тут толькі пасмяяцца можна, што тут скажаш. Але калі ёсць такія, хто так думае, то я лічу, што  яны дарэмна хвалююцца. У розных краінах свету  мяняюцца прэзідэнты і ніякіх катаклізмаў не адбываецца. У Расіі быў Пуцін, стаў Мядзведзеў, на Украіне быў Юшчанка, стаў Януковіч. І наадварот, пачаліся змяненні да лепшага. Таму жылі мы, браткі, і жыць будзем добра і з другім прэзідэнтам.

– Есць меркаванне, што канкурэнтаў дзеючаму прэзідэнту няма. Як вы лічыце, ці ёсць сярод кандыдатаў прэтэндэнты, дастойныя заняць пост Прэзідэнта Беларусі?

– Ёсць. І я лічу, што яны змогуць упраўляць краінай не горш, чым дзеючы прэзідэнт. Гэта Андрэй Саннікаў, які атрымаў дыпламатычную адукацыю, мае вопыт работы ва ўрадзе і быў наменікам міністра замежных спраў. Важная якасць – ён умее не сварыцца і весці перагаворы. Упэўнены, ён знойдзе агульную мову з усімі краінамі свету, у тым ліку з Расіяй, Еўропай і ЗША.

Таксама лічу, што дастойныя кандыдаты – эканаміст Яраслаў Раманчук і паэт Уладзімір Някляеў. Ёсць і маладыя перспектыўныя палітыкі Віталь Рымашэўскі і Аляксей Міхалевіч.

– Леанід Фёдаравіч, што б  хацелі сказаць, ці параіць выбаршчыкам?

– Паважаныя ганцаўчане! Калі вы хочаце, каб ваш голас сапраўды быў аддадзены таму, каго вы падтрымалі, не галасуйце датэрмінова. Знайдзіце магчымасць і абавязкова ўсе прыйдзіце на выбары ў нядзелю, 19 снежня.

– А што Вы хацелі б пажадаць тым, хто праводзіць гэтыя выбары – членам выбарчых камісій?

Не ўдзельнічайце у фальсіфікацыях, бо гэта грэх. Нельга маніць людзей і гнявіць Бога. Тое, што робіцца быццам бы таемна і хтосьці упэўнены, што ніхто гэтага не бачыць – гэта не так. Існуюць іншыя законы, акрамя тых, якія прапісаны ў кодэксах. Я ў гэта веру. Грэх Бог даруе, але не забывае, і адаб’ецца гэта на дзецях, дзецях дзяцей, і так да трэцяга і чацвёртага калена. Таму калі ў каго-небудзь захварэе жонка ці мужык анкалагічным ці іншым захворваннем, не шукайце вінаватых, бо гэта можа быць расплатай за вашы грахі.

Новости

Из рубрики
Top