weather

USD 2.6036

EURO 3.1684

RUR(100) 3.531

search

Хлопец з ганцавіцкімі каранямі дапамагае беларусам у Польшчы

Аляксандр Лапко часова пражывае ў Варшаве. Хлопец – валанцёр арганізацый Цэнтр Беларускай Салідарнасці, By_Help (дапамога ў аплаце штрафаў), ByCovid19 (беларуская ініцыятыва дапамогі медыкам). Таксама ён дапамагае беларусам, якія апынуліся ў Польшчы ў выніку палітычных падзей 2020 года.

Аляксандр і Кацярына Лапко
Аляксандр і Кацярына Лапко / Фото: Facebook

Вытокі

Аляксандр нарадзіўся ў Віцебску ў 1991 годзе. Там служыў ягоны бацька лётчыкам у авіябрыгадзе. Уздымаў у неба самалёт Іл-86. У 1995 годзе Мікалая Лапко перавялі ў Мачулішчы, а потым у Мінск, куды пераехала ўся сям’я. З ваеннай ён перавёўся ў грамадзянскую авіяцыю. Але і тата, і маці Аляксандра з Ганцаўшчыны.

–Мой прадзед Іван Лапко быў святаром у царкве ў Будчы. Бацька Мікалай Лапко родам з Будчы, а маці Марыя Ленкавец з Лактышоў. У гэтых вёсках жылі мае дзядулі і бабулі. Усе школьнае летнія канікулы я праводзіў менавіта ў іх. На Ганцаўшчыне жывуць браты і сёстры маіх бацькоў. Але засталася толькі адна з маіх бабуль у Будчы.  У лістападзе памерла бабуля Вольга ў Лактышах. Ёй было 80 гадоў. Я не ездзіў на пахаванне, бо ніхто не можа гарантаваць, што я вярнуся ў Польшчу, бо я раблю шмат таго, што не падабаецца рэжыму, – кажа Аляксандр.

Хлопец з ганцавіцкімі каранямі дапамагае беларусам у Польшчы
Аляксандр з бабуляй Вольгай Ленкавец/ Фота: Facebook

Бізнэсу няма ходу

Вучыцца сын лётчыка пайшоў ў Мінскую лінгвістычную гімназію №2. Пасля сканчэння якой паступіў у БДУ на факультэт філасофіі і сацыяльных навук па спецыялізацыі інфармацыя і камунікацыя. Пасля сканчэння вучобы ў 2014 годзе размеркаваўся ў “Онега”, якая вырабляе чыпсы. Займаўся маркетынгам кампаніі. Вёў сацыяльныя сеткі і прасоўваў брэнд.

Падчас студэнцтва Аляксандр зацікавіўся вольнымі падарожжамі па Беларусі. Разам з сябрамі стварыў некалькі парталаў пра самастойныя вандроўкі. Праз пэўны час пачаў арганізоўваць падарожжы. Шукаў і ствараў маршруты і пуцевадзіцель пад кліента па розных мясцінах Сінявокай. Але ўмовы для турызму былі не вельмі спрыяльныя. Дэвальвацыя 2015 года моцна ўдарыла па турфірмах і ўвогуле па бізнэсу.

У 2016 годзе турыстычная фірма, дзе працаваў Аляксандр, разыграла паездку ў Барселону. Каб выйграць паездку, трэба было зрабіць рэпост у сацыяльных сетках. У хуткасці прыйшла позва з Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь пра нібыта парушаныя законы. У выніку адбылося тры суды.

–Я пайшоў ў Міністэрства, каб паразмаўляць і разабрацца да суда. Але гэта не дапамагло. У судзе нас прызналі вінаватымі. Штраф, як да юрыдычнай асобы, быў высокім. Нашы тэлефоны ў судзе былі выключаныя. А ў суддзі граў на поўную моц. З-за яго не было чутна нават вердыкту, які яна выносіла. Гэта стала апошняй кропкай для мяне. Я вырашыў з’ехаць з Беларусі на нейкі час, – успамінае Аляксандр.

Хлопец з ганцавіцкімі каранямі дапамагае беларусам у Польшчы
Аляксандр у Варшаве/ Фота: Facebook

Ад магістранта да актывіста

Для выпускнікоў беларускіх вышэйшых навучальных устаноў існуе некалькі прапаноў вучыцца па магістэрскіх праграмах у Польшчы. Аляксандр падаў заяўку, дакументы і выіграў стыпендыю Варшаўскага ўніверсітэта факультэта міжнародных адносінаў. І ў 2016 годзе пераехаў разам з жонкай Кацярынай ў Варшаву. З мовай праблем не было, бо вучыўся ў лінгвістычнай гімназіі, дзе вывучаў англійскую і польскую мовы. Кацярына таксама атрымала стыпендыю ў эканамічным універсітэце, але ёй было складаней. Мову яна не ведала, але скончыла вучобу на выдатна.

–Працую ў Беларускім моладзевым Хабе, а таксама ў верасні скончыў Варшаўскі ўніверсітэт, таму яшчэ дэ юрэ з’яўляюся студэнтам магістратуры, – каментуе Аляксандр.

На пачатку эпідэміялагічнага крызісу ў свеце была стварэна ініцытыва ByCovid19. Аляксандр стаў яе актывістам. Праз платформу хуткага збору сродкаў Mola Mola актывісты з Беларусі і з-за межы сабралі каля 350 тысяч долараў для дапамогі медыкам і бальніцам у Беларусі. Актывісты ByCovid19 закуплялі пульсаксіметры, безкантактныя тэрмометры, маскі, пальчаткі, рэспіратары. Усё гэта перадавалі ў Беларусь. Ініцыятыва супрацоўнічала з Міністэрствам аховы здароўя і беларускім дыпламатычным ведамствам у Польшчы.

–Зараз у Польшчы мой малодшы брат на вучобе ў Вроцлаве. Бацькі таксама пераехалі сюды. Ім не прывыкаць да пераездаў, – расказвае Аляксандр.

Хлопец з ганцавіцкімі каранямі дапамагае беларусам у Польшчы
Аляксандр і Кацярына/ Фота: Facebook

Валанцёрства

–Напачатку беларускія улады не заміналі нам працаваць. Мы рэальна дапамаглі медыкам у першую хвалю каранавірусу. Я ўбачыў як беларусы свету хутка самаарганізоўваюцца і дапамагаюць свай краіне. Але летам усё змянілася. Нам сказалі ці скончвайце, ці мы не будзем прымаць ад вас дапамогу. Платформу Mola Mola заблакавалі. Пачалася прэзідэнцкая кампанія. Сяргея Ціханоўскага затрымалі, потым арыштавалі і Віктара Бабарыку, – кажа Аляксандр.

Хлопец таксама з’яўляецца валанцёрам кампаніі By_Help, якая займаецца выплатай штрафаў і дапамогай рэпрэсаваным беларусам.  Ініцыятыва сабрала каля каля 3.5 мільёнаў долараў. Але часткова грошы, якія трапілі ў Беларусь на аплату штрафаў, ў лістападзе былі заблакаваны ў выніку праверкі Следчага камітэта.

–Я займаюся ад сакавіка дапамогай Беларусі і беларусам. Апошнім часам гэта цяжка і маральна і фізічна. Але колькі зможам, столькі будзем працаваць, – кажа Аляксандр.

Для  беларусаў, якія прыбылі ў Польшчу ўвыніку разгону пратэстных маршаў і пікетаў, у  верасні 2020 года быў створаны Цэнтр Беларускай Салідарнасці. Цэнтр створаны для лепшай псіхалагічнай адаптацыі, вырашэнню юрыдычных пытанняў і інш. Аляксандр стаў валанцёрам і тут.

–Падтрымоўваем беларусаў у лагерах уцекачоў каля Беластоку, у Бяла-Падлясцы. Дапамагаем з ежай, адзежай, юрыдычына. Мы сталі лабістамі законаў для працаўладкавання беларусаў, якія прыязджаюць па гуманітарных візах. З 1 снежня беларусы могуць працаваць без атрымання спецыяльнага дазволу. З гэтым значна прасцей. Дзяцей можна аддаваць у школу, у садкі. Нармальна пачуваць сябе ў Польшчы.

А яшчэ Аляксандр Лапко ня так даўно атрымаў дыплом аб сканчэнні адукацыі ў Польшчы. З чым мы яго і віншуем!

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Материалы по теме
Из рубрики