search

Пяты фэст «Ружанская брама» прайшоў у палацы Сапегаў.

Сотні турыстаў сабраў фэст “Ружанская брама”, які 3 чэрвеня пяты раз адбыўся ў палацы Сапегаў. Народныя забавы сёлета прафінансаваў Еўрасаюз.

Пяты фэст “Ружанская брама”
Пяты фэст “Ружанская брама” / Фото: Павел Дайлід

“Ружанская брама” – фестываль, які некалькі год таму пачаў ладзіць Пружанскі райвыканкам. Аднак апошнія тры гады ў раённым бюджэце не хапала сродкаў на яго правядзенне. Сёлета пружанскія ўлады звярнуліся з ініцыятывай да Еўрасаюзу, які і аказаў фінансавую дапамогу для правядзення “Ружанскай брамы”.

Пяты фэст “Ружанская брама”
Пяты фэст “Ружанская брама”

Відавочна, што з кожным разам фэст збірае ўсё больш турыстаў з розных рэгіёнаў, таму “Ружанская брама” выйшла за межы проста раённага свята.

Звычайна на фэст запрашаюцца фальклёрныя калетывы з розных рэгіёнаў нашай вобласці, сёлета быў этна-гурт нават з Расіі. Найбольш чаканым жа быў канцэрт беларускага гурту “Без білета”.

Пяты фэст “Ружанская брама”
Пяты фэст “Ружанская брама”

Апроч музыкі, арганізатары прадставілі надзвычай шырокую праграму на любы густ – сярэднявечныя забавы ад рыцарскіх клубаў, шмат атракцыёнаў для дзяцей, гандаль сувенірамі, прадукцыяй рамеснікаў. Для дарослых тут у прамым сэнсе была і чарка, і шкварка – Пружанскае спажыўтаварыства частавала турыстаў шашлыкамі, моцнымі і безалкагольнымі напоямі.

Пяты фэст “Ружанская брама”
Пяты фэст “Ружанская брама”

Як распавялі на прэс-канферэнцыі прадстаўнікі Пружанскага райвыканкаму, фестываль “Ружанская брама” вырашана праводзіць раз на тры гады, наступны адбудзецца ў 2020 годзе.

Мэтай фэсту з’яўляецца папулярызацыя турыстычнага патэнцыялу палацу Сапегаў у Ружанах – аднаго з велічных помнікаў архітэктуры Брэсцкай вобласці. Эксперты даўно называюць гэты палац “ружанскім Версалем”.

Пяты фэст “Ружанская брама”
Пяты фэст “Ружанская брама”

Палац у Ружанах быў збудаваны ў ХVIII стагоддзі ўплывовым магнатам Вялікага княства Літоўскага – канцлерам Львом Сапегам. Палац быў адным з цэнтрам арытакратычнага жыцця княства, тут гасцявалі каралі ды зберагаліся вялікія багацці. Пасля таго, як беларускія землі былі акупаваныя Расійскай імперыяй у канцы ХVІІІ стагоддзя, Сапегі перайшлі ў апазіцыю да расійскіх уладаў. Пасля антырасійскага паўстання 1831 году ўладанні Сапегаў канфіскавалі на карысць царскай казны, а Ружанскі палац здалі пад ткацкую фабрыку.

Пяты фэст “Ружанская брама”
Пяты фэст “Ружанская брама”

У 1914 годзе ў палацы здарыўся пажар, які яго значна пашкодзіў. А ў часы польскай улады, у 1930-х, палац часткова рэстаўравалі. Пацярпеў палац Сапегаў і ў час другой сусветнай вайны, а ў канчатковы заняпад прыйшоў пасля яе, у савецкія часы. Мясцовыя жыхары паціху разбіралі цэглу палацу для ўласных патрэбаў, а 4 падземныя паверхі былі заваленыя смеццем.

Аднаўленне палацу пачалося ў 2008 годзе. Да 2011 году адрэстаўравалі браму, у будынках якой цяпер месціцца музей. У залежнасці ад фінансавання цяпер вядзецца аднаўленне Усходняга флігелю палацу, дзе пры Сапегах быў унікальны тэатр.

Штогод каля 20 тысяч турыстаў наведваюць музей у Ружанскім палацы.

Новости

Из рубрики
Top