weather

USD 2.5136

EURO 2.9597

RUR(100) 3.4096

search

Педагогі-ветэраны сустрэліся ў СШ №3 г. Ганцавічы

У сераду 5 кастрычніка ўвесь свет адзначаў Міжнародны дзень настаўніка. Менавіта ў гэты дзень ветэраны педагагічнай працы раёна ў 15 гадзін сабраліся ў СШ №3 на сустрэчу, якая стала ўжо традыцыйнай.

Раённы аддзел адукацыі райвыканкама па ініцыятыве прафсаюзнага камітэта арганізуе такое мерапрыемства ўжо чацвёрты год запар. На ўрачыстасць завіталі галоўны спецыяліст Брэсцкага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Шпак і выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў.

Нягледзячы на дажджлівае і прахалоднае надвор`е, педагогі-ветэраны з вёсак і горада спяшаліся на такую чаканую для іх сустрэчу. Прыветна і гасцінна сустракалі настаўнікаў вучні СШ №3, якія ўтварылі  жывы калідор і  запрашалі  ў актавую залу на ўрачыстую прывітальную частку мерапрыемства.

Выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама вітаў ветэранаў працы шчырымі цёплымі словамі, дзякаваў  за  вялікі ўклад у адукацыйны працэс і развіццё рэгіёна. «Я ўдзячны настаўнікам маёй роднай Дзяніскавіцкай школы за тое, што яны ўжо цяпер ствараюць музей гісторыі сваёй школы», – адзначыў Сяргей Вітальевіч.

Старшыня аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Надзежда Уладзіміраўна Здрок падзякавала настаўнікам за шматгадовую працу і адданасць прафесіі, пажадала пазітыўных пачуццяў і падзей у гэты дзень.

І сапраўды, на працягу ўсёй сустрэчы вітаў асабліва ўзнёслы настрой і найлепшыя пачуцці выклікалі ў сэрцах педагогаў  песні  юных артыстаў з РЦДЮТ  і іх настаўнікаў. Для ўдзельнікаў мерапрыемства быў прадастаўлены свабодны мікрафон, і былыя настаўнікі і выхавальнікі гаварылі пра свае ўражанні ад сустрэчы, дзякавалі  арганізатарам сустрэчы за свята, успаміналі тых, каго не было сярод гасцей. Хвілінай маўчання ўшанавалі ўсе прысутныя памяць пра былога дырэктара СШ №3 Івана Максімавіча Амельянюка, які пайшоў з жыцця напярэдадні Дня настаўніка.

Ажыўлена гаманілі між сабою тыя, хто не бачыўся гадамі, расказвалі аб сваім жыцці на пенсіі, дзяліліся жыццёвымі ўражаннямі. Валянціна Анішчанка, былы завуч гімназіі, выказала тое, што цеплілася на сэрцы ва ўсіх настаўнікаў. «Гэтага дня чакаеш з такім нецярпеннем, каб убачыць, нарэшце, зноў усіх сваіх калег , з кім калісьці прыйшлося працаваць, а разам з тым угледзець, як  змяніліся, ці паправілі здароўе на заслужаным адпачынку. Хачу пажадаць усім, каб жылі доўга, сустракаліся і каб было шмат прычын у кожнага з вас для радасці», – прачула сказала Валянціна Іванаўна.

Разыходзіліся з мерапрыемства ветэраны  з прыўзнятым настроем, задаволеныя сустрэчай з калегамі  і шчаслівыя надзеяй, што гэтыя сустрэчы будуць паўтарацца, тым больш, што ў наступным годзе сустрэча будзе юбілейнай.

Фотарэпартаж з сустрэчы можна паглядзець тут. 

Top