Георгіеўскай царкве ў Чудзіне – 150 гадоў
Паўтара стагоддзя спаўняецца ў гэтым годзе з дня заснавання Георгіеўскай царквы, пабудаванай у вёсцы Чудзін у 1867 годзе. Гэтую падзею вернікі ўзгадаюць падчас прастольнага свята – на Юр`е, якое прыходзіцца на 6 мая.

Георгіеўская царква ў вёсцы Чудзін. Аўтар здымка - Мікола Кузіч (globus.tut.by)
На Прастольнае свята 6 мая ў храме святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца в. Чудзін адбудзецца святочнае багаслужэнне з удзелам благачыннага Пятра Піліпчука і святароў з іншых храмаў.
У 8.30 – малое асвячэнне вады. 9.00 – Царскія часы і Божая літургія. Хрэсны ход, малебен.
Шмат падзей адбылося за гісторыю існавання храма. Здаецца, зусім нядаўна былі савецкія часы, калі ўлада руйнавала храмы і спрабавала ўводзіць абмежаванні ў жыццё вяскоўцаў адносна іх набожнасці. Але час няўмольна ідзе, змяніліся пакаленні, і сёння адчуваецца лаяльнасць кіраўніцтва краіны да рэлігіі, што спрыяе захаванню храмаў і аднаўленню іх страчанай гісторыі.
Будынак Чудзінскай царквы, узведзенай у 1867 годзе ў імя Святога Георгія Перамоганосца, з`яўляецца адной са старэйшых драўляных пабудоў у Ганцавіцкім раёне.
Згодна з рапартам Завішчанскага благачыннага святара Іаана Бабарыкіна архіепіскапу Мінскаму і Бабруйскаму Міхаілу, у Чудзіне быў храм і раней. Але ён спарахнеў, і сяляне вёскі Чудзін пабудавалі новую царкву.
У 1898 годзе пры царкве была пабудавана царкоўнапрыходская школа, дзе адпаведна спісу ў 1911 годзе вучыліся 57 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, а настаўнікам быў Аляксандр Ярашэвіч.
Большую частку другой паловы ХХ ст. царква была зачынена. І толькі ў 1989 годзе адрамантаваная царква ўзнавіла сваю працу.
Больш падрабязна аб гісторыі царквы пачынаючы з 1989 года, аб святарах, якія там служылі пэўны час і аб царкоўным хоры можна даведацца ў друкаваным выданні «Ганцавіцкі час».
