Ксёндз Ян Саламон больш за палову свайго жыцця служыць Богу
Юбилей, 40 год святарскага пасвячэння, адзначыў 29 мая пробашч касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Ганцавічы ксёнд-доктар Ян Саламон. Пачынаў сваё служэнне Богу ксёндз у Польшчы.

Ксёндз Ян нарадзіўся ў 1952 годзе ў сям’і простых рабочых ў Здуньскай Волі – на радзіме Святога Максіміліяна Кольбе. Бацькі былі занятыя на працы ў лёгкай прамысловасці. Усяго ў сям’і было пяцёра дзяцей: чатыры браты і адна сястра. Ян самы старэйшы сярод дзяцей. Пасля заканчэння сярэдняй школы Ян вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Влёцлаўку.
«Я яшчэ ў школе адчуў, што маё пакліканне – служыць Богу, – распавядае Ян Саламон. – Таму і працягнуў навучанне». Па яго прыкладзе ксяндзом стаў яшчэ адзін з братоў. Пасля пасвячэння Ян Саламон вучыўся ў каталіцкім універсітэце.
У Беларусь ён прыбыў 12 студзеня 1991 года. Нёс служэнне ў Жлобіне, Рагачове і Светлагорску, дзе ў 2000-ым годзе пад яго кіраўніцтвам і пры яго непасрэдным удзеле быў пабудаваны касцёл. У Светлагорску служыў ксяндзом 12 гадоў. Затым прыняў беларускае грамадзянства. За дзясяткі гадоў служэння Беларусь стала яму другой радзімай, і ў Польшчы Ян Саламон цяпер бывае, толькі калі наведвае бацьку і іншых сваякоў. Мама яго памерла два гады таму.
З 2003 года доктар тэалогіі ксёндз Ян Саламон працаваў рэктарам Міждэцызіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя Святога Тамаша Аквінскага ў Пінску. У 2015 годзе годзе ён стаў пробашчам касцёла ў Пружанах. З 11 снежня 2016 года Ян Саламон пераведзены на служэнне пробашчам у Ганцавічы.
Па сённяшні дзень ксёндз Ян застаецца ў Беларусі, каб і надалей несці Слова Божае да людзей, спрыяць развіццю духоўнасці нашай Бацькаўшчыны. Усе гэтыя 40 гадоў былі нялёгкімі ў яго душпастырскай працы, аднак вельмі плённымі.
За паўгода служэння ў Ганцавіцкім касцёле Ян Саламон сваёй прысутнасцю сярод вернікаў згладзіў боль і сум, выкліканыя развітаннем з папярэднім пробашчам кс. Андрэем Шодам, які з-за стану здароўя вымушаны быў пакінуць парафію. Прыхаджане ўдзячныя Пану Богу за тое, што не засталіся без духоўнага настаўніка. Сваёй сціпласцю, адкрытасцю і дабрынёю, якая проста свеціцца ў яго вачах, ксёндз Ян пасяліў у сэрцах вернікаў новыя надзеі, узмацніў веру ў тое, што калі мы з Богам, то мы не адзінокія. Няма, здаецца, невырашальных пытанняў, калі з імі звяртаюцца прыхаджане да свайго пробашча.
Каталіцкія вернікі дзякуюць Пану Богу за свайго пробашча.
