weather
search

17 верасня 1939 года ніякага ўз’яднання Беларусі не было

17 верасня 1939 года ўвайшло ў гісторыю Беларусі як дата ўз’яднання нашага народа, падзеленага па выніках савецка-польскай вайны ў 1921 г. У гонар гэтай даты названы вуліцы, ёсць яна і ў Ганцавічах, і ў вёсках раёна.

Салдаты Чырвонай Арміі разбіраюць мяжу паміж Беларуссю і Заходняй Беларуссю
Салдаты Чырвонай Арміі разбіраюць мяжу паміж Беларуссю і Заходняй Беларуссю

Менавіта 17 верасня Чырвоная Армія перайшла мяжу, каб вызваліць Заходнюю Беларусь і ўстанавіць на гэтай тэрыторыі савецкую ўладу. Але пры ўважлівым вывучэнні падзей выяўляецца, што ўз’яднання беларускага народа 17 верасня 1939 г. не адбылося.

Салдаты Чырвонай Арміі разбіраюць мяжу паміж Беларуссю і Заходняй Беларуссю

Стала традыцыяй ужываць у дачыненні да вераснёўскіх падзей 1939 года выраз “гістарычная справядлівасць”, у выніку якой беларусы зноў зажылі разам. Каб апраўдаць свае дзеянні, кіраўніцтва аб’яднанай Савецкай Беларусі штораз паўтарала словы пра «гістарычныя правы», «справядлівасць як у гістарычных, так і этнаграфічных адносінах», «законнае і справядлівае жаданне беларускага народа» і г. д. Савецкая гістарычная навука з лёгкасцю падхапіла палітычнае абгрунтаванне, зрабіла яго настолькі моцным стэрэатыпам, які жыве і сёння. Паказальнымі радкамі пра тую падзею стала першая страфа верша Янкі Купалы «Ты з Заходняй, я з Усходняй…»:

Ты з Заходняй, я з Усходняй
Нашай Беларусі,
Больш з табою ўжо ніколі
Я не разлучуся.

Калі ж адкінуць прапаганду, становіцца бачна, што 17 верасня 1939 г. з’яўляецца толькі датай, паводле савецкай тэрміналогіі, пачатку паходу Чырвонай Арміі, але ні ў якім разе не аб’яднання краіны. Прасочым крок за крокам тагачасныя падзеі.

23 жніўня 1939 г. Германія і СССР падпісваюць дагавор аб ненападзенні. Дакумент быў названы пактам Молатава-Рыбентропа. Паколькі тыя дзяржавы варагавалі, іх прымірэнне было нечаканым для ўсяго свету. Зрэшты, сам дагавор быў бы хоць і не самым прыгожым крокам савецкай дыпламатыі, але не такім страшным, якім стаў з улікам сакрэтнага пратакола. Гэтым самым адбываўся перападзел Еўропы, у тым ліку этнічных беларускіх зямель. Нацысты і бальшавікі сышліся на поўным на знішчэнні Польскай Рэспублікі. Прычым бальшавікам планавалася тэрыторыя ажно да Варшавы. Г. зн., СССР атрымліваў не толькі Заходнюю Беларусь, але фактычна каля 60% дзяржавы (у 1,5 раза больш, чым Германія! – гл. карту)этнічнай польскай тэрыторыі. Да падпісання чарговага савецка-германскага дагавора не было нават канкрэтных планаў адносна долі Заходняй Беларусі і іншых зямель тагачаснай Польскай Рэспублікі, якія аказаліся занятымі вермахтам і Чырвонай Арміяй. Перад тым, як заняць землі Польскай дзяржавы, аказваецца, нават існавала задума стварэння трох «дзяржаўных» фарміраванняў у выглядзе савецкіх рэспублік: Польшчы, Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

Фактычна, паварот да аб’яднання пачаўся 28 верасня 1939 г., калі паміж СССР і Германіяй быў падпісаны дагавор – на гэты раз аб дружбе і граніцы. Гэты дагавор прадугледжваў новую лінію размежавання на польскай тэрыторыі і сферы ўплыву адносна літоўскай дзяржавы (тады пакуль яшчэ суверэннай). Пытанне пра асобную заходнебеларускую адміністрацыйную адзінку было закрыта. У Крамлі напісалі адпаведны сцэнар пра ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, каб гэта выглядала юрыдычна прыгожа і гладка.

Спачатку выбралі дэпутатаў ад народа на нібыта заходнебеларускае веча. Затым 29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю пра прыняцце яе ў склад БССР. 2 лістапада 1939г. афіцыйна Крэмль задаволіў тую «просьбу», што толькі потым (!), 14 лістапада, прадубліраваў Вярхоўны Савет БССР.

Вышэйсказанае значыць, што фармальна аб’яднанне Беларусі адбылося амаль праз два месяцы пасля «вызвалення». А фактычна – яшчэ пазней! Праз колішнюю савецка-польскую мяжу не зрабілі вольнага перамяшчэння. Яна ахоўвалася войскамі НКУС і пагранічнікамі. Перасекчы яе можна было толькі па пропусках або нелегальна. Людзі мелі большую магчымасць перасякаць былую савецка-польскую мяжу толькі пры нямецкай акупацыі, да якой захоўваўся даваенны стан з жорсткім кантролем той мяжы.

Будучая дэмаркацыйная лінія паміж СССР і Германіяй згодна з пактам ад 23 жніўня 1939 г.

Праз ліквідаваную мяжу паміж Беларуссю і Заходняй Беларуссю” так і не зрабілі вольнага перамяшчэння.

Паказальны прыклад прывёў у сваіх мемуарах Васіль Быкаў – ураджэнец Ушацкага, на той час прымежнага, раёна Віцебскай вобласці. Маці будучага пісьменніка восенню 1939г. наведала роднага брата, які жыў на тэрыторыі колішняй Польскай Рэспублікі. Удала пракраўшыся туды, яна вярнулася з харчам – прынесла мукі і бараніны для галодных дзяцей. Селянін-аднаасобнік пад панскім прыгнётам жыў лепей, чым яна, калгасніца.

Летам 1941г. пасля нападу Германіі на СССР мясцовае насельніцтва, якое ўцякала на ўсход, не прапускалі савецкія памежнікі! Нельга не працытаваць дзённік аднаго яўрэя, які адносна сваёй долі пісаў: «Как велико было горе тех, кто все же достиг советской границы! Тут по всей линии границы стояли пограничные войска НКВД и угрожали застрелить каждого, кто намеревался пересечь границу. Пропускали только тех, кто имел специальный пропуск или билет коммунистической партии. А так как пропуск нигде нельзя было получить – в воскресенье все учрежденья были закрыты, а в понедельник всюду уже была суматоха, – то число тех, кому удалось пройти дальше на восток, было крайне незначительным. Огромная масса людей должна была вернуться обратно. Их положение было ужасно. Идти обратно означало наверняка попасть в руки немцев, захвативших уже оставшееся пространство, а идти дальше почему-то не позволяли советские пограничные войска…» І яшчэ адно сведчанне: «Пока была Советская власть, Западная Беларусь была изолирована от всего мира. Даже граница между Восточной и Западной Белоруссией была закрыта и местным жителям запрещалось пересекать ее. Только после захвата Белоруссии немцы открыли границы и мы могли навестить родственников – как на востоке, так и на западе».

Ствараецца ўражанне, што былая савецка-польская мяжа ахоўвалася нашмат пільней за «першымі саветамі», чым да іх прыходу, калі яна перасякалася адносна немалой (як для мяжы паміж дзяржавамі-антаганістамі) колькасцю цікаўных паглядзець на «светлую будучыню», якая абарочвалася для іх нярэдка Сібір’ю ці горш. На гэтым гісторыя не закончылася. Вайна, распачатая ў верасні 1939 г., зрабіла яшчэ адзін круты віраж 22 чэрвеня 1941 г. Нядаўнія саюзнікі – СССР і Германія – сталі заклятымі ворагамі. Адпаведна дамоўленасці паміж імі страцілі сілу. Паводле логікі, землі польскай дзяржавы, якія былі ўключаны восенню 1939 г. у склад саюзных рэспублік, павінны быць вернуты Польшчы. На гэтым настойваў польскі ўрад у эміграцыі. Масква землямі дзяліцца не збіралася (хоць Чырвоная Армія летам 1941 г. імкліва адступала і страціла кантроль над тымі тэрыторыямі).

Цікава, што Англія ў 1939 г. даволі спакойна зрэагавала на далучэнне часткі Польскай Рэспублікі да СССР, але з пачаткам германа-савецкай вайны заняла бок Польшчы ў адстойванні ўсходніх зямель (хоць і падружылася з СССР супраць Гітлера). Такім чынам, ішоў актыўны розыгрыш рэгіёна ў геапалітычнай гульні, а яго канрэтных вынікаў яшчэ доўгі час не было бачна. Урэшце саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі дамовіліся, што заходнебеларускія і заходнеўкраінскія землі пасля заканчэння вайны вернуты Польшчы не будуць. Замест гэтага да польскай дзяржавы далучаць нямецкія тэрыторыі. Але Сталін тады ўсё-такі падзяліўся Беласточчынай, дзе пражывала некалькі соцень тысяч беларусаў. Пасля дробных удакладненняў пасля вайны была сфарміравана мяжа Беларусі як савецкай рэспублікі, якая сёння з’яўляецца дзяржаўнай.

У выніку такіх бурлівых падзей 1939 – 1945 гг. БССР павялічыла свае межы без малога ў два разы. Аднак многія забываюць, што 1939 год не быў часам канчатковага вырашэння пытання пра тэрыторыю БССР. Да канца вайны існавалі варыяцыі межаў Савецкай Беларусі. Прывядзём у якасці падагульнення галоўныя:
— найперш згадаем, што Крэмль адразу пачаў дзяліцца заходнебеларускай тэрыторыяй (аддаў Літве Вільню і прылеглую да яе тэрыторыю, дадаўшы да гэтага падарунка ладны кавалак яшчэ і восенню 1940 г. – калі Літва стала савецкай);
— усю вайну Польшча прэтэндавала на даваенныя “паўночна-ўсходнія крэсы” і Беласточчыну -такі змагла адстаяць;
— пад канец вайны Масквою разглядалася магчымасць уключэння Полаччыны ў склад РСФСР;
— у той жа час існавалі і слабыя ідэі павелічэння БССР за кошт Расійскай Федэрацыі (Смаленск, часткі Бранскай і Пскоўскай абласцей тады яшчэ не страцілі сваю этнічную беларускасць), але Масква не аддала іх Беларусі, лёгка крэслячы ў той жа час межы іншых рэспублік.

Таму 17 верасня ў гэтых падзеях – этап, на якім яшчэ не было відно ніякіх вынікаў. Канчатковы лёс краіны і пытанне, ці быць разам распалавіненаму беларускаму народу, вырашыўся толькі ў 1945 г.

Новости

Из рубрики
Top