search

17 верасня 1939г. – пачатак добраахвотнага вызвалення ад цвярозасці

Гэты дзень мы памятаем з падручнікаў гісторыі як дзень уз`яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. Але гэты дзень можна назваць адметным і таму, што з гэтага часу пачынаецца «добраахвотнае вызваленне» нашай тэрыторыі ад цвярозасці, у тым ліку і нашага раёна. Менавіта з гэтага часу беларусы пачалі паступова, але няўхільна співацца. Аб падзеях таго часу раскажуць самі жыхары Заходняй Беларусі.

Мне часта даводзіцца чуць, што, маўляў, у нас заўсёды так пілі да пакатунку: і пры паляках, і пры саветах, і пры немцах. І мне захацелася высветліць, ці так гэта. Нядаўна мне ў рукі трапілі ўспаміны жыхароў Заходняй Беларусі, запісаныя ў 2012 годзе групай гісторыкаў падчас экспедыцыі ўздоўж былой польска-савецкай мяжы. І ў гэтых успамінах, апісваючы прыход вызваліцеляў, відавочцы тых падзей заўсёды ўзгадваюць і тое, што прынесла з сабою «вызваленчая» армія.

І меркаванні ніяк не ўпісваюцца ў карціну, якую шмат гадоў малявалі пры саветах. А прынесла яна галечу – бо крамы былі «вызваленыя» ад «панскай сытасці», з паліцаў знікла абсалютна ўсё: запалкі, соль, прадукты харчавання, сукенкі, шкарпэткі і нават гадзіннікі. А першае, што з`явілася на пустых паліцах крамаў, дык гэта гарэлка – амаль увесь асартымент, які прапанавала савецкая ўлада.

Прапаную вашай увазе некаторыя запісы вышэйзгаданых успамінаў жыхароў Заходняй Беларусі.

Чарнова Вера Фёдараўна, 1928 г. н., г. Гродна: «Бедота приехала. Хлынула в эти магазинчики остатка. Брали, покупали до основания… Что появилось в магазинах? Подушечки, водка и чулки голубые и коричневые с хлопка,  – и всё. Остальное всё исчезло. И только кто что имел, донашивали. И началась спекуляция. Где привозят с Прибалтики (…) И начались облавы. Ловят этих спекулянтов. Всё на моих глазах. (…) Продавали. Самогонку надо гнать. Дрожжи продавали. Начали ловить. И они эти дрожжи кинули в туалет. Итог – начал туалет бушевать (смяецца). И всё вылилось на базар (Сянны рынак). Город хохотал до слёз».

Мужчына, 1930 г. н., в. Леніна:                  «… Прыйшлі рускія, у каждай дзярэўні магазін построілі. Завалілі водкаю… А яшчэ былі бочкі сырца (спірту) (…) Чаго яшчэ яны прывязлі нам? Чуні рызінавыя. Казалі: «Слава Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну». (…) Пачалі ў нас мужыкі і гарэлку гэту піць. А папярос валам! (смяецца) (…) Прыйшлі рускія, ды і ўсё. Як яны гаварылі: асвабадзілі ад польскага ярма. Гэта таму, што на валоў ярмо надзявалі».

Генавефа Шчучка (Іватовіч), 1918 г. н., в. Дуброўшчына, Пастаўскі раён: «Як прыйшлі «вызваліцелі» – навучылі гарэлку гнаць. Тады жартавалі, што літовец абараняецца, за зброю ўзяўся, а беларус за брагу – і ў кусты: гарэлку гнаць. А як прыйшлі саветы, нарабілася п`яніц, і зараз п`яніцы паўсюль. А пры паляках тады было вельмі строга, бо калі даведаюцца, прыціснуць, прыпільнуюць. Нават і чутак не было, каб хто самагонку дзе меў».

Апроч таго, алкаголь пры паляках быў даволі дарагою раскошаю, і пагэтаму простыя сяляне не заўсёды маглі сабе дазволіць такое задавальненне, як гарэлка. А калі і выпівалі, дык толькі пры вялікай нагодзе: на вяселлях, хрысцінах альбо хаўтурах.

Мар`ян Бумбліс, 1926 г.н., г. Паставы: «Пры Польшчы злот – гэта бутылка водкі. Два злотых – гэта кілаграм сала, два злотых – гэта кілаграм масла… Цяпер сонца вунь ажно дзе, а ён яшчэ пахмяляецца. Кепска пасля ўчарашняга, дык сёння не пойдзе на работу. А працавалі людзі… божа, божа, як працавалі.»  

Алена Новік (Грыцкевіч), 1927 г. н., г. п. Любча: «А ў нас калі гарэлка пайшла? У 39-м годзе. Да 39-га там кручок быў, грам 100, такі тоненькі. Паўлітра, чакушка 250г і літар. Літар гарэлкі каштаваў пуд хлеба. Пуд – гэта 16 кілаграмаў, трэба было два злотых заплаціць. Карова каштавала 50 злотых. Яйцо, як цяпер помню, каштавала тры грошы летам. Ну, зімою будзе больш – тры капейкі. І ўсё… людзі не пілі. На вяселлі сядуць, дзве румкі перадаюць адзін аднаму. Тры разы па кругу абняслі, паблагаславілі і паехалі. Я п`яных у вёсцы не бачыла. П`янымі не то жанчын, мужчын не бачыла. Ніхто не напіваўся. А ў 39-м як началі гнаць гэту гарэлку… Бацька мой не гнаў, але ўсё роўна аддаваў. Там не знаю сколькі, але ўсяраўно за пуд 6 літраў ці што. Самім ўжэ брага аставалася. І гэтак усягда. А парцізаны, парцізаншчына – далей яшчэ болей сталі гнаць. Пастаўкі ні туды ні сюды, і гэта самагонка шмат губіла і партызан, і немцаў – усіх. Бо як панапіваюцца …  

А ў 39-м, як прыйшлі саветы, усе чакалі, ажно раты параззяўлялі: манна з неба будзе сыпацца. Ажно тая манна горкая сыпнулася.»  

Часам перад вечарынай хлопцы ўжывалі гарэлку (самагонку). Аднак ужывалі няшмат, бо гарэлка дорага каштавала, да таго ж лічылася непрыстойным прыйсці на танцы на моцным падпітку.

Раслевіч Любоў Уладзіміраўна, 1932 г. н., в. Стуканы, Глыбоцкі р-н.: «Выпівалі мальцы на танцах, але чацвяртушку якую, бутылку ўдваіх. Гэта ж не было віна, водка белая ж была дарагая, а бацька ж не дасць грошы: калі ён прадаў пуд зярна, нада ж купіць сыну бацінкі ці касцюм, дачка сёлета замуж пойдзе. Болей сваю гналі з хлеба, з зярна. Даўней п`янага не ўбачыш, толькі запах пачуеш. Сколькі ён там вып`ець, чацвяртушку на дваіх – герой».

Новости

Из рубрики
Top