weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Святы ў Начы і Круговічах

Аднымі з першых у раёне святы вёсак адзначылі жыхары Начы і Вялікіх Кругавіч. Як спрадвеку заведзена, начанцы гулялі 19 жніўня на свята яблычнага спасу, а кругаўцы ў гэтым годзе, як у народзе кажуць, зрабілі папраўку на вецер, і адзначылі свята вёскі ў выхадны дзень 21 жніўня.

Як адным, так і другім  пашанцавала на надвор’е. Нябесная канцылярыя так распарадзілася, што на дварэ было цёпла. Гэта дало магчымасць вяскоўцам адпачыць з размахам.
На Спас  Нача пяе і скача

Што характэрна для Начы, то там святкавалі цэлы дзень. Старэйшыя людзі з самага ранку ішлі прыбраныя ў царкву. Апоўдні стаў ажываць цэнтр вёскі. Культработнікі заўзята прыбіралі да мерапрыемства клубны двор: афармлялі выставу кніг мясцовых пісьменнікаў, расстаўлялі лаўкі для гледачоў, сталы для прыхільнікаў юшкі. Руху паддавалі беларускія песні, якія грымелі з калонак каля клуба і разносіліся па ўсёй вёсцы. Пачуўшы вясёлыя акорды, вяскоўцы збіраліся каля клуба. На свята прыехала моладзь з іншых вёсак – Лактышоў, Круговіч, Гуты, Вострава. Прыйшлі на мерапрыемства таксама родныя і блізкія вяскоўцаў, якія прыехалі ў вёску  ў госці. Такім чынам, на свяце сабралася больш за сотню чалавек.

Па словах мясцовых жыхароў, гэта і не дзіўна, бо гісторыя святкавання цягнецца з даўніх часоў. “Яшчэ нашы продкі ў гэты дзень выходзілі на фэст, бо спас лічыцца прастольным святам нашай царквы”, – расказала Марыя Цеўрызава. Па яе словах, спакон вякоў многія карэнныя начанцы прыязджаюць у гэты дзень у родную вёску на свята. А каб госці не сумавалі, работнікі клуба прапануюць гасцям цікавыя конкурсы.
Напрыклад, такія, як розыгрыш латарэі. Праўда, суперпрызоў, як раней, ужо не разыгрываюць. Эканамічны крызіс так наступіў на горла калгасам, што няма ў іх “лішніх” парасят, якіх можна было б прэзентаваць на розыгрыш. Як кажуць работнікі культуры, добра што яшчэ зерне ды цюкі саломы даюць. Гэтакія прызы заўсёды даспадобы мясцовым жыхарам. А калі салому ці мяхі зерня выйграе моладзь, то яна без перашкод збывае каштоўны тавар вяскоўцам.

Напрыклад, у гэтым годзе па цюку саломы ў латарэю выйгралі прыезджыя госці Марына Рабцэвіч і Ігар Герман. Не прайшло і паўгадзіны, як хлопец збыў цюк некаму з вяскоўцаў, бо самому такі прыз не патрэбен. Юнак жыве ў Ганцавічах, а пакуль адпачывае ў бабулі ў Гуце. Акрамя саломы, хлопец затарыўся яшчэ і зернем. Мех аўса Ігар атрымаў за перамогу ў конкурсе волатаў. Ён 80 разоў падняў над галавой цяжкую калоду і заслужыў тытул самага дужага мужчыны.

Цывільныя прызы, сярод якіх былі не толькі зерне, але мыла, крэмы, вафлі, салатніцы, атрымалі амаль усе ўдзельнікі розыгрышу. Астатнія госці атрымалі асалоду ад прыгожых песень ў выкананні галасістых вяскоўцаў Аляксандра і Наталлі Завадскіх, Елізаветы Мышкавец і начаўскага “салаўя” Леаніда Пісарыка. Ад задушэўных мелодый станавілася так лёгка на сэрцы, што пасля заканчэння мерапрыемства госці не спяшаліся разыходзіцца, а заставаліся паспрабаваць юшкі. Нацкая юшка – гэта ўжо мясцовы брэнд, без якога не абыходзіцца ні адно свята. Традыцыю па прыгатаванні рыбацкай стравы пачалі ўкараняць і жыхары Кругавіч, якія адгулялі свята вёскі праз дзень пасля начанцаў.

Кругаўцы таксама малайцы
Хто бывае на свяце кожны год, той пагодзіцца, што сёлета ў Вялікіх Круговічах было наладжана грандыёзнае свята. Дзякуючы звонкім галасам вакальнага калектыву “Крушына”, які прыехаў з Баранавіцкага раёна, беларускія песні грымелі на ўсю вёску на працягу ўсяго мерапрыемства. Людзей сабралася шмат, як ніколі. І каб пазабаўляць кожнага госця, арганізатары вызначылі самага спрытнага чалавека. Ім аказаўся жыхар в. Кукава Васіль Лелес. Мужчына з лёгкасцю залез на слуп і дастаў пакунак з бутэлькай гарэлкі. Хоць удзел у конкурсе быў платны, па 5000 рублёў, Васіль узлез на слуп яшчэ раз і дастаў з яго вяршыні пакет з новым вядзёркам. Узрадаваны выйгрышам госць сказаў, што ў гаспадарцы спатрэбіцца і гэтакі падарунак.

Шмат яшчэ прызоў культработнікі разыгралі падчас імгненнай латарэі, якая выйшла 200 тыражом коштам 5000 рублёў. У якасці выйгрышаў людзі атрымалі зерне, рулоны саломы і сена і шмат іншай патрэбнай у гаспадарцы дробязі. У каго засталіся грошы, той пасля латарэі закупляў эксклюзіў  на мясцовым аўкцыёне. Самым актыўным пакупніком аказаўся прыезджы хлопец Сяргей, які працуе галоўным рыбаводам рыбгаса «Лактышы» і жыве ў Кругавічах. Шчодры юнак прыдбаў сабе на аўкцыёне набор крыштальнага посуду, халадзільную і маразільную камеру для захавання яек (якімі назвалі звычайныя трусы) і іншыя важныя для добрага гаспадара прылады.

Дарэчы, заслужаныя прызы і граматы ад сельскага Савета атрымалі найлепшыя гаспадары вёскі, якія штогод дбайна добраўпарадкуюць свае сядзібы. У ліку іх Зінаіда Гайцюкевіч, Таццяна Дунчык і Алена Лелес.

Арганізатары мерапрыемства адзначылі таксама і добрых працаўнікоў калгаса, работнікаў адукацыі, гандлю. У падарунак для перадавікоў і ўсіх гасцей свята гучалі песні ў выкананні прыезджых артыстаў. А для ладнага адпачынку на свяце працавала карчма, дзе кожны наведвальнік мог за 6000 рублёў паласавацца шашлыкамі, мядовымі блінамі, выпіць чарку, закусіць агурочкам і шкваркай. Попытам карысталіся усе ласункі. Вяскоўцы гулялі і весяліліся. «Ну такога шыкарнага свята ў нас даўно не было. Так добра адпачываць, што і дамоў ісці не хочацца», – сказала адна з жыхарак вёскі. І сапраўды, многія прадоўжылі гулянне ў мясцовым кафэ.

Новости

Из рубрики
Top